Настальгія па СССР як эканамічная стратэгія: Лукашэнка рэанімуе савецкую мадэль сельскай гаспадаркі

Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на фэрму, архіўнае фота

Сьцісла

  • Лукашэнка імкнецца рэанімаваць савецкую традыцыю штучнага стварэньня нейкіх «маякоў», на якія павінны арыентавацца іншыя гаспадарчыя суб’екты.
  • Ільвіную долю ўвагі і свайго працоўнага часу Лукашэнка аддае сельскай гаспадарцы, лічыць яе амаль што галоўнай сфэрай эканомікі.
  • Лукашэнка заклікаў вярнуцца да савецкай практыкі дзейнасьці арганізацый па абслугоўваньні і рамонту тэхнікі для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
  • Архаічнасьць Лукашэнкі ў падыходах да гаспадарчых праблем, ягонае рэтраградзтва робяцца галоўным тормазам сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі
Аляксандар Лукашэнка загадаў аднавіць сыстэму кіраваньня сельскай гаспадаркай, якая існавала ў савецкія часы.

Ён загарэўся ідэяй стварыць у кожным раённым цэнтры структуры па абслугоўваньні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — «райаграсэрвіс». Рынкавыя мэханізмы, па сутнасьці, адкідваюцца, узмацняецца ручное кіраваньне.

Штучнае стварэньне ўзорных эканамічных праектаў

Лукашэнка зноў наведвае Шклоўскі, Аршанскі раёны — сваю радзіму. Ён робіць гэта часта. І не хавае, што хоча ператварыць гэтыя рэгіёны ў нейкую вітрыну той сацыяльнай мадэлі, якая пабудаваная ў краіне.

Тлумачэньне, чаму менавіта гэтыя раёны выбраны для такой ролі, непераканаўчае. Ён кажа:

«Гэта не таму, што я тут працаваў і гэта мая радзіма. Проста таму, што я тут усё ведаю да кожнага мэтру. Таму мы робім такі ўзорны раён тут, у Шклове і часткова ў Воршы... Трэба, каб Шклоўскі раён быў такім узорам для перайманьня. Каб мы не вучылі кожнага. Вось прывезьлі — ідзі, паглядзі, як павінна быць, і рабі».

Гэта савецкая традыцыя: стварыць нейкія «маякі», на якія павінны арыентавацца іншыя гаспадарчыя суб’екты. Аднак такі «перадавы» досьвед тыражуецца дрэнна менавіта таму, што гэтыя ўзоры створаныя штучна, ва ўмовах льгот і адмысловых вялікіх інвэстыцый. Яго немагчыма паўтарыць па ўсёй краіне.

Але нават штучнае стварэньне ўзорных аб’ектаў апошнім часам атрымоўваецца дрэнна. Тут вельмі паказальны правал праекту аграхолдынгу «Купалаўскае» ў тым жа Шклоўскім раёне. Гэты аграхолдынг таксама плянавалі зрабіць узорным, але на мінулым тыдні на нарадзе ў Лукашэнкі экспэрымэнт ціха згарнулі, так і не дачакаўшыся плянаваных вынікаў.

Ільвіную долю ўвагі і свайго працоўнага часу Лукашэнка аддае сельскай гаспадарцы, лічыць яе амаль што галоўнай сфэрай эканомікі. Часткова гэта тлумачыцца тым, што ў гэтай сфэры, яе тэхналягічных працэсах ён трохі разьбіраецца.

Але насамрэч, доля сельскай гаспадаркі складае менш за 7% ВУП Беларусі, там працуе каля 9% занятых. Тым ня менш тэма гібелі цялятак апошнім часам найбольш займае ўвагу Лукашэнкі. На афіцыёзным інфармацыйным экране яна стала галоўнай праблемай краіны. І гэта ў эпоху штучнага інтэлекту.

Рэанімацыя савецкай практыкі

Аднак, здаецца, у галоўны парадак дня Беларусі цяпер выносіцца іншае пытаньне. Лукашэнка загарэўся ідэяй стварыць у кожным раённым цэнтры структуры па абслугоўваньні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Цяпер гэта называецца «райаграсэрвіс».

Ідэя ня новая. Ён ужо некалькі разоў яе абгаворваў, даваў адпаведныя заданьні. Напрыклад, падчас паездкі на Гомельшчыну ў красавіку ён наведаў ААТ «Мазыртэхсэрвіс» і заклікаў аднавіць дзейнасьць арганізацый «Сельгастэхніка», якія існавалі ў савецкія часы і займаліся абслугоўваньнем, рамонтам, забесьпячэньнем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў тэхнікай і запаснымі часткамі. Ён запатрабаваў: «Нам трэба кроў з носа аднавіць сельгастэхнікі. Працаваць, працаваць і аднавіць у кожным раёне». Такім чынам, Лукашэнка бярэ курс на аднаўленьне структуры кіраваньня сельскай гаспадаркай савецкіх часоў.

Кожнай гістарычнай эпосе адпавядаюць свае гаспадарчыя мэханізмы. Савецкі досьвед існаваньня структур, падобных да «аграсэрвісу», сягае ў часы калектывізацыі. Тады для абслугоўваньня калгасаў стварылі машына-трактарныя станцыі. У позьнія савецкія часы ў кожным райцэнтры існавала цэлая сетка спэцыялізаваных арганізацый, якія займаліся абслугоўваньнем калгасаў і саўгасаў: «сельгастэхніка», «сельгасхімія», ПМК і інш. Уся гэтая сыстэма дзейнічала ў межах плянава-дырэктыўнай эканомікі. Грошай не лічылі, эканамічная эфэктыўнасьць мала каго хвалявала. І цалкам лягічна, што з крахам савецкага ладу, пачаткам рынкавых рэформ у 1990-я гады ўсе гэтыя абслугоўваючыя арганізацыі былі ліквідаваныя праз эканамічную неэфэктыўнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прапанаваў працоўным мігрантам з Узбэкістану прыяжджаць зь сем’ямі

Прайшоў час, аднак праблема эфэктыўнасьці сельскай гаспадаркі Беларусі так і не была вырашаная. Прыватнай уласнасьці на зямлю ў Беларусі не існуе, асноўнымі суб’ектамі ў аграрнай сфэры зьяўляюцца дзяржаўныя гаспадаркі. Ім няма за што купляць новую тэхніку, яны бедныя, стратныя. І вось цяпер Лукашэнка нічога лепшага не прыдумаў, як вярнуцца да практыкі савецкіх часоў. «Нам трэба тут зрабіць узорную тыповую сельгастэхніку — райаграсэрвіс у Шклове, каб паказаць усім, як павінна быць», — загадаў ён.

Рынкавыя мэханізмы, па сутнасьці, адкідваюцца, узмацняецца ручное кіраваньне. «Рынак рынкам, але рэгуляваць і назіраць трэба», — кажа Лукашэнка. І загадвае: «Цэны павінны быць пад кантролем старшыні аблвыканкаму. Як мінімум старшыні райвыканкаму. Цэны павінны быць ня стратныя, павінен быць кантроль за затратамі, сабекоштам паслуг». Выводзіць цэны з сабекошту паслуг — гэта штосьці з палітэканоміі сацыялізму, якую Лукашэнка вывучаў у часы сваёй маладосьці.

Ідэі-фікс Лукашэнкі дорага абыходзяцца краіне

Колькі будзе каштаваць новая ідэя-фікс Лукашэнкі, здаецца, ніхто не лічыў. А каштаваць будзе нямала. Гэта ж у кожным райцэнтры трэба стварыць новыя арганізацыі, пабудаваць адпаведную інфраструктуру, набыць тэхніку, набраць работнікаў. Хто будзе плаціць?

У Шклове комплекс будынкаў рамонтных майстэрняў пабудаваны кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта. А ў іншых райцэнтрах, як можна зразумець з рэплікаў Лукашэнкі, расходы павінныя ўзяць на сябе заводы, які выпускаюць і абслугоўваюць сельгастэхніку. Гэта тыя самыя заводы (кшталту «Гомсельмашу»), якія сёньня існуюць, дзякуючы дзяржаўным датацыям.

Прычым, новая сыстэма ў Шклоўскім раёне яшчэ не запрацавала. Можа варта было б правесьці экспэрымэнт, пачакаць, якія вынікі ён пакажа, і толькі потым маштабаваць праект па ўсёй краіне. Але гэта ня ў стылі Лукашэнкі. Калі ён загараецца нейкай ідэяй, то загадвае адразу ж рэалізаваць яе па ўсёй Беларусі. Бо, як ён лічыць, правадыр ня можа памыляцца.

Праблема ў тым, што ва ўсіх сваіх дзеяньнях і разважаньнях Лукашэнка ня можа выйсьці за межы свайго ўласнага жыцьцёвага досьведу. Ён увесь час узгадвае, спрабуе рэалізаваць тое, што ён засвоіў у часы сваёй маладосьці. Гэтая несучаснасьць Лукашэнкі, ягоная архаічнасьць у падыходах да гаспадарчых праблем, рэтраградзтва, насьцярожанасьць да прагрэсу, становіцца галоўным тормазам ня толькі палітычнага, але і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі.