У Краснадарскім краі Расеі на тэрыторыі Ільскага нафтаперапрацоўчага заводу (НПЗ) пасьля начной атакі дронамі пачаўся пажар.
Як паведамілі ў апэратыўным штабе Краснадарскага краю, людзі не пацярпелі.
Ільскі НПЗ ужо ня раз цярпеў ад украінскіх атак. Гэты завод адзін з найбуйнейшых на поўдні Расеі, ён мае перапрацоўчую магутнасьць прыблізна 6,6 мільёна тон нафты на год. Прадпрыемства выпускае нафтапрадукты, якія выкарыстоўваюцца і для забесьпячэньня расейскай арміі.
Аб украінскай атацы паведаміў і губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Сьлюсар. Ён заявіў, што ў гарадах Таганрогу і Азове, а таксама ў Азоўскім і Мацьвеева-Курганскім раёнах расейская СПА нібыта зьнішчыла прыблізна 35 бесьпілётнікаў. Паводле яго, ніхто не пацярпеў.
«У Азове ў выніку атакі бесьпілётніка на двух нафтасховішчах пачаўся пажар. [...] У Таганрозе ў выніку падзеньня аскепкаў пашкоджаныя вокны і дзьверы прыватнага дому. Пацярпелых няма. Таксама адбылося ўзгараньне на даху адміністрацыйнага будынку. Пацярпелых і разбурэньняў няма. Агонь патушылі. Цяпер ідзе ліквідацыя ўзгараньня ў морскім порце», — сказаў Сьлюсар.
Пра маштабны пажар ў Таганрозе таксама паведаміў канал Astra, спасылаючыся на відэазапісы відавочцаў. Згодна з інфармацыяй гэтага каналу, у Цьверы надалей гарыць нафтабаза пасьля ўчорашняй атакі ўкраінскіх сілаў.
Фота і відэа пажараў пасьля ўдараў у Растоўскай вобласьці раніцай 10 ліпеня апублікаваў маніторынгавы Telegram-канал Exilenova+. На відэа і фота бачныя густыя слупы дыму ад пажараў у Азове і Таганрозе.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін таксама заявіў пра атаку ўкраінскіх бесьпілётнікаў. Уначы ён паведаміў, што расейская СПА зьбіла сама меней дзесяць дронаў, і дадаў, што на месцы падзеньня аскепкаў працуюць спэцыялісты тэрміновых службаў.
У маскоўскім аэрапорце Дамадзедава празь небясьпеку ўвялі абмежаваньні. Там цяпер прымаюць і выпускаюць самалёты «па ўзгадненьні з адпаведнымі органамі».
Украінскія вайскоўцы пакуль не камэнтуюць атаку. Радыё Свабода ня можа праверыць зьвесткі аб наступствах украінскіх удараў зь незалежных крыніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Урад Беларусі падчас паліўнага крызісу ў Расеі ўдвая зьнізіў экспартныя стаўкі на нафтапрадуктыЗяленскі: імпарт паліва ў Расею — «гістарычны анэкдот»
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна ўжо істотна падарвала забесьпячэньне Расеі палівам, у выніку чаго краіна, якая традыцыйна экспартавала нафтапрадукты, цяпер вымушана іх імпартаваць, у тым ліку і зь Беларусі.
«Шчыра кажучы, ваша пытаньне гучыць як гістарычны анэкдот. Праўда. Краіна такая, як Расея, эканоміка якой заўсёды арыентавалася на экспарт сваіх энэрганосьбітаў, сёньня займаецца тым, каб недзе знайсьці паліва, нейкім чынам павялічыць закупкі, імпарт паліва. Ці перашкодзіць гэтаму Ўкраіна? Ужо Ўкраіна перашкодзіла. Мы ўжо гэта зрабілі», — сказаў Уладзімір Зяленскі, адказваючы на адпаведнае пытаньне журналістаў.
«Мяркую, калі б Ельцын (першы прэзыдэнт Расеі. — РС) ведаў, што праз больш чым 20 гадоў Расея замест экспарту будзе імпартаваць энэрганосьбіты, бо яна па-дурному вырашыла разьвязаць вайну, Ельцын абраў бы іншага наступніка», — працытавала Зяленскага Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Чаму гэта важна
Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.
Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі моцны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.
Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.
Пастаўкі нафтапрадуктаў зь Беларусі ў Расею ў чэрвені 2026 году дасягнулі гістарычнага максымуму — 141 тысяча тон за першыя 25 дзён месяца. Аднак ужо ў пачатку ліпеня продаж беларускіх нафтапрадуктаў рэзка скараціўся, бо заводы распрадалі ўсе ліпеньскія аб’ёмы, а экспарт празь біржу стаў нявыгадным праз цэнавую стэлю.
У Беларусі працуюць два нафтаперапрацоўчыя заводы — Мазырскі і Новаполацкі. Абодва прадпрыемствы перапрацоўваюць ад 12 да 24 мільёнаў тон нафты на год, але іх здольнасьці павялічваць аб’ём вытворчасьці абмежаваныя базай рэсурсаў.
Беларусь пастаўляла ў Расею нафтапрадукты, спачатку прызначаныя для экспарту ў краіны Цэнтральнай Азіі. Пасьля піку рэалізацыі аб’ёмы паліва зьнізіліся з больш чым 7 тысяч тон да сотняў тон на содні, што выклікала павелічэньне гуртовых цэнаў на бэнзін АІ-92 да 140–142 тысяч рублёў за тону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі гараць дзьве нафтабазы і танкеры. Ва Ўкраіне павялічваецца лік ахвяр расейскіх абстрэлаўРасея забараніла экспарт дызэльнага паліваШто адбываецца ў Омску пасьля ўкраінскага нападу на найбуйнейшы НПЗ ў РасеіРасейцы стаяць у чэргах па бэнзін. А як запраўляюцца на АЗС украінцы пад пастаяннымі расейскімі атакамі? ФОТА і ВІДЭАКыргызстан просіць паліва ў Беларусі і Кітая, каб кампэнсаваць крызіс паставак з РасеіРасея рэзка павялічыла імпарт беларускага бэнзіну, але гэта мала што мяняеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.