Праз 26 гадоў ад выкраданьня Зьмітра Завадзкага былая калега Інга Хрушчова назвала людзей з атачэньня Лукашэнкі, якія могуць ведаць, што насамрэч здарылася са Зьмітром.
Глядзець відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі зьвяртаўся да вайскоўцаў: «Таварышы», нібыта на нейкім партыйным сходзе 1970-х гадоў. Лукашэнка ўжо больш за 30 гадоў адносна пасьпяхова манэўруе паміж Расеяй і Захадам, адчувае рызыкі, застаецца пры ўладзе. З другога боку, ён выглядае вельмі архаічным — з гэтымі зваротамі «таварышы», вельмі савецкім і па форме, і па зьмесьце. Як вы гэта тлумачыце? Гэта прыкмета ўзросту, калі чалавек усё больш вяртаецца да сваёй маладосьці і тагачаснай лексыкі? Ці гэта проста асаблівасьць Лукашэнкі як палітыка?
— Думаю, тут прысутнічае і тое, і другое. Але сапраўды апошнім часам такіх архаізмаў стала значна больш. Гэта можна патлумачыць псыхалягічна. Чалавек адчувае сваю нямогласьць, успамінае часы, калі, як яму здаецца, ён быў мацнейшы, калі меў добрыя ідэі, калі ўсё ў яго атрымлівалася, калі ён нават хадзіў без кульгавасьці. Натуральна адбываецца псыхалягічнае вяртаньне ў той час.
Мы бачым гэта літаральна на ўсіх узроўнях. Нядаўна Лукашэнка расказваў, што быў у Кітаі і захапляўся тым, што там захавалі камуністычную партыю. Маўляў, і нам варта падумаць, як выкарыстаць кітайскі досьвед. Увесь час гучыць думка: «У савецкія часы ж не ўсё было дрэнна, давайце возьмем адтуль усё самае лепшае».
Адтуль жа і гісторыя з машыннымі дварамі, і мэліярацыяй. Гэта чалавек глыбока архаічны, і цяпер гэта стала асабліва прыкметна. Калі раней такія ідэі яшчэ маглі неяк успрымацца — магчыма, таму што яны не выглядалі настолькі недарэчнымі і ад распаду Савецкага Саюзу прайшло не так шмат часу, — то цяпер усё выглядае зусім інакш.
Сучасная беларуская і сусьветная эканоміка кардынальна адрозьніваюцца ад той, што існавала ў савецкія часы. Таму ўсе гэтыя спробы «давайце нешта запазычым з мінулага» не прыводзяць ні да чаго добрага. І, па вялікім рахунку, усе вакол Лукашэнкі гэта бачаць, у тым ліку і тыя людзі, якія арганізуюць ягоныя паездкі.
— Лукашэнка прызначыў памошніцай-інспэктаркай па Магілёўшчыне Надзею Каткавец, якая запомнілася выказваньнямі пра «хаацічаскі складзеныя цэны» падчас абмеркаваньня росту цэнаў. 65-гадовая чыноўніца апошнім часам была на пэнсіі, але цяпер вярнулася на дзяржаўную службу. Каткавец родам са Шклоўскага раёна, працавала разам з Лукашэнка ў адной гаспадарцы. Яна была намесьніцай кіраўніка спраў прэзыдэнта, а пазьней працавала ў банкаўскай і біятэхналягічнай сфэрах. Чаму Лукашэнка часта выбірае не новых спэцыялістаў, а правераных людзей са свайго мінулага? Ці гэта проста падзяка за ляяльнасьць і здольнасьць выконваць загады? Ці проста сярод маладзейшага пакаленьня няма тых, каму ён давярае?
— Вы прапусьцілі яшчэ адну яе пасаду. Яна працавала ў Эўразійскай эканамічнай камісіі, дзе займалася сельскай гаспадаркай на ўзроўні, супастаўным з міністэрскім. І, як мне здаецца, такія пасады — гэта своеасаблівая ганаровая адстаўка. Асабліва сур’ёзных абавязкаў там няма, затое перад выхадам на пэнсію гэта добра ўлічваецца паводле старой савецкай сыстэмы.
Але зьвярніце ўвагу: Каткавец — не адзіны такі выпадак. Ёсьць яшчэ Натальля Пяткевіч. Чалавек ужо даўно нідзе не працаваў, спакойна жыў разам з мужам у Злучаных Штатах, і раптам яе вяртаюць: маўляў, ідзі і займайся сацыяльнай сфэрай. А потым адбываецца нарада, прысьвечаная хакейнаму «Дынама», і ты проста думаеш: што Пяткевіч мае рабіць са спортам, з гэтай гаспадаркай? Гэта выглядае абсурдна.
Мне здаецца, гэта працяг той самай тэндэнцыі, пра якую мы ўжо казалі. Гэта спроба вярнуцца ў часы, калі, як яму здаецца, усё было добра. Вярнуць тых самых людзей, якія тады працавалі побач зь ім і якіх ён лічыць адданымі. Але мы бачым, што эфэктыўна выкарыстаць іх ён ужо не можа. Думаю, з Каткавец будзе тое самае.
І, вядома, гэта яшчэ і сьведчаньне таго, пра што вы сказалі. Мне здаецца, Лукашэнка перажывае велізарную адзіноту. У апошнія гады дыктатара ніхто ўжо не разумее і не піша яму, калі перафразаваць вядомы твор. Побач застаюцца толькі падхалімы, а зь імі цяжка весьці сапраўдную размову.
Дарэчы, гэта добра бачна па ягоных нешматлікіх інтэрвію. Як толькі зьяўляецца новы суразмоўца, ён адразу пераходзіць у рэжым чалавека, які гадзінамі расказвае гісторыі пра сваё мінулае. Ён зноў і зноў вяртаецца да падзеяў 1994 году, успамінае, як нібыта перажыў замах, як пераадольваў цяжкасьці, і паўтарае адны і тыя ж гісторыі.
Мы бачым чалавека, у якога паступова слабнуць і фізычныя, і інтэлектуальныя магчымасьці. Але самае галоўнае — гэта тое, што адбываецца амаль з кожным дыктатарам. На пэўным этапе яны ўсё больш губляюць сувязь з рэальнасьцю. Іхныя дзеяньні ўжо не прыносяць ні тых вынікаў, на якія яны разьлічваюць, ні нават прадказальных наступстваў. І трэба да іх прыстаўляць нейкіх нянек, якія неяк абмяжоўвалі б яго гэтыя парывы. Але ў выпадку Лукашэнкі пакуль такіх людзей побач няма.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум