Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усіх прыхільнікаў Лукашэнкі ня выправіш, як Васілеўскую, у космас», — пісьменьніца Сьвятлана Курс


Марына Васілеўская, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Курс, каляж
Марына Васілеўская, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Курс, каляж

Палёт у космас беларускі Васілеўскай — посьпех краіны і народу, ці — толькі піяр Лукашэнкі? Ці варта дзякаваць Расеі за гэты касьмічны палёт? Чаму стаўленьне да касьмічнай экспэдыцыі Васілеўскай падзяляе беларусаў?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае пісьменьніца Сьвятлана Курс.

Сьцісла:

  • Палёт Васілеўскай падвышае пазнавальнасьць Беларусі ў сьвеце — гэта станоўчы момант.
  • Ні вялікага гонару, ні сораму за гэта многія не адчуваюць.
  • Беларусам няма за што быць удзячнымі Расеі.
  • Беларускія сваркі — гэта пераважна сваркі за пусты мех.
  • Усе прыхільнікі Лукашэнкі, адрозна ад Васілеўскай, у космас ня выправяцца.

* * *

— Беларуска Марына Васілеўская правяла два тыдні на міжнароднай касьмічнай станцыі і пасьпяхова вярнулася на Зямлю. Беларусы спрачаюцца: ці варта ганарыцца Марынай, яе палётам? Гэта посьпех краіны і народу — ці адно піяр Лукашэнкі? А як лічыце вы?

— Я лічу, як казалі нашыя продкі: з паршывай авечкі хоць воўны клачок. Мы зараз знаходзімся пад падвойнай акупацыяй — рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і Расеі. І расейцы нам, як сваім «меншым братам», хочуць зрабіць ласку і выпраўляюць нашу дзяўчыну ў космас. І тут мы выбіраем — ганарыцца гэтым ці не ганарыцца. Я выбіраю — ганарыцца. Але не забываю, што гэта панская ласка з панскага пляча. Яны забралі ў нас свабоду, магчымасьць разьвівацца. Замест гэтага далі два тыдні ў космасе адной прадстаўніцы беларускага народу. А ў гэты час сотні і тысячы жанчын сядзяць у маленькіх камэрах,— халодныя, галодныя, бяз сродкаў гігіены, прыніжаныя. І мне гэты «абмен» не падабаецца.

Можа, я калі-небудзь і буду Васілеўскай ганарыцца. Але калі гэтая расейская калымага перакуліцца, яны будуць нас папракаць: як жа так, браты, мы ж вас у космас запусьцілі, мы вам АЭС пабудавалі, кармілі вас, давалі шмат гадоў крэдыты, якія амаль не вярталіся. А вы, такія няўдзячныя, ад нас уцякаеце. Яны зараз гэтак жа папракаюць краіны Балтыі ці краіны Цэнтральнай Азіі. Вось такія ў мяне складаныя пачуцьці. Але пабывала беларуска ў космасе — гэты факт нікому ня шкодзіць.

— Беларуская ўлада і раней часам выкарыстоўвала посьпехі вядомых беларусаў, якія пры гэтым выказвалі ёй ляяльнасьць. Але, скажам, Сабаленка, Мірны ці Домрачава дасягнулі посьпеху дзякуючы сваім талентам, а не ляяльнасьці. А Васілеўскую адабрала ўлада, адабраў Лукашэнка. Дык ці варта беларусам ганарыцца выбарам Лукашэнкі?

— Ня толькі Лукашэнка яе выбраў. Яе выбраў і яе стан здароўя. Паляцець у космас — гэта ня тое самае, што на канапе паляжаць. Да таго ж усё, што падвышае пазнавальнасьць нашай краіны, нам выгадна. Паляцела беларуска ў космас — можа, у кнігу Гінэса ўвойдзе, будзе такая цікавостка, будзе ўзьнімаць імя нашай краіны ў сьвеце. З такой нягеглай авечкі хоць воўны кавалак. Вялікага гонару я за гэта не адчуваю, але і сораму — таксама. У мяне чыста ўтылітарны, цынічна-апартуністычны падыход. І я не зьбіраюся быць камусьці за гэта ўдзячнай.

— Падрыхтоўку да палёту Васілеўская праходзіла ў межах расейскай праграмы касманаўтаў, ляцела на станцыю яна на расейскай ракеце. Лукашэнка расказаў, што падрыхтоўка і палёт Васілеўскай каштавалі б Беларусі 70 мільёнаў даляраў, але Пуцін — шчодрая душа — узяў выдаткі на расейскі кошт. Дык дзякуй Расеі і Пуціну за гэты беларускі посьпех?

— А расейцам мы ня маем за што быць удзячнымі.

— А калі б гэта была амэрыканская касьмічная праграма, амэрыканскі карабель, амэрыканскі капітан, і зь імі паляцела беларуска Васілеўская — было б за што быць удзячнымі ЗША?

— Так, было б. Бо Амэрыка на нашых землях не займаецца тым, чым займаецца Расея. Тым, хто зьнішчае нашу краіну, хто падтрымлівае ў нас людажэрны рэжым, няма за што быць удзячнымі. Гэта занадта высокая цана за палёт у космас. Нам патрэбна свабода. Як кажа мой сябра Сяргей, узялі Дзюймовачку, абламалі ёй ручкі і ножкі, пасадзілі ў гаршчок і паліваюць вадзічкай. Расьці, Дзюймовачка, вялікай і магутнай, а ручкі і ножкі ў цябе ня вырастуць. Вось як выглядае гэтая «дабрыня». Калі ў нацыі адбіраюць права і магчымасьць самой вырашаць, што і калі ёй рабіць — ляцець ці не ляцець ёй у космас, як ёй разьмяркоўваць свой бюджэт. Мы гэтым не распараджаемся. Гэтым распараджаюцца Расея і Лукашэнка. Нам такія падарункі не патрэбныя. Нам патрэбныя нашыя ручкі і ножкі, наш уласны бюджэт, наша свабода і магчымасьць вырашаць свой лёс.

— Калі ў космас паляцеў Гагарын, дык радаваўся ўвесь сьвет, не адно савецкія людзі — першы чалавек у космасе. Калі амэрыканцы высадзіліся на Месяцы, таксама быў гонар за гома сапіенс. Але потым... Беларусы ў космас ужо лёталі — Клімук, Кавалёнак, Навіцкі. Кавалёнак і Клімук лёталі ў савецкія часы. З Навіцкім — беларусам паводле паходжаньня, але расейскім грамадзянінам — Васілеўская зараз якраз і паляцела. Аднак яна — першая грамадзянка незалежнай, сувэрэннай Беларусі, якая пабывала ў космасе. І дзяржаўная прапаганда гэта шалёна паўтарае. Можна сказаць: і што з таго? Ці гэта ўсё ж важна?

— Я ня маю права гаварыць за ўвесь народ. Мне здаецца, што беларусы — дастаткова зямны народ. Нам была б зямелька, дзеткі каб гадаваліся, каб быў свой кут. Мары ў беларусаў вельмі канструктыўныя. Я гляджу, як за мяжой самарэалізоўваюцца тыя, хто быў сагнаны з роднай зямлі. Усе беларускія бізнэсы за мяжой абапёртыя на зямлю, яны служаць людзям і працуюць на людзей. Такое я маю ўяўленьне пра свой народ, я сама такая. Валянцін Акудовіч мае такую ж думку пра беларусаў. Ён казаў, што для беларуса самае галоўнае — гэта зямля і дзеці. Лукашэнка наконт гэтага палёту Васілеўскай сказаў: цяпер мы з лапцёў пяройдзем на нармальны абутак. А мы сябе ў лапцях і не адчуваем. Я не адчувала сябе ў лапцях, бо я — спадчыньніца вялікай культуры і вялікай гісторыі,— і ВКЛ, і Рэспублікі Беларусь, і свабоднай Беларусі, якая ў 1918 годзе здабыла свабоду крывёй. І каб адчуць сябе ў дарагіх ботах, а не ў лапцях, мне ня трэба ляцець у космас.

— Не рабіў кантэнт-аналізу, але наўскідку бачу, што ў ліку маіх фрэндаў у ФБ сярод тых, хто ганарыцца палётам Васілеўскай, пераважаюць усё ж прыхільнікі Лукашэнкі, а сярод тых, хто абыякавы ці нават лаецца, — яго апанэнты. Што гэта гаворыць пра беларускае грамадзтва?

— Гэта звышрэакцыя, overreaction. Гэтая жанчына нікому нічога кепскага не зрабіла. І тое, што яна паляцела разам з расейскім касманаўтам і амэрыканскай астранаўткай, не гаворыць пра яе ані кепска, ані добра. Я віншую яе з добрай фізычнай формай, што яна годна прайшла гэтае выпрабаваньне. Я думаю, што гэта ня фунт мёду. Нягледзячы на гэтыя цяжкія часы, на тое, што мы ўсе паламаныя псыхічна, трэба памятаць пра кошты і не сварыцца за пусты мех. Гэтыя беларускія «срачы» — гэта пераважна сваркі за пусты мех. І гэтая overreaction — гэта вынік таго, што людзі моцна пацярпелі. Я сябе з гэтага кола таксама не выключаю. Да ўсяго трэба ставіцца з разуменьнем. У Марыны імя прыгожае, прозьвішча, і сама яна нішто сабе. Няма чаго на яе бочкі каціць. І няма чаго сварыцца за пусты мех нават з той часткай беларускага грамадзтва, якая выступае за рэжым Лукашэнкі. Таму што нам зь імі жыць далей. Яны ў космас усе, у адрозьненьне ад Васілеўскай, не зьлятуць. Нават Марына вярнулася. Калі ўжо сварыцца, дык наконт нечага годнага.

— А вось уявіў сабе, што, скажам, Аляксандра Герасіменя паехала б на Алімпіяду і заваявала залаты мэдаль. Дык памяняліся б ролі: прыхільнікі Лукашэнкі яе б лаялі, а праціўнікі — лічылі гераіняй і гонарам краіны. Хіба ня так?

— Ну і што ў гэтым страшнага? Мы ж усе людзі, гэта ж вельмі чалавечае. Будзе здаровая сытуацыя ў краіне, ня будзе гэтых падзелаў. Мы нармальна жылі ў нашай краіне, і я памятаю гэтае нармальнае жыцьцё. Як толькі сытуацыя нармалізуецца, усё будзе добра. Я часта прыгадваю Генадзя Карпенку. Я яго ня вельмі блізка і ня вельмі добра ведала, але ён быў чалавекам справы і сьветлым чалавекам. І добрым гаспадарнікам. І такія людзі для мяне — прыклад нармальнасьці, разуменьня і працы над сабой.

— Вы сказалі — мы нармальна жылі. Але калега Віталь Цыганкоў у далёкім 2013 годзе напісаў блог «Ці абавязаны я ганарыцца Азаранкай?» Пісалася наконт посьпеху праўладнай спартоўкі, пісалася ў вельмі вэгетарыянскія часы, калі не было тэрору і сотняў палітвязьняў. Але і тады сумневы ў калегі былі. Дык а калі ж былі тыя нармальныя часы, калі хаця б спартовае заўзеньне не падзяляла беларусаў? Гэты падзел не ў 2020 годзе ўзьнік.

— А чым кардынальна адрозьніваецца цяперашні рэжым ад таго, што быў у 2013 годзе? Проста стала страшней, акупацыя стала больш жорсткай. Пачынаючы з 1995 году добра не было, рэпрэсіі былі моцныя, людзі гінулі. І беларускасьць тады заціскалася і прыбівалася, а прарывалася толькі насуперак. А што тут новага? Нічога. А што тычыцца гонару, дык яго нічым не падробіш. Калі чалавек некім ці нечым ганарыцца — дык такое яго пачуцьцё. А няма такой эмоцыі — ну, значыць, няма. Непакрыўджаных людзей у Беларусі вельмі мала, шчасьлівых людзей вельмі мала. Я ведаю, што многія «слупы» існага ў Беларусі рэжыму моцна п’юць. Бо цяперашняя сытуацыя — нездаровая ні для іх, ні для нас. І ўсе ўздыхнуць з палёгкай, калі яна нармалізуецца. Ненармальна для людзей быць увесь час у напружаньні і злосьці.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG