Чалы: Чаму Лукашэнка робіць стаўку на Ўзбэкістан

Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску, 9 ліпеня 2026 году

Эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы ў эфіры «Піку Свабоды» пракамэнтаваў вынікі візыту ў Беларусь прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева. На яго думку, супрацоўніцтва з Ташкентам можа адкрыць для Менску новыя магчымасьці, але ня здольнае замяніць страчаныя рынкі Захаду.


00:00
Ці будзе ў Беларусі бэнзінавы крызіс
02:02 Чаму правальваецца аграрная палітыка
17:28 Лукашэнка губляе актуальнасьць
23:30 Вяртаньне старой намэнклятуры
19:42 Ці ўцягнуць Беларусь у вайну
28:35 Навошта Беларусі паварот у Азію
34:39 Хто ведае праўду пра Завадзкага. Разважае Інга Хрушчова

— Што Беларусь можа прапанаваць Узбэкістану?

— Узбэкістан цяпер — адна з самых хуткарослых эканомік рэгіёну. Ягоная эканоміка павялічваецца прыкладна на 9% за год. Краіна праходзіць этап новай індустрыялізацыі, таму мае патрэбу ў тэхніцы. Беларускія трактары і іншая машынабудаўнічая прадукцыя там могуць быць запатрабаваныя.

Лукашэнка таксама разьлічвае атрымаць удзел у праекце будаўніцтва атамнай электрастанцыі ва Ўзбэкістане. Але Беларусь ня мае самастойнага вопыту ў гэтай сфэры. Падчас будаўніцтва БелАЭС беларускія спэцыялісты займаліся пераважна інфраструктурай, а ўсе ключавыя працы выконваў расейскі «Атамбудэкспарт».

«Беларусі не стае працоўных рук»

— Адной з тэмаў візыту стала працаўладкаваньне грамадзян Узбэкістану ў Беларусі.

— Гэта сапраўды вельмі важнае пытаньне. Размовы пра рабатызацыю эканомікі і павелічэньне колькасьці прамысловых робатаў зьвязаныя з адной простай праблемай — у Беларусі бракуе работнікаў. Людзі зьяжджаюць, нараджальнасьць зьніжаецца.

Таму ўлады шукаюць выйсьце: або робаты, або працоўныя мігранты. Спачатку гаварылі пра пакістанцаў, цяпер — пра ўзбэкаў. Лукашэнка нават называў іх «найлепшымі працаўнікамі» і прапаноўваў прыяжджаць у Беларусь разам зь сем’ямі.

«Беллегпрам» зноў шукае бавоўну

— Якія яшчэ эканамічныя праекты могуць абʼяднаць дзьве краіны?

— Абмяркоўваецца адкрыцьцё ўзбэцкага гандлёвага дому ў Менску. Верагодна, там будуць прадаваць садавіну, гародніну, дываны, тэкстыль.

Для Беларусі асабліва важны менавіта тэкстыль. Лукашэнка ўжо шмат гадоў спрабуе выратаваць «Беллегпрам» і Камвольны камбінат. Але ў Беларусі няма сваёй бавоўны, а закупка сыравіны за мяжой робіць прадукцыю занадта дарагой. Яна ўжо не вытрымлівае канкурэнцыі ні з азіяцкімі, ні нават з турэцкімі тканінамі.

Таму цяпер шукаюць магчымасьці закупляць сыравіну ва Ўзбэкістане, а ўзамен прапануюць, напрыклад, шыць школьную форму для ўзбэцкага рынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чалы: «Лукашэнка сказаў: „На гэтую вайну вас ніхто не пашле“. Але ён не сказаў — ні на якую вайну»

«Гэта не кампэнсуе страчаных сувязяў з Захадам»

— Ці могуць партнэрствы з азіяцкімі краінамі кампэнсаваць Беларусі страты ад абмежаваных адносінаў з Захадам?

— Не, ня могуць. Беларуская эканоміка дзесяцігодзьдзямі працавала як вытворца прадукцыі зь вялікай даданай вартасьцю для экспарту. Калі гэтыя рынкі былі страчаныя, беларускія прадпрыемствы апынуліся ў канкурэнцыі зь іншымі вытворцамі, не атрымаўшы ніякіх пераваг.

Калі краіна больш ня можа прадаваць прадукцыю зь вялікай даданай вартасьцю, яе экспартная структура непазьбежна дэградуе. Я часта жартую: Беларусь вяртаецца да таго, чым гандлявалі яшчэ ў старажытныя часы — лесам, лёнам, пянькой, пушнінай. Прыкладна гэтым мы цяпер і займаемся.

Цяпер Беларусь усё больш экспартуе нават не прадукцыю, а сыравіну. У прыватнасьці, рэзка вырас экспарт торфу ў Кітай. Гэта ўжо сапраўдная прымітывізацыя беларускай эканомікі і дэградацыя яе структуры. Без аднаўленьня эканамічных сувязяў з тэхналягічна разьвітымі і заможнымі краінамі і без вяртаньня да шматвэктарнай зьнешнеэканамічнай палітыкі разьлічваць на якасныя зьмены не выпадае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чалы: Лукашэнка перажывае велізарную адзіноту і ўсё больш губляе сувязь з рэальнасьцю