Эстонія адмовілася пусьціць беларускіх і расейскіх стралкоў на першынство Эўропы. Турнір у яе забралі

Ілюстрацыйнае фота

Гэта ня першы выпадак, калі міжнародныя спаборніцтвы праходзяць на тле скандалу, зьвязанага з допускам на турнір прадстаўнікоў Расеі і Беларусі. Іх можа быць яшчэ больш, бо 7 ліпеня МАК зьняў усе абмежаваньні з Расеі.

Эстонію пазбавілі першынства Эўропы ў стральбе з пнэўматычнай вінтоўкі пасьля адмовы ўладаў пусьціць у сваю краіну спартоўцаў зь Беларусі і Расеі.

Урад Эстоніі ня стаў чакаць разьвіцьця падзей і папярэдзіў Эўрапейскую стралковую канфэдэрацыю (ESC) пра тое, што ня можа гарантаваць расейцам і беларусам удзелу. За гэта ESC забрала ў краіны права прыняць турнір, інфармуе ERR.ee.

У выніку турнір, які заплянаваны на 3-9 сакавіка 2027 году, адбудзецца ў гішпанскай Гранадзе. Ён вельмі важны ў календары стралкоў, бо будзе адборавым на Алімпійскія гульні 2028 году ў Лос-Анджэлесе.

Эстонская стралковая асацыяцыя атрымала права зладзіць першынство Эўропы-2027 на кангрэсе ў 2023 годзе. Талін павінен быў прыняць такія спаборніцтвы ўжо ў чацьвёрты раз пасьля 1998, 2005 і 2023 гадоў.

«Вядома, шкада, што ў нас ня будзе магчымасьці правесьці першынство Эўропы. Мы разумеем, што ў выпадку з кваліфікацыйнымі спаборніцтвамі Алімпійскіх гульняў Эўрапейская стралковая канфэдэрацыя кіруецца прынцыпам, што ўсе спартоўцы, якія маюць права ўдзельнічаць, павінны мець магчымасьць спаборнічаць. Аднак Эстонская стралковая фэдэрацыя кіруецца прынцыпам эстонскай дзяржавы і ня можа дазволіць грамадзянам Беларусі ці Расеі ўезд у Эстонію», — сказаў прэзыдэнт Эстонскай стралковай фэдэрацыі Вахур Карус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародны зьвяз канькабежцаў дапусьціў расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў у нэўтральным статусе

Што адбылося?

Раней краіны Балтыі забаранілі ладзіць на сваёй тэрыторыі прафэсійныя спаборніцтвы з удзелам прадстаўнікоў Беларусі і Расеі. Гэта быў адказ на вайну, якую Расея пры дапамозе рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі вядзе супраць Украіны. А таксама дэманстрацыя нязгоды зь міжнароднымі фэдэрацыямі, якія на рэкамэндацыю Міжнароднага алімпійскага камітэту паступова здымаюць абмежаваньні зь дзьвюх краінаў, хаця вайна ва Ўкраіне не спынілася.

7 траўня МАК афіцыйна зьняў усе абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў, параіўшы міжнародным фэдэрацыям, за якімі пакінуў апошняе слова, прымаць прадстаўнікоў Беларусі пад дзяржаўнымі сьцягам і гімнам. 7 ліпеня такія ж абмежаваньні зьнялі і супраць Расеі. Пры гэтым МАК напісаў у афіцыйным паведамленьні пра тое, што захоўвае «ранейшы погляд» на вайну Расеі супраць Украіны і працягне падтрымліваць заснаваны Фонд салідарнасьці з Украінай.

Зьмены ў палітыку МАК сталі ўводзіца пасьля абраньня на пасад першай жанчыны ў гісторыі — зымбабвійкі Кірсьці Ковэнтры.

Пратэсты дзяржаў Балтыі і Польшчы

Улады Латвіі, Эстоніі і Літвы даўно рашуча пратэстуюць супраць зьняцьця абмежаваньняў з расейскіх і беларускіх спартоўцаў. Разам з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Украіны яны рашуча патрабуюць адлучэньня такіх атлетаў ад спаборніцтваў.

Разам зь імі рашуча выступае супраць допускаў і Польшча. Яна таксама, як і Эстонія, пазбавілася права прыняць міжнародны турнір. У канцы 2025 года Міжнародная фэдэрацыя цяжкой атлетыкі забрала ў краіны першынство Эўропы ў цяжкой атлетыцы сярод юніёраў і спартоўцаў да 23 гадоў, якое мелася адбыцца ў Любліне. Прычынай стала тое, што польскі бок не гарантаваў выдачы візаў удзельнікам з Расеі і Беларусі. Тады турнір перанесьлі ў Альбанію.

Польшча, Літва і шэраг іншых краінаў збайкатавалі цырымонію адкрыцьця зімовых Алімпійскіх гульняў з прычыны дазволу расейскай і беларускай дэлегацыям выкарыстоўваць на ёй дзяржаўныя сьцягі.

Каманды Літвы, Эстоніі і некалькіх іншых дзяржаў раней адмаўляліся сустракацца з прадстаўнікамі Беларусі ў розных відах спорту, за што атрымлівалі тэхнічныя паразы.

Таксама Латвія і Літва адмовіліся прымаць зборную Беларусі на першынстве Эўропы ў міні-футболе, якое адбылося ўзімку 2026 году. Праз гэта паядынкі групы з удзелам беларусаў і вырашальныя стадыі перанесьлі ў Славенію, пакінуўшы літоўцам і латышам меншую частку турніру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі футбольны клюб зарабіў грошы за ўдзел у эўракубках, але ня можа атрымаць іх праз санкцыі