Міжнародная фэдэрацыя гандболу паказала сьпіс удзельнікаў першынства сьвету 2027 году. Турнір адбудзецца ў студзені 2027 году ў Нямеччыне.
Сярод удзельнікаў няма зборнай Беларусі, якая падавала заяўку на атрыманьне адной з двух wild-card.
Яшчэ 19 траўня прэзыдэнт Фэдэрацыі гандболу Беларусі Ўладзімер Канаплёў пасьля рэкамэндацыі галоўнага трэнэра мужчынскай зборнай Беларусі Юрыя Шаўцова правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі гандболу доктарам Хасанам Мустафам. У размове Канаплёў неаднаразова заклікаў Мустафу падтрымаць станоўчае рашэньне аб выдачы Беларусі wild-card, паведамляў партал handball-planet.
Канаплёў у той размове таксама нагадаў, што 28 лютага 2022 году Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамэндаваў адхіліць беларускіх спартоўцаў і каманды ад афіцыйных міжнародных спаборніцтваў. Паводле слоў старшыні, гэтае рашэньне нібыта «супярэчыць прынцыпам Алімпійскай хартыі». Ён таксама адзначыў, што 7 траўня 2026 году МАК зьняў усе абмежаваньні адносна Беларусі, і папрасіў улічыць гэтыя абставіны, сьцьвярджаючы, што Беларусі варта кампэнсаваць тое, што ён назваў «працяглым і несправядлівым адхіленьнем», даўшы ёй месца на будучым чэмпіянаце сьвету.
Хасан Мустафа паабяцаў Канаплёву, што Міжнародная гандбольная фэдэрацыя правядзе перамовы з МАК, каб абмеркаваць магчымае вяртаньне каманд зь Беларусі і Расеі на афіцыйныя міжнародныя спаборніцтвы.
Раней БФГ накіравала прэзыдэнту МГФ некалькі пісьмовых запытаў адносна магчымасьці атрыманьня wild-card на чэмпіянат сьвету 2027 году.
Але канчатковае рашэньне міжнароднай установы было не на карысьць беларусаў. Месцы ў турніры аддалі Турэччыне і Саудаўскай Арабіі.
Лёсаваньне ўсясьветнага першынства пройдзе ў Мюнхэне 10 чэрвеня.
Дзе і чаму пачалі здымаць санкцыі?
7 траўня 2026 году Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні Беларусі і беларускіх спартоўцаў.
Пакуль толькі Ўсясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакінула дзейным адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, што праходзяць пад яе эгідай.
У большасьці відаў абмежаваньні здымаюць як зь беларусаў, так і з расейцаў. Адным з выняткаў стала рашэньне Эўрапейскага гімнастычнага зьвязу, які пакінуў удзел расейцаў на ўмовах строгай нэўтральнасьці і без сымбаляў, а зь беларусаў абмежаваньні зьняў. Цяпер сваё рашэньне адхіліць беларусаў і расейцаў ад турніраў пацьвердзілі і гандбольныя ўлады.
Беларусаў ужо дапусьцілі да спаборніцтваў пад дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам і гімнам у спартовай гімнастыцы, плаваньні, сучасным пяціборстве, водных лыжах, тайскім боксе, більярдзе, фэхтаваньні і некалькіх іншых відах. У хакеі санкцыі зьнялі пакуль толькі зь юнацкай і дзявочай зборных краіны.
Форум