Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла пісьменьніца Сьвятлана Курс (Ева Вежнавец)

абноўлена
Сьвятлана Курс
Сьвятлана Курс

Пра сьмерць адной з найвядомейшых беларускіх пісьменьніц сучаснасьці стала вядома ад сям’і. Час і месца разьвітаньня стануць вядомымі пазьней.

Пра сьмерць паведаміў муж пісьменьніцы ў сацыяльных сетках.

Сьвятлана Курс паходзіла зь Любаншчыны. Яна даўно жыла ў Польшчы.

У першым нумары часопісу «Аrche» ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданьне «Мы два Хохлікі». У 2008 годзе ў Кнігарні Нашай Нівы выйшаў зборнік апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». У 2015 годзе ў «Нашай Ніве» яна апублікавала сваё апавяданьне «Параска і яе чорны бык», не пад псэўданімам, а пад сапраўдным прозьвішчам.

Сьвятлана Курс
Сьвятлана Курс

У 2020-м яна пад псэўданімам Ева Вежнавец напісала кнігу «Па што ідзеш, воўча?» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»/Выдавец Раман Цымбераў). Твор пераклалі на некалькі моваў сьвету, а кніга стала адной з найбольш прадаваных у беларускіх кнігарнях. У 2021-м годзе за кнігу яна атрымала прэмію Ежы Гедройца.

У канцы чэрвеня кнігу Сьвятланы Курс (Ева Вежнавец) «Па што ідзеш, воўча?» у перакладзе Малгажаты Бухалік на польскую ўключылі ў доўгі сьпіс польскай прэміі Angelus. А ў пачатку ліпеня яна на сваёй старонцы ў фэйсбуку прасіла прывезьці ёй адну кнігу зь Беларусі.

Вокладка кнігі «Па што ідзеш, воўча?»
Вокладка кнігі «Па што ідзеш, воўча?»

Летась стала вядома, што ў Курс дактары знайшлі рак яечніка ў позьняй стадыі.

«А як жа бязь сьмерці? Гэта частка жыцьця, бязь сьмерці няма жыцьця — ведаю, што гавару. Але ўсё, здаецца, заканчваецца аптымістычна, бо вядзьмарка паляцела на неба, за ёй паляцела яе сьвіта, ёй абавязкова патрэбная сьвіта, а двое недасканалых людзей любяць адно аднаго недасканалай любоўю ў недасканалым сьвеце. Усё кляс!» — гаварыла яна ў камэнтары Свабодзе на Віленскім кніжным кірмашы ў канцы лютага.

У траўні беларусы сьвету за адзін дзень сабралі для пісьменьніцы 12 тысяч эўра на лячэньне замест 10 тысяч, якія прасілі на зборы.

У 2023 годзе пісьменьніца востра адрэагавала на дзеяньні ўкраінскіх уладаў па замоўчваньні ролі беларусаў у паўстаньні 1863 году. У Варшаве ў час адзначэньня 160-годзьдзя пачатку паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага зачыталі ліст ад прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, назвалі палякаў, літоўцаў і ўкраінцаў і абмінулі беларусаў.

«Я глыбока расчараваная і абражаная тым, што ўчора нашаму народу не далі слова сказаць і вянок пакласьці на сьвяткаваньні 160-годзьдзя нашага агульнага паўстаньня. Нібыта наша слова, наша кроў і наша сьмерць нічога ня вартыя.

Гэта было зроблена, я падазраю, на запыт украінскай дзяржавы. Я разумею іх горыч і боль. Але не прымаю і не прыму таго, што нам, нашчадкам Яські, гаспадара з-пад Вільні, адмаўляюць у гонары.
Таму што ў турмах і магілах і цяпер дзясяткі тысяч нашых змагароў. А іншыя ў туляньні, бяздом’і, паняверцы, адрэзаныя ад Бацькаўшчыны і сям’і, ад сваіх бацькоў старых, якіх ня могуць дагледзець і пахаваць.

Але ведаеце што? Мы і гэта зьнясем з годнасьцю і стойкасьцю, бо мы разумныя, гордыя і стойкія, закаханыя ў свой край і ў агульную чалавечнасьць. І мы можам дзяліць волас начацьвёра.
Я ганаруся ня тым, што нарадзілася беларускай — бо мы таго не выбіраем — а тым, што я сто тысяч разоў выберу ёй быць.
Жыве Беларусь. Памятайма нашых герояў і гераінь».

Сьвятлана Курс
Сьвятлана Курс

Сьвятлана Курс зьяўлялася ў публікацыях Свабоды неаднаразова. Напрыклад, яна ўдзельнічала ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі», дзе ўспомніла першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, настроі грамадзтва і асабістыя ўражаньні ў той момант.

Нягледзячы на доўгія гады за мяжою, Сьвятлана заўсёды сачыла за навінамі на радзіме і рэагавала на падзеі рознага кшталту. Напрыклад, яна камэнтавала Свабодзе палёт беларускай касманаўткі Васілеўскай, дзе адказвала на пытаньне, ці здолее такі палёт хоць у нечым аб'яднаць беларусаў розных палітычных плятформаў і поглядаў.

Ці аб'яднае космас беларусаў? Гутарка зь пісьменьніцай Сьвятланай Курс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:52 0:00
Наўпроставы лінк

Пісьменьніца на творчых сустрэчах часта дзялілася аптымізмам і спадзявалася, што здолее яшчэ прыехаць у Беларусь.

«Толькі што паверыла, што хутка прыйдуць сьветлыя часы. Не баюся выглядаць дурной, аптымісткай, бо сапраўды веру, што мы дажываем самыя горкія часы, што гэта апошняя цёмная пара перад сьвітанкам. І чакаю дажыць да таго часу, калі паеду ў Беларусь.

А погляд мой на Беларусь ніколі не зьмяняўся, бо калі ты бачыш існасьць твайго народу, то яна ніколі не зьмяняецца, скалечыць гэта немагчыма. Ніякімі расейскімі штучкамі-дручкамі Беларусь не скалечыць. Таму я спакойна жыву, нічога ў мяне не зьмяняецца. Як мне здаецца, я люблю рэчы нязьменныя, важныя, якія робяць нас людзьмі, беларусамі. Так што аптымістычна, ясна і сьветла я гляджу ў будучыню, хаця, магчыма, гэта наіўнасьць».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG