Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забараніла экспарт дызэльнага паліва

Чэргі на запраўках у Маскве
Чэргі на запраўках у Маскве

Пастаянныя трапныя ўдары Ўкраіны па расейскай тэрыторыі прымушаюць Крэмль ісьці на вялікія скарачэньні і забароны.

Штодзённыя ўдары Ўкраіны па нафтаерапрацоўчых заводах Расеі прывялі да новых рашэньняў у Крамлі. Цяпер Расея забараніла экспарт дызэльнага паліва.

Пра гэта стала вядома на нарадзе расейскага ўраду з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Нарада была прысьвечана дэфіцыту паліва ў Расеі. Віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аляксандр Новак заявіў, што неўзабаве павінна пачацца пастаўка ў Расею імпартных нафтапрадуктаў.

Паводле Новака, «сытуацыя з палівам часткова стабілізаваная, але пакуль што застаецца няпростай».

Акрамя таго, Новак сказаў, што ў Расеі ўжо нарошчваюць дадатковыя аб'ёмы вытворчасьці за кошт нафтапрадуктаў больш нізкай экалягічнай клясы.

Раней у Расеі ўрад увёў забарону на экспарт бэнзіну і авіяцыйнай газы. Крэмль пачаў дамаўляцца на пастаўкі з Індыяй і Японіяй, а таксама рэзка павялічыў закупкі паліва ў Беларусі.

Таксама сёньня стала вядома, што Кыргызстан чакае паставак паліва з Кітая і Беларусі, каб даць рады з наступствамі недахопу паліва ў свайго галоўнага пастаўшчыка Расеі.

Мясцовыя СМІ цытуюць намесьніка прэм’ер-міністра Даніяра Амангельдыева, які заявіў, што Кыргызстан падпісаў кантракты з Беларусьсю на тры пастаўкі авіяцыйнага і дызэльнага паліва, а таксама дасягнуў такіх жа дамоваў з Кітаем, піша Reuters.

Што папярэднічала

Украіна атакуе расейскія тэрыторыі, наносячы ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах. Вайсковае камандаваньне гаворыць пра тое, што спрабуе пазбавіць Расею паліва, каб яго не маглі пастаўляць войскам на акупаваных землях Украіны для працягу вайны.

Першым зазнаў недахоп паліва анэксаваны расейцамі Крым, у якім увялі сур'ёзныя абмежаваньні, а недзе нават забарону на продаж паліва насельніцтву.

Пасьпяховасьць і масавасьць украінскіх удараў па расейскіх прадпрыемствах стала прычынай глыбокага паліўнага крызісу ў Расеі і анэксаваных ёй Крыме. У некаторых рэгіёнах уведзеныя строгія забароны або абмежаваньні на продаж паліва насельніцтву, чэргі па бэнзін і дызэль сталі бачнымі нават на спадарожнікавых здымках з космасу.

1 ліпеня цэны на беларускі бэнзін АІ-92, які пастаўляецца ў Расею, за тыдзень вырасьлі на 6%, да 127 тысяч расейскіх рублёў за тону.

Экспэрт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін заявіў Расейскай службе Радыё Свабода, што бэнзін у Расею паступае з двух беларускіх заводаў:

«Але там невялікія абʼёмы, бо два беларускія заводы разам маюць магутнасьць экспарту нафтапрадуктаў прыкладна 13 мільёнаў тон у год — гэта прыкладна адзін расейскі нафтаперапрацоўчы завод».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG