Міжнародны зьвяз канькабежцаў (ISU) дапусьціў спартоўцаў з Расеі і Беларусі да спаборніцтваў па фігурным катаньні, канькабежным спорце і шорт-трэку ў нэйтральным статусе.
Спартоўцы і дапаможны пэрсанал ня змогуць выкарыстоўваць дзяржаўныя сьцягі, нацыянальную форму і гімн падчас спаборніцтваў.
У дакумэнце гаворыцца, што расейскім і беларускім спартоўцам дазволілі прымаць удзел як у індывідуальных, так і ў камандных спаборніцтвах.
Да спаборніцтваў не дапусьцяць спартоўцаў, якія бралі ўдзел у поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны, падтрымлівалі гэтую вайну або служаць ва ўзброеных сілах або органах нацыянальнай бясьпекі Расеі або Беларусі.
Як заявілі ў ISU, прынятае ў сакавіку 2022 года рашэньне аб нядопуску Расеі і Беларусі часткова адмянілі, прыняўшы да ўвагі рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэта і рашэньні іншых спартыўных фэдэрацый.
Раней Міжнародная фэдэрацыя асацыяцый фэхтавання (FIE), Міжнародная фэдэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics), Міжнародная фэдэрацыя гімнастыкі (World Gymnastics) і іншыя спартыўныя саюзы дапусьцілі расейскіх і беларускіх удзельнікаў да спаборніцтваў з дзяржаўнымі гімнамі і сьцягамі.
Чаму гэта важна
Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.
7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.
Поўнае адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай захавала Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі. У тэнісе беларусы могуць выступаць толькі індывідуальна. У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца ў тры турніры сэзону 2026—2027.
Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК
У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.
У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.
«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.
Дазвол на ўдзел у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.