Telegram-канал ASTRA з спасылкай на свой OSINT-аналіз паведаміў, што ўкраінскія дроны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ) у Саратаве. Як бачна на разьмешчаных відэазапісах, там пачаўся пажар.
Губэрнатар Саратаўскай вобласьці Раман Бусаргін лучаньне ў НПЗ не пацьвердзіў, але заявіў, што ў выніку атакі дронаў ёсьць пашкоджаныя аб’екты цывільнай інфраструктуры. Паводле яго, загінуў адзін чалавек, ёсьць пацярпелыя.
Саратаўскі НПЗ не ўпершыню цярпіць ад украінскіх удараў. Апошні раз яго атакавалі сёлета ў траўні.
Апроч таго, шэраг Telegram-каналаў паведаміў пра атаку на Ніжнякамск у Татарстане. Паводле ўкраінскага каналу Exilenova+, у гэтым горадзе маглі атакаваць нафтахімічны комплекс «Нижнекамскнефтехим». Дрон, імаверна, упаў на тэрыторыю нафтаперапрацоўчага заводу.
Мясцовыя ўлады пацьвердзілі, што ў ноч на 8 ліпеня Ніжнякамск пацярпеў ад маштабнай атакі бесьпілётнікаў, але пра наступствы атакі не паведамляюць.
Канал ASTRA паведаміў таксама пра пажар на вайсковым аэрадроме «Барысаглебск» у Варонескай вобласьці. Паводле губэрнатара Варонескай вобласьці Аляксандра Гусева, у адным з муніцыпалітэтаў на інфраструктурным аб’екце пачаўся пажар.
Пазьней у Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны пацьвердзілі пацэльваньні ў Саратаўскай і Варонескай вобласьцях, а таксама ў Татарстане. Апроч таго, пацэлілі ў шэсьць танкераў ценявога флёту Расеі ў Чорным і Азоўскім морах. 7 ліпеня ўкраінскія сілы пашкодзілі два аўтамабільныя масты ў Белгарадзкай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кыргызстан просіць паліва ў Беларусі і Кітая, каб кампэнсаваць крызіс паставак з РасеіОмскі НПЗ спыніў сваю працу
Агенцтва Reuters з спасылкай на дзьве крыніцы ў нафтавай сфэры Расеі паведаміла аб спыненьні працы Омскага нафтаперапрацоўчага заводу пасьля ўкраінскага ўдару 6 ліпеня.
У выніку ўдару загарэлася і пашкоджаная ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты (ЭЛОУ-АВТ-10), на якую прыпадае прыблізна 38% магутнасьці заводу.
Яшчэ адну ўстаноўку (ЭЛОУ-АВТ-11), што забясьпечвае 37% магутнасьці, таксама спынілі праз пашкоджаньне некаторых аб’яднаўчых каналаў. Але яна можа неўзабаве аднавіць працу .
Ад 7 ліпеня Омскі НПЗ спыніў гуртавы продаж аўтамабільнага бэнзіну і дызэльнага паліва на Санкт-Пецярбурскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы. Аднак афіцыйнай інфармацыі аб спыненьні гэтага прадпрыемства дагэтуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Узброеныя сілы Ўкраіны ўпершыню атакавалі найбуйнейшы ў Расеі Омскі НПЗ за 2500 кілямэтраў ад фронтуЯкія атакі пацьвердзілі ва Ўкраіне
У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі пра новы ўдар па авіябазе «Джанкой» у Крыме, дзе пашкодзілі рэтрансьлятары для дронаў і склады з зброяй і вайсковай тэхнікай, па інфраструктуры порту «Крым» у Керчы і па складах з боепрыпасамі і палівам у населеных пунктах Новагрыгораўка і Чырвонае.
Яшчэ некалькі вайсковых аб’ектаў Расеі зьнішчылі на тэрыторыі акупаваных Данецкай і Запароскай вобласьцяў.
Інфармацыя аб лучаньні ўкраінскіх сіл зьяўляецца пазьней — яе публікуюць пасьля атрыманьня доказаў і маштабаў шкоды.
Галоўны вайскавод Узброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі заявіў, што толькі ў чэрвені ўкраінскія далёкабойныя дроны паразілі 172 расейскія цэлі ў «апэратыўнай і стратэгічнай глыбіні».
«Вораг ужо адчувае наступствы гэтых удараў. Іхная інтэнсіўнасьць і эфэктыўнасьць і далей будуць расьці», — сказаў ён.
Паводле яго, Сілы абароны Ўкраіны працягваюць нарошчваць колькасьць падразьдзелаў Middle Strike і Deep Strike.
«Тылы праціўніка, яго вайсковая лягістыка, склады, пункты кіраваньня, энэргетычная інфраструктура і далей будуць знаходзіцца пад сталым агнявым уплывам Сілаў абароны Ўкраіны», — падкрэсьліў Аляксандар Сырскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кыргызстан просіць паліва ў Беларусі і Кітая, каб кампэнсаваць крызіс паставак з РасеіЧаму гэта важна
Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.
Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі моцны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.
Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.