— На цырымоніі ўшаноўваньня выпускнікоў ваенных вучэльняў і афіцэраў Лукашэнка паабяцаў не пасылаць беларускіх вайскоўцаў «у бойню». Ці ёсьць сэнс ва ўдзеле беларускіх вайскоўцаў у вайне Расеі супраць Украіны? Як вы ацэньваеце рызыку ўцягваньня Беларусі ў вайну на гэтым этапе?
— Калі глядзець аб’ектыўна, для Беларусі ў гэтым няма ніякага сэнсу. Але для Пуціна — ёсьць. Мы ж разумеем, што і для Пуціна працяг гэтай вайны таксама не выглядае рацыянальным: чым даўжэй яна доўжыцца, тым больш людзей гіне. Але яму ўжо становіцца ўсё цяжэй знаходзіць добраахвотнікаў, якія ідуць ваяваць за грошы. А побач ёсьць пяцідзесяцітысячнае беларускае войска, якое, калі выкарыстоўваць яго такімі ж тэмпамі, як цяпер выкарыстоўваюцца расейскія сілы, можа хапіць прыкладна на два месяцы баявых дзеяньняў. Ці рацыянальна гэта? Напэўна, не. Але гэта цалкам укладаецца ў цяперашнюю лёгіку Пуціна.
Што да абяцаньня Лукашэнкі, я адмыслова зьвярнуў увагу на адну дэталь. Ён сказаў: «На гэтую вайну вас ніхто не пашле». Перад гэтым ён казаў менавіта пра вайну ва Ўкраіне, што яна Беларусі не патрэбная, што яна адбываецца «прама за плотам». Але ён не сказаў, што беларускіх вайскоўцаў не пашлюць ні на якую вайну. Ён сказаў — «на гэтую». Такія фармулёўкі пакідаюць прастору для розных інтэрпрэтацыяў.
Калі дадаць да гэтага тое, што апошнім часам Пуцін усё часьцей разглядае магчымасьці эскаляцыі ня толькі праз прамое ўварваньне зь беларускай тэрыторыі, але і праз гібрыдныя правакацыі, мэтай якіх было б запалохаць Захад, выклікаць раскол у краінах NATO і зьменшыць вайсковую і фінансавую падтрымку Ўкраіны, то такі сцэнар выглядае цалкам рэальным. Гэта можа быць абмежаваная вайсковая правакацыя, а пасьля — пагроза прымяненьня ядзернай зброі, каб прымусіць Захад не адказваць.
Пра такую магчымасьць сьведчыць і зьмена расейскай рыторыкі. Нават прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў ужо адкрыта кажа не пра «спэцыяльную ваенную апэрацыю», а пра вайну. Тлумачэньне простае: маўляў, супраць Расеі цяпер ваюе ўвесь Захад.
Вельмі важна не зыходзіць з таго, што Пуціну нешта «нявыгадна». Калі мы будзем так разважаць, то зробім шмат памылак у прагнозах. Я добра памятаю людзей, якія ў лютым 2022 году казалі, што Пуціну нявыгадна пачынаць вайну. Так, нявыгадна. Але ён яе ўсё адно пачаў. Таму і цяпер у ягоных дзеяньнях псыхалёгіі значна больш, чым халоднага рацыянальнага разьліку. Ён сам загнаў сябе ў сытуацыю, калі выйсьця з гэтай вайны няма, а становішча толькі пагаршаецца. У такіх умовах узьнікае спакуса рэзка павысіць стаўкі.
Гэта можа быць прамая эскаляцыя — удары па так званых «цэнтрах прыняцьця рашэньняў», пра якія ўжо неаднаразова гаварылі ў Маскве. Дарэчы, падобную рыторыку выкарыстоўваў і Лукашэнка, калі казаў, што «нам ня трэба пяцьсот цэляў, ёсьць адна». Праўда, потым, здаецца, сам спалохаўся сваёй рашучасьці. Іншы сцэнар — гібрыдная вайна.
Але ў любым выпадку ўсе гэтыя сцэнары прадугледжваюць удзел Беларусі. Гэта можа быць выкарыстаньне тактычнай ядзернай зброі, разьмешчанай на беларускай тэрыторыі, комплексаў «Іскандэр», авіяцыі або нават удзел беларускіх вайскоўцаў. Іншага геаграфічнага пляцдарму для такіх сцэнароў практычна няма. Таму я ня стаў бы катэгарычна сьцьвярджаць, што гэтага ніколі не адбудзецца.
Іншая справа, што, як мне падаецца, гэтага вельмі баяцца нават беларускія вайскоўцы. Гэта відаць і па паводзінах міністра абароны Віктара Хрэніна, і па заявах дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, які пасьля паведамленьняў пра нібыта атакі на беларускія аўтобусы першым заклікаў не рабіць сьпешных высноваў, не паддавацца на правакацыі і дзейнічаць узважана. Беларускае вайсковае кіраўніцтва не жыве ў ілюзіях адносна баяздольнасьці сваёй арміі. Яны добра разумеюць яе сапраўдныя магчымасьці. Украінцы ўжо даўно іранізуюць, што беларускае войска лепш за ўсё ўмее праводзіць паказальныя парады, складаную страявую падрыхтоўку і дэманстратыўна разьбіваць цэглу галавой ці рукой. Таму, калі адказваць коратка, то сэнсу ва ўдзеле Беларусі ў гэтай вайне няма. Але магчымасьць такога разьвіцьця падзеяў, на жаль, выключаць нельга.
Форум