Як украінскія вайскоўцы абараняюць дронамі неба над Краматорскам. ФОТА і ВІДЭА

«Зубы цмока» ў Краматорску Данецкай вобласьці

Расейскія войскі набліжаюцца да гораду Краматорску, які пасьля страты Данецку выконвае функцыю адміністрацыйнага цэнтру Данецкай вобласьці Ўкраіны. Там застаюцца мірныя жыхары, а вайскоўцы адбіваюць удары з паветра.

Расейскае войска працягвае наносіць удары па Данецкай вобласьці Ўкраіны. Толькі 10 ліпеня на горад Краматорск і пасёлак Беленькае вайскоўцы скінулі сем авіябомбаў, у выніку загінулі чацьвёра мірных жыхароў, сярод іх 14-гадовы хлопчык і яго 18-гадовая сястра, іх фота ў сваім тэлеграм-канале апублікаваў украінскі журналіст Дзяніс Казанскі. Яшчэ 13 чалавек атрымалі раненьні.

Пра тое, як цяпер жыве Краматорск ва ўмовах надыходу фронту, пастаянных бамбаваньняў і ўдараў дронаў, апавядае тэлеканал «Настоящее Время».

Your browser doesn’t support HTML5

Репортаж Настоящего Времени о работе экипажа зенитных дронов ВСУ под Краматорском

Віталь і Аляксей — экіпаж зэнітных дронаў 30-й брыгады Ўзброеных сілаў Украіны.

«Палюем на варожыя начныя цэлі», — апавядаюць яны.

Віталь і Аляксей — экіпаж зэнітных дронаў 30-й брыгады УСУ

Расейскіх дронаў над Краматорскам і Славянскам пабольшала ў некалькі разоў літаральна за апошнія тыдні. Апэратыўная мапа на стале Віталя ўсыпаная пазнакамі цэляў.

Часам украінскім пілётам удаецца перахапіць карцінку з дрона, і пачынаецца паляваньне:

«Гэта правей трэба. Завярнула на завод, правей бяры. Дзесьці круціцца, сука! Лявей, лявей, лявей. Глядзі на гэты выгін рэчкі».

Расейскім дронам супрацьпаставілі ўкраінскі зэнітны бесьпілётнік. Ён заявіўся на фронце паўгода таму ў адказ на спробу расейскага войска дасягнуць панаваньня ў небе.

«Прывыкаеш да вось гэтага. Гэты „кіпіш“ — ён толькі замінае. Часьцей працуем па „Молниях“, бо яны ўжо хуткасныя. Гэта значыць, звычайны FPV (відэакіраваны дрон. —РС) яе не дагоніць. Знайсьці невялікі дрон суперніка ў неабсяжным начным небе — гэта як гульня ў ката і мыш. Удаецца не заўсёды», — расказвае пілёт Аляксей.

Пілёт Аляксей

На Краматорск заходзяць новыя і новыя расейскія дроны, экіпаж узьлятае штораз.

«Фактычна гэта праца. Цікава — не цікава, гэта трэба рабіць. Ну, прыемна, вядома, што нікога зь людзей не атакавалі», — апавядае Аляксей.

Раніцай экіпаж ідзе на адпачынак. У неба падымаецца дзённая зьмена, горад прачынаецца.

У Краматорску карэспандэнт «Настоящего времени» быў месяца паўтара таму.

«Цяжка сказаць, наколькі моцна зьмяніўся горад, — расказвае ён. — Па-першае, тут практычна ўсюды зьявіліся „зубы цмока“, па-другое, у многіх месцах зьявілася „егоза“ (сьпіраль Бруна з калючага дроту. — РС). Яна пераплеценая ўздоўж вуліц. І за апошнія хвілін 40 здыманьня тут я налічыў шэсьць пралётаў дронаў нада мной і, адпаведна, шэсьць выбухаў».

На суседнім скрыжаваньні дагарае машына. Яе паразіў расейскі дрон пару гадзін таму. Сярод галоўных цэляў у Краматорску аўтамабілі. І не заўсёды вайсковыя.

Машыну Наталкі атакавалі на стаянцы, кажа яна:

«Снарад сюды ўляцеў, потым праз магнітолу ўляцеў у сядзеньне кіроўцы і выйшаў праз задняе кола. Наша сям’я засталася без машыны. Бяз сродкаў эвакуацыі».

Машына Наталкі ў Краматорску

На вуліцах у кустах валяюцца абломкі зьбітых бесьпілётнікаў. У мясцовых ёсьць жарт: калі пашукаць, то з рэштак зьбітых можна сабраць новы.

«Гэтая ружовая х...рня, блін, гэта ладунак. Выбухоўка. А кавалкі засталіся. Гэта яго плата. Іншая плата. Людзі прывыклі. Куды нам ісьці? Добра, я магу зьехаць, я з Ровенскай вобласьці. А мірныя жыхары, якія засталіся, і 60, і 70, і 80 гадоў... Куды ім ісьці? Яны прывыклі. Гэта іхны дом. Я б таксама ня зьехаў», — кажа жыхар Краматорску.

У Краматорску абвешчана абавязковая эвакуацыя дзяцей — фронт набліжаецца да гораду, таму на вуліцах прыкметна менш маладых людзей.

Людзі ў прыфрантавым Краматорску

«Каб ня так страшна было і сумна, я капаюся ў зямельцы. Ніколі да гэтага ня звыкнеш. Гары яна гарам, гэтая вайна. Хто яе выдумаў, хто яе прыдумаў? Навошта гэта ўсё зроблена, зь якой мэтай — незразумела», — кажа жыхарка Краматорску.

Адна з жыхарак Краматорску

«Баімся. Дачка мне сёньня кажа: «Мама, што ж нам тут сядзець? Трэба ж некуды бегчы, у вас машына. Што ж пад кулямі сядзець», — кажа яшчэ адна жыхарка.

«Усе мы баімся. Проста дзецца няма куды. Сядзіш, жывеш адным днём. Пашанцавала — пражыў дзень, добра і добра. Дык вось неяк», — паўтарае яе суседка.

За апошні месяц у Краматорску прыкметна паменшала аптымізму. Маючы прыклад іншых гарадоў Данбасу, усе разумеюць: баі за населены пункт пачынаюцца з баёў за паветра над ім.

Менавіта таму, паспаўшы пару гадзін, Аляксей і Віталь зноў выйдуць у радыёэтэр. Каб зноў уступіць у паядынак — за неба над Краматорскам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія вайскоўцы расказалі, як 4 гады адбіваюць Малую Такмачку ў Запароскай вобласьці ад расейскіх атак. ФОТА і ВІДЭА