Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта прыгожа, як агонь». Як дамаўляліся выдаць кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»

Каляж: Алена Казлова (зьлева), Сьвятлана Курс
Каляж: Алена Казлова (зьлева), Сьвятлана Курс

19 ліпеня памерла пісьменьніца Ева Вежнавец (Сьвятлана Курс). Пра яе ўспамінае Алена Казлова, выдаўчыня кнігі «Па што ідзеш, воўча?»

Учора раніцай мяне проста калаціла, я не магла знайсьці сабе месца, а па абедзе даведалася пра дрэнную навіну. Зь Евай Вежнавец для мяне зьвязаны важны этап майго жыцьця, праца ў маленькай, але магутнай жаночай камандзе.

Цяпер гэта факт гісторыі, як мы працавалі. У 2019 годзе, калі я перапісвалася зь Евай пра будучы бэстсэлер, у выдавецтва «Пфляўмбаўм», задуманага Сьвятланай Алексіевіч для падтрымкі пісьменьніц, была юрыдычная асоба ў Менску, але не было рэгістрацыі выдаўца, у якой нам адмаўляла міністэрства інфармацыі Беларусі, таму мы не маглі прысвойваць свой ISBN кнізе. І таму на тытульных старонках нашых кніг, выдадзеных у Беларусі, стаяць назвы іншых выдавецтваў, хоць мы рабілі ўсё кола выдавецкіх працаў, як звычайнае выдавецтва.

Я ўжо была даўняя прыхільніца пісьменьніцы Евы-Сьвятланы, калі прапанавала ёй выдаць кнігу ў «Пфляўмбаўм». Учора я нават не змагла дагартаць да пачатку нашай перапіскі зь ёю ў фэйсбуку, так даўно пра рознае мы перапісваліся. Напрыклад, мы абмяркоўвалі ранейшы яе раман, які існаваў у рукапісе, у якім яна расчаравалася і той ня выйшаў (у іншым выдавецтве плянаваўся). У 2015-м перапісваліся пра тое, каб яна правяла майстар-клас ў Школе маладога пісьменьніка пра незалежным Саюзе пісьменьнікаў, дзе разам зь Юляй Цімафеевай мы былі куратаркамі. Яна ўрэшце правяла. Мне шкада, што я ня здолела матываваць яе сабраць і выдаць у «Пфляўмбаўм» зборнік апавяданьняў. У яе былі гатовыя тэксты. Апавяданьне «Іра ў залатых басаножках» пра сэксуальны гвалт зусім недарэчна выйшла з зборніку беларускай «эратычнай прозы», дзе яму было ня месца.

Гэта вось самы пачатак: як я напісала Еве-Сьвятлане наконт выданьня яе кнігі. Калі хочаце, гістарычны дакумэнт. Некаторыя сучасныя дакумэнты нашых часоў вось так будуць выглядаць, са смайлікамі — круглымі дужкамі. Я да позьняе ночы выкалупвала гэтую перапіску з фэйсбуку. Выбрала тое, што кнігі тычыцца, як я дамаўлялася атрымаць у Евы Вежнавец рукапіс.

Сьвятлана Курс (зьлева) і Алена Казлова на кніжным кірмашы Svět knihy у Празе, 2021 год
Сьвятлана Курс (зьлева) і Алена Казлова на кніжным кірмашы Svět knihy у Празе, 2021 год

6/13/19, 1:00 PM

Алена: Сьвятлана, добры дзень, скажыце, ці можна было б вам пазваніць у фэйсбук пагутарыць пра адну справу?

Святлана: Tut suviazi amal niama.

А: калі будзеце на сувязі і будзе зручны час, зможаце мне напісаць?

С: Tak. Zautra muszu być u Miensku. Zautra narmalna?

...

7/6/19, 11:21 PM

С: Гэтыя тры тыдні я працавала, як шалёная, абяцала да 7 ліпеня. Ёсьць вялікая верагоднасьць, што і пасьпею )))) Не судзіце строга, я абмежаваная сваімі магчымасьцямі.

А: Жджу 🙂

С: ))))) стараюся. Яшчэ дзьве гадзінкі папрацую, пасплю, схаджу на каратэ і перачытаю

дабранач)

А: Дабранач )

7/8/19, 1:14 AM

С: яшчэ дзень, прашу, ня скончыла.

7/8/19, 10:49 AM

А: Добра

С: Dziakuj 💚

7/9/19, 3:46 PM

С: Дайце, калі ласачка, мэйл-адрас.

...

7/10/19, 6:27 PM

А: Сьвятлана, ну як яно?

7/10/19, 7:11 PM

Трэба яшчэ час?

7/10/19, 7:52 PM

С: так, трэба. я працую. вінавата.

з пару дзён. здам да вечара суботы як ёсьць. І застрэлюся.

Таааккі фальшывы, катурнавы тон, такі сюжэт убогі. як я магла???? асуджаць іншых за нясталасьць кніг, я сама зэро.

адпраўлю як ёсьць, але зраблю яшчэ адную апошнюю рэдактуру. Мне нядобра ад самой назвы))) а і не пісаць не магу)

А: Ыыы) давайце да панядзелка

Спачуваю, абдымаю. Гэта зразумелае разгляданьне сваёй працы пад лупай. Так, хай будзе як ёсьць

Калі што, потым яшчэ будзе магчымасць паправіць

С: я так рада, што вы прасьцілі.

я хачу годнага, стрыманага тону і цікавага роздуму.

да панядзелка. акурат хопіць часу, У мяне па 10 г працы штодня над ім. усё, я за працу, каб ня быць клятвапрыступніцай чарговы раз)

7/10/19, 8:20 PM

А: Крутата)

С: ))))))))))) небывалае пачуцьцё блізкага суда і вызваленьня!

7/15/19, 3:05 PM

С: адправіла ліст.

7/15/19, 3:24 PM

А: Прыйшоў. Але ці можна б усе 17 (разьдзелаў. — заўв. Алены Казловай), каб пагрузіцца? Потым яшчэ будзе час на дапрацоўку, калі што. Яно ж кардынальна ня зьменіцца

С: я іх вычытваю зараз.

вышлю тады кавалкам. правільна.

гляньце, калі ласка, ці яно ўвогуле надаецца. Я ... раблю тэкст літаратурным, а не хваравітым, стараюся, каб скрыўленьні сьвядомасьці, якія я мела да тэрапіі, не псавалі асновы.

баюся, каб не атрымалася Недотыкомка Фёдара Салагуба.

А: Дробнымі агрэхамі нас не напалохаць. Я канечне гляну, але ўсё ж цалкам трэба глядзець. Усё будзе добра. Я заўтра пачну чытаць, як вярнуся ў Менск з Магілёва. Другой недатыкамкі ўжо ня будзе, мы ж усе розныя

С: дзякуй, Алена. Пастараюся хуценька-хуценька.

А: Тым больш тэкст пакуль застанецца паміж намі, нікому не пакажам на шырокую публіку, пакуль не адчуецца гатоўнасьць

С: добра, тады я дачытваю.

А: Ага

С: адразу 17 скіну, а вам — добрага побыту.

А: Дзякуй! Добра!

9/19/19, 1:08 PM

С: Алена, добры дзень.

Даслала.

Прабачце.

Я старалася вельмі моцна, на мяжы здольнасьцяў.

Нават на прэмію „Вольнае слова“ не паехала.

Што выйшла — вам судзіць.

Я не спэцыяльна так зацягнула — трапіла ў пастку дэманаў — пэрфэкцыяналізму і слабасьці майго пісьменьніцкага варштату.

Дзеля гэтага тэксту прачытала мноства архіўнага матэрыялу.

Калі ласка, даруйце. што падвяла вас з часам.

А: Добры дзень, я атрымала дзякуй! Нічога страшнага ня здарылася) Мы яшчэ праходзім эстафэту з рэгістрацыямі і зборам патрэбных паперак для працы. Думаю, усё будзе крута)

С: Вы не сярдуеце) ура. Няхай усё будзе крута, трымаю за рэгістрацыю пальцы крыжыкам.

А: Канечне, не) Спадзяюся, вы там ня вельмі строга да сябе падышлі ў рэдагаваньні. Я пачытаю днямі. СА (Сьвятлане Алексіевіч. — заўв. Алены Казловай) ужо таксама адправіла.

С: сямнаццаць разоў перапісвала, скараціла моцна.

такія справы) цалкам адзічэла)))) буду зноў да людзей прывыкаць.

А: можа, і дарма. мне б, канечне, цікава было зірнуць на пачатковы тэкст, раптам нешта захочам вярнуць? Я там ужо ў пачатку паглядзела „горла ў горла“, такі вобраз быў у першым урыўку, мне запомніўся, харошы. Няма ж яго, здаецца?

С: прыбрала.

лішнім здалося. вярнуць магу.

А: так, ён быў вельмі харош

С: вы заўвагі, калі ласка, пішыце чырвоным, а я ўсё зраблю)

9/27/19, 3:54 PM

А: Добры дзень! СА ў глыбокіх разьездах, так што яшчэ ня хутка зь ёй сустрэнуся, але маё ўражаньне — кніга вельмі моцная і добрая ва ўсіх адносінах. Я ўпэўненая, што ў СА ня будзе ніякіх пярэчаньняў.

Адно што хвалююся, ці не зарэдагавалі вы сябе празьмерна, мо што харошае адвалілася, такое як „горла ў горла“.

Мару, каб кніга вашая выйшла сёлета, але на тое трэба вельмі вялікае спрыяньне лёсу, каб усе рэгістрацыі сабраліся і дзяржава падножак не наставіла. Так што рэалістычней разглядаць наступны год. Такая вось сытуацыя.

У фб прапаную лепш пакуль не пісаць пра гэта ўсё, але разам затаіць дыханьне!

С: Алена, вялікі дзякуй за водгук, я пагляджу, ці ёсьць у мяне незмардаваны варыянт, бо я рэдагавала 17 разоў

Я не пісала нічога ў фб, толькі што ёсьць кніга, а хто, што, не зьбіралася. Бо праект нараджаецца, праект ня мой, праект важны, тут важна не сурочыць.

Тым больш што жанчыны ніколі ня выйграюць першае месца ў Гедройці😃

А: Я очэнна спадзяюся, што хутка выйграюць, хе-хе

С: Не дадуць нам😃

Я чытаю і расстрайваюся. Паеду выграбу першапачатковы тэкст мо з процьмы плястычных апэрацый😃

Дзякуй за вашую працу, увагу, ангажаваньне.

я ў трамваі еду шчасьлівая вашым водгукам.

10/8/19, 2:12 PM

А: Сьвятлана, добры дзень! Я вось думаю над назвай. Ці не задужа яна простая, як для гэтага тэксту? Быццам канстатацыя факту. Можа, яшчэ якія варыянты былі? Я пашукала па загалоўках і знайшла вось гэта: „ПА ШТО ІДЗЕШ, ВОЎЧА?“ Можаце падумаць над гэтым?

С: сама думаю так жа.

вы ведаеце, што я над назвай ужо гадоў 10 думаю? )

А давайце )

вось так, кінуўшы косткі на стол, і назавем — па што ідзеш, воўча.

тым больш гэта цалкам у маім любімым стылі.

А: Як на мяне, гучыць як добрая назва ) Давайце )

Дарэчы, забыла сказаць, што „пасхалка“ з Іванам Дамінікавічам — агонь! ))

С: і чыста ж праўда ўсё, ад тапонімаў да фактаў )

))))

А: клас))

С: я не прыдумала ні слова, ні пэрсанажа, толькі сабрала і сфакусавала, вуаля. дакумэнталка)))

А: ага, круцяк)

С: Дзякуй за назву, я б яшчэ 10 год думала.

А: Ну самі ж прыдумалі) Гэта аўтарскае. Я і сунуцца баюся

С: вы вельмі моцна дапамаглі. Я булькаю як біямаса, і бяз імпульсу — зэра.

не каналізуецца нічога, а між тым і жыць зь вечна негатовым тэкстам немагчыма.

Я думаю, вы і самі ведаеце, што тэкст робіць з чалавекам.

10/15/19, 1:39 PM

А: Сьвятлана, а да чарнавіка доступ маецца?..

С: там лішняга процьма. я потым усё зьмяніла.

я думаю, яго варта выкінуць у сьметніцу, там шмат прэтэнцыёзнага і знарочыстага.

А: не-не, гэта вы ўжо чапляецеся да сябе

там былі лепш раскрытыя моманты, з ключом, напрыклад

так што можна ўзяць

С: я памятаю, наваяла ў такім стылі ўсе 17 разьдзелаў, чытаць не магла, такія пустыя.

найранейшы варыянт, які ўдасца знайсьці.

вышлю.

А: ну добра

С: я на працы цяпер, а дома кампутарчык чакае, поўны гэтых варыянтаў.

А: але лепш сёньня

С: пастараюся.

10/16/19, 7:09 AM

С: знайшла, чытаю. вышлю а 17-й.

10/16/19, 7:29 AM

А: Мо ня трэба чытаць? так вы зноў павыкідаеце строга. Дык і сэнсу ня будзе (

А: Я ўжо думаю, мо і ня трэба той чарнавік. Я б шырэй развагі пра ключ вярнула. Ну і тое горла.

10/16/19, 9:34 AM

С: мо й ня трэба, ён мяне раздражняе

Я ўчора цэлы вечар яго круціла. У ім ёсьць нешта нездаровае.

10/16/19, 9:53 AM

Алена, прабачце, што я карміла вас заўтрыкамі і зацягвала тэрміны. Проста я схільная, як мне здаецца, да таннай экзальтацыі, а гэтага ў творчасьці я ня зношу. Гэта сапсавала позьнія вершы Сыса і шмат яшчэ што.

10/16/19, 11:01 AM

А: Абедзьве версіі тэкстаў, што я бачыла, былі харашы )

10/16/19, 11:41 AM

Пераглядзела яшчэ раз першую вэрсію першага разьдзела. Усё-ткі там багата харошых жывінак і падрабязнасьцяў. Калі знойдзеце ў сабе сілы адправіць поўны чарнавік, не праглядаючы, то будзе ня лішне. Але глядзіце па самаадчуваньні. Калі ўсё мучыцельна, то ўжо ня будзем вас мучыць. Будзем працаваць з тым, што займелі :))

10/16/19, 2:37 PM

С: Які вы мілы чалавек у дачыненьнях. Дзякуй.

Сяджу на працы і чытаю сваё тварэніе)

😆

:))))

10/17/19, 10:06 AM

А: вы правялі выдатную і глыбокую працу з рэдагаваньнем. То я ўмалкаю!)))

С: Уфффффф

😅

Ну мне было карысна. Я так і думала, што правяла глыбокую працу.

Але самому ж ніколі ня ясна, столькі сьляпых плямаў!

Калі вы мне тады пазванілі ўлетку, я ведала, гэта тое, што трэба.

А: Ну то расслабімся крыху)

С: Пара))))))

А: ага)

С: А потым зноў за працу. Але з балянсам адпачынку.

А: так-так, іменна! )

Сьвятлана, выбачаюся, важнае пытаньне. Правім на наркамаўку? Ці тарашкевіца вельмі дарага? Тады мне трэба будзе параіцца зь людзямі, наколькі гэта магчыма

С: Давайце наркамаўку.

Я дасьпела, як Дубавец.

А: Дзяк! То будзе усё прасьцей

С: На фб пакіну тарашкевіцу. Але толькі наркамаўка наш шанец на адзінства традыцыі.

А: мусіць так

С: Баюся, што так. Пры перакладах зразумела.

11/6/19, 5:20 PM

А: Вітаю, Сьвятлана,

Ці не маглі б вы даслаць кароткую біяграфію для вокладкі? сярод фота, якія мы з вамі зрабілі, многа проста прыгожых, вы вельмі прыгожая і фатагенічная. Але найбольш мне падабаецца гэтае, з позіркам. Ці ўхвалілі б вы яго?

Мне б хацелася выкарыстоўваць гэтае фота для прома кнігі.

11/6/19, 5:42 PM

С: Фота сапраўды файнае)

натуральна, я даю дазвол.

А: дзякуй, то дзела за біяграфіяй)

С: Дзякуй вялікі!

Якая павінна быць тая біяграфія паводле аб’ёму? 5-6 сказаў?

А: ну на абзац які, самае галоўнае

прэзэнтабэльна, каб аўтарку прадставіць

С: о, настолькі набярэцца)

зараз сачыню.

А: тады выбраць толькі літаратурнае))

С: так

А: літаратурны кар’ер

С: ага

11/6/19, 6:09 PM

С: напісала па памяці, на працы гатовая ляжыць, але там я буду пасьлязаўтра.

не ўстаўляецца сюды.

скіну на пошту

А: гэта прам не пільна гарыць, цягам некалькіх дзён

12/2/19, 9:02 AM

А: Сьвятлана, добрай раніцы. Я ўспомніла, нам жа яшчэ анатацыя трэба! Ці не складзяце за пару дзён?

невялікі, але ёмісты абзац

12/2/19, 9:22 AM

каб было лягчэй: гэта мусіць быць адказ на пытаньне „пра што кніга?“. Потым паўсюль жа гэтая анатацыя цытавацца будзе, так што гэта важна

12/2/19, 10:12 AM

С: ужо думаю)

12/4/19, 6:52 PM

Наконт анатацыі выкручваю мазгі насуха. Ня маю панятку, пра што гэта кніга, але напішу дзьве на выбар)

А: Добра)

С: напісала анатацыю, дасылаю)

А: Харашо. Спачатку мне

🙂

С: дасылаю)

1/17/20, 10:33 PM

Назва ідэальная. Мне зайздросна, што ня я такое прыдумала. Цэлы айзбэрг сэнсаў і прыгажосьцяў. Я жарсна хачу, каб выйшла. Гэта прыгожа, як агонь!

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG