Пра літаратурную творчасьць (чэрвень 2015)
— Мне зусім ня пішацца, таму я так мала напісала. Пішу, пераломваючы сябе праз калена. Найменш траўматычна пішацца на кухні пры збанку кавы. Па-мойму, я ўвогуле не пісьменьніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літанкета Свабоды: Сьвятлана КурсПра сваю працу з пажылымі людзьмі ў Варшаве, чыёй апякункай яна стала ў часе пандэміі каранавірусу (травень 2020)
— Як пісьменьніцы мне гэта дало вельмі шмат. Па-першае, разгрузіла мяне ад страхаў. Калі ты ідзеш на сустрэчу з сваім найвялікшым страхам, то перастаеш баяцца. У старасьці і сьмерці няма нічога непераадольнага, таму што іх можна разьбіць на кавалкі і задачы, і кожную вырашаць. Ва ўсіх ёсьць рытуалы — адны кураць, другія п’юць каву, трэція ядуць пірагі з гарбатай. Наколькі тваё цела слабае, гэта няважна, яны ўсё роўна выконваюць гэтыя рытуалы і жывуць.
Мне забаўна чытаць у Фэйсбуку, калі маладыя людзі пішуць, што я б сябе лепш забіў, толькі б ня быў такім бездапаможным. Але старасьць не прыходзіць раптоўна. Старасьць прыходзіць, як зіма. Тэмпэратура ўвесь час зьніжаецца, ты ўвесь час мяняесься, і ты думаеш, што вось сябе забʼеш, але на самой справе ты сябе не забʼеш, таму што ты вельмі будзеш хацець жыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У старасьці і сьмерці няма нічога непераадольнага». Як беларуская пісьменьніца стала апякункай для старых палякаўПра беларускія пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў (жнівень 2021)
— Беларусы праз агромністую, крывавую працу і трагедыю набываюць сваю ўласную гісторыю, годную іх, беларусаў. Гісторыю, дзе яны не гарматнае мяса для ваколічных імпэрыяў, а змагары, будаўнікі свайго лёсу, дому і тоеснасьці. За гэта даводзіцца вельмі дорага плаціць.
Часам ёсьць паняверка і ўражаньне, што мы выконваем сызыфаву працу. Гэта ня так. Калі зірнуць на гісторыю паўстаньня іншых эўрапейскіх нацыяў, мы ўбачым тое ж самае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларускі сьвет падзяліўся канчаткова і назаўсёды». Пісьменьнікі пра беларускую рэвалюцыюПра ролю жанчын у беларускім грамадзтве
— Жаночыя заслугі прызнаюцца толькі тады, калі яны ў некалькі разоў перасягаюць аналягічныя заслугі мужчын. Я зараз не пра сябе гавару, не пра сваю прэмію, я гавару пра тэндэнцыю. Як сказала нейкая фэміністка, жанчыне трэба ў 10 разоў болей зрабіць, каб дасягнуць таго ж самага, што мужчына на яе ўзроўні.
З другога боку, я даўно адчувала, што адыходзяць гэтыя патрыярхатныя каштоўнасьці, увесь гэты мачызм, калі ёсьць пахан, павіян, які ўсімі камандуе, усіх гвалціць і раздае заданьні, а ёсьць ягоныя пахолкі і слугі, а ёсьць яшчэ найніжэйшы ўзровень — жанчыны, якія проста рэсурс. Гэты патрыярхат сваё аджыў. Мы ўвесь гэты павіянавы статак маем у выглядзе нашага рэжыму, дзе ёсьць нібыта мача, ёсьць ягоныя пахолкі і ёсьць тыя, каго яны жаруць (рэсурс), і гэта ўжо больш не працуе. Гэта неэфэктыўна, немагчыма без істотнай, мэтаскіраванай падтрымкі звонку.
Гэта толькі пытаньне часу. Я ўпэўненая, што ў нас у краіне будзе так, як цяпер у Скандынавіі. Нядаўна бачыла карцінку зь Фінляндыі, дзе чатыры галоўныя міністры — маладыя 30-гадовыя жанчыны з найвышэйшай адукацыяй, прыгожыя, пры гэтым выглядаюць ня фіфамі, а нармальнымі, хатнімі дзяўчатамі, нармальнымі людзьмі; яны інтэграваныя ў працэс, якім кіруюць, — у эканоміку, адукацыю, мэдыцыну і ўрэшце ў сілавыя структуры. І мне гэта надае крылаў, я веру, што ўсё будзе добра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Мы не Папялушкі, мы рэальная сіла». Якая цана ўдзелу жанчын у беларускай рэвалюцыі?Пра стаўленьне да Расеі і расейскай культуры (сакавік 2022)
— Мне тут успамінаецца біблейская прыпавесьць, што горад уратуецца, калі ў ім ёсьць хаця б два праведнікі. Але гэтае правіла для Бога. Для чалавека гэтага правіла няма. У чалавека ёсьць права на поўнае адпрэчваньне, поўную нянавісьць. Калі ён гэтую нянавісьць кантралюе, не жадае ісьці на Расею з напалмам, але жадае справядлівасьці, жадае адвярнуцца ад гэтай краіны, гэтай культуры і гэтага народу. У мяне такое права ёсьць. І я думаю, што я ад іх адвярнулася назаўжды.
Калі я бачу, што яны вытвараюць з Марыюпалем. Тыя людзі, што ў разбомбленым тэатры, яны ўсё яшчэ пад заваламі. І расейцы не дазваляюць выкапаць іх адтуль. Вы сабе ўяўляеце, як гэта, паміраць у абдымках сваёй мёртвай маці, як 6-гадовая Таня некалькі дзён памірала ў абдымках трупа сваёй маці? Вось гэтага я дараваць не магу і не зьбіраюся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мне цяжка перастаць жадаць гібелі ўсёй Расеі, — Сьвятлана КурсПра тое, што на цырымоніі ў Варшаве з нагоды 160-годзьдзя пачатку паўстаньня 1863 году не згадалі беларусаў (студзень 2023)
— Я глыбока расчараваная і абражаная тым, што ўчора нашаму народу не далі слова сказаць і вянок пакласьці на сьвяткаваньні 160-годзьдзя нашага агульнага паўстаньня. Нібыта наша слова, наша кроў і наша сьмерць нічога ня вартыя.
Гэта было зроблена, я падазраю, на запыт украінскай дзяржавы. Я разумею іх горыч і боль. Але не прымаю і не прыму таго, што нам, нашчадкам Яські, гаспадара з-пад Вільні, адмаўляюць у гонары.
Таму што ў турмах і магілах і цяпер дзясяткі тысяч нашых змагароў. А іншыя ў туляньні, бяздом’і, паняверцы, адрэзаныя ад Бацькаўшчыны і сям’і, ад сваіх бацькоў старых, якіх ня могуць дагледзець і пахаваць.
Але ведаеце што? Мы і гэта зьнясем з годнасьцю і стойкасьцю, бо мы разумныя, гордыя і стойкія, закаханыя ў свой край і ў агульную чалавечнасьць. І мы можам дзяліць волас начацьвёра.
Я ганаруся ня тым, што нарадзілася беларускай — бо мы таго не выбіраем — а тым, што я сто тысяч разоў выберу ёй быць.
Жыве Беларусь. Памятайма нашых герояў і гераінь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я не прымаю адмовы нам у гонары». Вядомыя беларусы адрэагавалі на словы Зяленскага з нагоды пачатку паўстаньня 1863 годуПра палёт у космас беларускі Марыі Васілеўскай (красавік 2024)
— Мы зараз знаходзімся пад падвойнай акупацыяй — рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і Расеі. І расейцы нам, як сваім «меншым братам», хочуць зрабіць ласку і выпраўляюць нашу дзяўчыну ў космас. І тут мы выбіраем — ганарыцца гэтым ці не ганарыцца. Я выбіраю — ганарыцца. Але не забываю, што гэта панская ласка з панскага пляча. Яны забралі ў нас свабоду, магчымасьць разьвівацца. Замест гэтага далі два тыдні ў космасе адной прадстаўніцы беларускага народу. А ў гэты час сотні і тысячы жанчын сядзяць у маленькіх камэрах, — халодныя, галодныя, бяз сродкаў гігіены, прыніжаныя. І мне гэты «абмен» не падабаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Усіх прыхільнікаў Лукашэнкі ня выправіш, як Васілеўскую, у космас», — пісьменьніца Сьвятлана КурсПра прыход Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе (жнівень 2024)
— Для мяне гэта была чаканая катастрофа. Я тады была ў БНФ, мы займаліся нізавой палітычнай дзейнасьцю, разносілі ўлёткі, працавалі ў якасьці даверанай асобы Зянона Пазьняка, хадзілі па хатах. Мы бачылі настроі грамадзтва. Гэта тое самае, калі на цябе нясецца цягнік альбо цячэ цунамі. Тады ў чалавека замаруджваецца рэакцыя, бо ў цябе няма магчымасьці гэта спыніць. Я бачыла, што гэта цунамі ідзе.
Мы прыходзілі ў дом ад Акадэміі навук, дзе жылі хімікі і фізыкі, высокапастаўленыя навукоўцы. І яны падпісваліся за Лукашэнку. Ува мне ўсё проста крычала. Мне хацелася сказаць: «Дарагая, ты кандыдат навук у фізыцы, я бачу, у цябе шмат кніжак. Але чаму ты такая разумная і такая тупая адначасова?» Гэта ж трыкстэр у клятчатым касьцюме, ён усіх прадасьць, і нас чакае невядома што.
І я памятаю, як стары чалавек сказаў: «Я прагаласую за Кебіча, бо знаёмы д’ябал лепшы за незнаёмага».
Я памятаю, я сьніла кашмары перад другім турам. І калі б я тады ведала, што нам давядзецца жыць у гэтым 30 гадоў, я б, напэўна, ня выжыла. Гэта вялікае шчасьце — ня ведаць сваёй будучыні. Мы ж доўгі час думалі, што гэта ненадоўга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Калі б я тады ведала, што нам давядзецца жыць у гэтым 30 гадоў, я б, напэўна, ня выжыла». Сьвятлана Курс пра выбары ў 1994-мПра радасьць жыцьця нават пасьля прыходу цяжкай хваробы (студзень 2026)
— Увогуле чалавек — гэта такая студня і капальня, што ён сабе радасьці знойдзе ва ўсім. Зараз я вельмі хачу паехаць у цэнтар Варшавы і паглядзець на калядныя ўпрыгожаньні. Я жыву разам з усімі людзьмі, адчуваю тое, што іншыя людзі і мае сучасьнікі. Людзі так баяцца вайны і, жывучы ў гэтай тэме, яны ўсё пышней і пышней стараюцца ўпрыгожваць каляды ваенныя. Я раней думала, як гэта ў Рэмарка ці ў іншых вайсковых успамінах — пра Варшаўскае паўстаньне, пра Беларусь пад акупацыяй, як гэта людзі маглі кахаць, нараджаць, гуляць, піць, вясельле сьвяткаваць і гэтак далей. А цяпер я гэта ўсё зразумела.
І адчуваньні вастрэйшыя, і радасьці вырастаюць у вялізным памеры, бо тое, што мы бачым, — гэтыя цені — яны вельмі высокія, вельмі чорныя. І вось ты пачынаеш параўноўваць сваё жыцьцё. Нават у самыя горшыя моманты, калі я хварэла, і памірала нават некалькі разоў, то ўспамінала, што хаця б паміраю сярод прыязных людзей на белых прасьцінах і ўсе стараюцца мне дапамагчы. А ёсьць украінскія ваеннапалонныя і ёсьць беларускія палітвязьні. Я заўсёды малюся за душу той 39-гадовай дзяўчыны, адзінай дачкі старой няшчаснай маці, якую фактычна дабілі ў турме. У яе быў ракавы дыягназ, яе выпусьцілі толькі памерці. Яна пажыла на свабодзе пару месяцаў дый памерла. Вось за іх я малюся. І на фоне гэтай чарнаты маленькія радасьці выглядаюць вельмі значнымі.