Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея рэзка павялічыла імпарт беларускага бэнзіну, але гэта мала што мяняе

Чарга на запраўку ў Маскве, 3 ліпеня 2026 г.
Чарга на запраўку ў Маскве, 3 ліпеня 2026 г.

Расея ў чэрвені 2026 году павялічыла імпарт бэнзіну з Беларусі да гістарычнага максымуму. Паводле расейскага выданьня «Ведомости» са спасылкай на дадзеныя Цэнтру цэнавых індэксаў, з 1 па 25 чэрвеня ў Расею было пастаўлена 141 тысяча тонаў беларускага бэнзіну.

Гэта ў 2,4 раза больш, чым за ўвесь травень. Для параўнаньня, у чэрвені 2025 году Расея імпартавала зь Беларусі толькі каля тысячы тонаў бэнзіну.

Паводле Цэнтру цэнавых індэксаў, Беларусь перанакіравала на расейскі рынак аб’ёмы паліва, якія раней прызначаліся для краінаў Цэнтральнай Азіі.

Апытаныя выданьнем экспэрты мяркуюць, што павелічэньне паставак зь Беларусі дапаможа палепшыць сытуацыю на расейскім рынку паліва, аднак не зможа цалкам ліквідаваць дэфіцыт.

Паводле экспэрта ў энэргетыцы Кірыла Радзівонава, Беларусь можа экспартаваць 1,8–2 мільёны тон бэнзіну за год, або каля 150–170 тысяч тон штомесяц.

Раней агенцтва Reuters паведамляла, што летам штодзённае спажываньне бэнзіну ў Расеі складае ня менш як 110 тысяч тон. На фоне паліўнага крызісу, выкліканага ўдарамі ўкраінскіх беспілётнікаў па нафтавых аб’ектах, Расея вымушаная нарошчваць закупкі паліва за мяжой. Краіна ўжо пачала імпартаваць бэнзін з Індыі, а таксама вядзе перамовы пра пастаўкі з Казахстанам.

У ліпені Міністэрства энэргетыкі Кіргізстану таксама зьвярнулася да Беларусі і суседніх краінаў з просьбай дапамагчы з пастаўкамі паліва, паколькі каля 90% бэнзіну ў краіну раней паступала з Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG