Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі «асабістая хімія» мацнейшая за геапалітыку: беларуска-ўзбэцкі прыклад тлумачыць Карбалевіч

Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску, 9 ліпеня 2026 году
Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску, 9 ліпеня 2026 году

Сьцісла

  • У Аляксандра Лукашэнкі і ранейшага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава было пэрсанальнае непрыманьне, канфлікт. Таму і адносіны паміж краінамі разьвіваліся слаба.
  • Нібы па кантрасьце, асабістыя адносіны Аляксандра Лукашэнкі і новага прэзыдэнта Узбэкістану Шаўката Мірзіёева склаліся добрыя. Таму пачалося актыўнае супрацоўніцтва.
  • Узбэкістан сёньня — адзін з трох найбуйнейшых гандлёвых партнэраў Беларусі ў СНД, пасьля Расеі і Казахстану.
  • Паказальна, што падчас візыту з боку Лукашэнкі публічна не гучала нейкіх антызаходніх выпадаў. Бо Ўзбэкістан мае нармальныя адносіны з ЗША і краінамі ЭЗ.

Эканамічныя адносіны Беларусі і Узбэкістану дынамічна разьвіваюцца. За апошнія дзесяць гадоў аб’ём узаемнага гандлю таварамі вырас больш як у 13 разоў. Гэта ў значнай ступені стала вынікам прыходу да ўлады ва Ўзбэкістане Шаўката Мірзіёева.

Сантымэнт да постсавецкіх краін

Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў 8-9 ліпеня наведаў Беларусь з афіцыйным візытам. Падзея не зусім шараговая. Ня так часта ў Менск прыяжджаюць лідэры замежных дзяржаў. Значна часьцеў тут бачым расейскіх губэрнатараў як паважаных гасьцей.

У кіроўнай эліты Беларусі, у самога Аляксандра Лукашэнкі існуе пэўны сантымэнт да краін на прасторы былога Савецкага Саюзу і іх лідэраў. Афіцыйны Менск увесь час пасьля распаду СССР прэтэндуе на статус ініцыятара і важнага рухавіка постсавецкай інтэграцыі.

У ідэалягічным пляне рэжым Лукашэнкі — самы прасавецкі. Уладар Беларусі зь вялікай ахвотай езьдзіць на ўсе саміты інтэграцыйных аб’яднаньняў, якія існуюць на постсавецкай прасторы (СНД, АДКБ, ЭАЭС), імкнецца супрацьпаставіць іх Захаду. Ён увесь час выступае з ідэямі аднаўленьня эканамічных сувязяў, якія існавалі 40 гадоў таму ў рамках адзінай савецкай дзяржавы.

Дачыненьні паміж лідэрамі

Беларуска-ўзбэцкія адносіны зьяўляюцца добрай ілюстрацыяй таго пастуляту, што супрацоўніцтва паміж дзяржавамі з аўтарытарнымі рэжымамі моцна залежыць ад асабістых узаемаадносін іх лідэраў. У Аляксандра Лукашэнкі і ранейшага кіраўніка Ўзбэкістану Іслама Карымава (памёр у 2016 годзе) было пэрсанальнае непрыманьне, канфлікт. Раздражненьне адзін адным вылівалася ў публічныя звады, спрэчкі, узаемныя ўколы.

Сам Лукашэнка апавядаў журналістам, што адбылося на прыёме, які даваў тагачасны прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын у Маскве: «Узьнімаецца Карымаў. Р-раз, мяне зачапіў — што я, маўляў, камуністаў у Расеі ня лаю».

У 1996 годзе Карымаў, раздражнёны імкненьнем беларускага лідэра быць галоўным інтэгратарам на постсавецкай прасторы, проста адчытаў маладога калегу:

«Калі слухаеш прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, ствараецца ўражаньне, што калі рэспублікі былога СССР неадкладна ня зоймуцца інтэграцыяй і не аб’яднаюцца, то ўсе яны зьнікнуць — у іх няма ніякіх пэрспэктыў, ніякіх шанцаў на выжываньне, усіх іх чакае крызіс.

Растлумачыць празьмерную актыўнасьць некаторых палітыкаў, прыхільнікаў неадкладнай інтэграцыі, можна, па-першае, імкненьнем пастаянна быць на ўвазе, паказаць сябе дбайнікам інтарэсаў ня толькі свайго народу, але і іншых, калісьці былых у складзе СССР рэспублік. Па-другое, гэта тлумачыцца жаданьнем адцягнуць увагу сваіх суграмадзян і грамадзкасьці ад найважнейшых унутраных праблем».

Крыўды і папрокі

Але і Лукашэнка не заставаўся ў даўгу. У кастрычніку 2007 году, выступаючы перад расейскімі журналістамі, ён ня надта далікатна прайшоўся па тагачасным узбэцкім лідэры:

«Памятаеце няшчасьце, якое абрынулася на Ўзбэкістан? Ён цесна супрацоўнічаў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Як павялі сябе амэрыканцы ў адносінах да Ўзбэкістану? Яны гатовыя былі, як з Аўганістанам, пачаць вайну. Куды прыйшоў Карымаў? У СНД, да Расеі. Зьвярнуўся ў СНД: дапамажыце, абараніце. І ў ЭўрАзЭС, і ў АДКБ уступіў адразу ж. Зразумеў, дзе яго шчасьце».

У кастрычніку 2011 году Лукашэнка заявіў, што «трайная гульня, якую сёньня вядзе Ўзбэкістан, не дазваляе яму знаходзіцца ў АДКБ». А ў 2015 годзе на саміце СНД у Маскве прэзыдэнты Беларусі і Ўзбэкістану публічна паспрачаліся, хто з народаў унёс большы ўклад у перамогу над нацысцкай Нямеччынай.

Таму ня дзіўна, што Лукашэнка пры мінулым узбэцкім прэзыдэнце зрабіў толькі адзін візыт у гэтую краіну — у сьнежні 1994 году. Карымаў прыяжджаў у Менск толькі на саміты інтэграцыйных абʼяднаньняў. Узбэкістан быў адзінай постсавецкай дзяржавай, якая доўгі час ня мела ў Менску сваёй амбасады. Яна была адкрытая толькі ў чэрвені 2018 года, праз два гады пасьля сьмерці ранейшага прэзыдэнта Ўзбэкістану.

Падчас візыту Лукашэнкі ва Ўзбэкістан у 2024 годзе ён не ўтрымаўся, каб не папракнуць былога ўзбэцкага лідэра:

«Мы зь вялікай цікавасьцю назіраем за тымі пераўтварэньнямі, якія праходзяць ва Ўзбэкістане. Адзінае, што вам трэба, — гэта час. Упушчана ў свой час было нямала. Вам даводзіцца, як вы правільна сказалі, даганяць, даганяць і даганяць, а гэта заўсёды няпроста».

Пасьпяховае разьвіцьцё адносін

Нібы па кантрасьце, асабістыя адносіны Аляксандра Лукашэнкі і цяперашняга прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева склаліся добра. Таму пачалося актыўнае супрацоўніцтва.

Лукашэнка наведваў Узбэкістан з афіцыйным візытам у 2018 і 2024 гадах, з працоўнымі — у 2016-м (двойчы) і 2022-м. У 2014 і 2019 гадах адбыліся афіцыйныя візыты ўзбэцкага прэзыдэнта ў Беларусь.

Эканамічныя адносіны Беларусі і Ўзбэкістану дынамічна разьвіваюцца. Гэта ня так часта адбываецца ў дачыненьнях беларускай дзяржавы зь іншымі краінамі. Звычайна паездкі Лукашэнкі ў іншыя краіны, як і візыты замежных лідэраў у Менск мала ўплываюць на разьвіцьцё двухбаковых адносін. У гэтым пляне беларуска-ўзбэцкія стасункі — выключэньне.

За апошнія дзесяць гадоў (як раз за час кіраваньня Мірзіёева) аб’ём узаемнага гандлю таварамі вырас больш як у 13 разоў. Узбэкістан сёньня — адзін з трох найбуйнейшых гандлёвых партнэраў Беларусі ў СНД, пасьля Расеі і Казахстану.

Прычым, кожны год назіраецца рост гандлёвага абароту. Напрыклад, у 2023 годзе ён склаў $654,7 млн, у 2024 годзе — $774 млн, у 2025 годзе — $965 млн. А за першы квартал 2026 году гандаль павялічыўся ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году, склаўшы $259,7 млн. Гэта паводле зьвестак узбэцкага боку.

Статыстыка беларускага боку крыху больш сьціплая: па выніках 2025 году зьнешнегандлёвы абарот Беларусі і Узбэкістана перавысіў $855 млн. Выказваецца спадзеў на тое, што беларуска-ўзбэцкі таваразварот па выніках 2026 году дасягне 1 мільярду даляраў. Гэта цалкам рэальна.

Акрамя звычайнага гандлю, вялікую ролю адыгрывае вытворчая каапэрацыя: ва Ўзбэкістане працуюць сумесныя прадпрыемствы па зборцы беларускіх трактароў, грузавікоў, сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі.

Лукашэнка запрасіў узбэцкіх грамадзян семʼямі прыяжджаць у Беларусь на працу:

«У нас узбэкаў любяць, таму перш чым пакістанцы, хачу, каб вашы людзі да нас прыяжджалі сем’ямі. [...] Нам людзі патрэбныя, і пажадана з Узбэкістану. Вельмі добрыя людзі».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на канец 2025 году ў Беларусі працавала 3600 узбэцкіх грамадзян. У беларускіх ВНУ навучаецца больш за 5 тысяч узбэцкіх студэнтаў, а некалькі гадоў таму іх было ўсяго толькі некалькі дзясяткаў.

Таксама паказальна, што падчас візыту з боку Лукашэнкі публічна не гучала нейкіх антызаходніх выпадаў. Бо Ўзбэкістан не зьяўляецца чальцом Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы і мае нармальныя адносіны з ЗША і краінамі Эўразьвязу.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG