Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заклікала міжнародныя фэдэрацыі адмовіцца ад допуску атлетаў зь Беларусі і Расеі на спаборніцтвы

Спаборніцтвы па гімнастыцы 2019 году. Ілюстрацыйнае фота
Спаборніцтвы па гімнастыцы 2019 году. Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны супольна зь Міністэрствам моладзі і спорту, а таксама мясцовымі фэдэрацыямі зьвярнуўся з афіцыйнымі лістамі да міжнародных спартовых арганізацый з заклікам не дапусьціць вяртаньня беларускіх і расейскіх спартоўцаў на спаборніцтвы пад нацыянальнымі сымбалямі.

«Падставай для адпаведных зваротаў стала рашэньне Выканаўчага камітэту Міжнароднага алімпійскага камітэту ад 7 траўня 2026 году аб зьмене рэкамэндацый наконт допуску беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў пад нацыянальнай сымболікай. Пасьля гэтага асобныя міжнародныя фэдэрацыі пачалі разгляд або ўхваленьне рашэньняў аб вяртаньні на спаборніцтвы пад дзяржаўнымі сьцягамі ня толькі прадстаўнікоў Беларусі, а і Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны.

У прыватнасьці, адпаведныя лісты накіравалі ў міжнародныя фэдэрацыі боксу, валейболу, дзюдо, хакею, спартовай стральбы, ветразевага спорту, веславаньня, канькабежнага спорту, баскетболу, веласпорту, коннага спорту, бабслэю і скелэтону, спартовай барацьбы, фігурнага катаньня, сучаснага пяціборства, плаваньня, тэнісу, веславаньня на байдарках і каноэ, лёгкай атлетыкі, ролікавага спорту, трыятлёну, стральбы з луку, амэрыканскага футболу, бэйсболу, саннага спорту, рэгбі, скалалажаньня, цяжкай атлетыкі і футболу.

Украінскі бок абгрунтаваў немагчымасьць вяртаньня на спартовыя арэны беларусаў і расейцаў працягам поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны і саўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.

Асобна ў лістах зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя зь бясьпекай ва Ўкраіне не зьмянілася, а з пачатку поўнамаштабнай вайны загінулі больш за 600 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў.

На думку ўкраінскага боку, допуск спартоўцаў зь Беларусі і Расеі пад нацыянальнымі сымбалямі супярэчыць палажэньня Алімпійскай хартыі.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Пакуль толькі Ўсясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) і Міжнародная фэдэрацыя гандболу пакінулі дзейным адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, што праходзяць пад іх эгідай.

У большасьці відаў абмежаваньні здымаюць як зь беларусаў, так і з расейцаў. Адным з выняткаў стала рашэньне Эўрапейскага гімнастычнага зьвязу, які пакінуў удзел расейцаў на ўмовах строгай нэўтральнасьці і бяз сымбаляў, а зь беларусаў абмежаваньні зьняў. Цяпер сваё рашэньне адхіліць беларусаў і расейцаў ад турніраў пацьвердзілі і гандбольныя ўлады.

Беларусаў ужо дапусьцілі да спаборніцтваў пад дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам і гімнам у спартовай гімнастыцы, плаваньні, сучасным пяціборстве, водных лыжах, тайскім боксе, більярдзе, фэхтаваньні і некалькіх іншых відах. У хакеі санкцыі зьнялі пакуль толькі зь юнацкай і дзявочай зборных краіны.аіны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG