Начальнік упраўленьня спорту Менскага абласнога выканаўчага камітэту Раман Кузьняцоў расказаў пра даўгі Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA) перад «Тарпеда-БелАЗ» за выступленьне каманды ў эўрапейскіх кубкавых турнірах. Больш за тое — як высьветлілася, размова ня толькі пра футбольную каманду. Акрамя таго, неатрыманыя грошы пацягнулі за сабою запазычанасьці клюбаў перад дзяржавай.
«Два нашыя клюбы, якія заснаваныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі, — гэта футбольны клюб „Тарпэда-БелАЗ“ і хакейны салігорскі „Шахтар“. У гэтых клюбаў ёсьць даўгі, запазычанасьць за папярэднія гады, у некаторых нейкія выдаткі з аб’ектыўных прычынаў, нейкія — зь неаб’ектыўных.
Напрыклад, „Тарпэда-БелАЗ“ удзельнічала ў эўракубках, расходная частка даволі вялікая. З улікам санкцый БелАЗу сродкі ад UEFA за апошнія тры гады так і не паступілі, а гэта больш за 2 млн даляраў. На сёньня складваецца дэфіцыт. Сустракаліся з кіраўніцтвам прадпрыемства, перад якім ёсьць гэтыя даўгі: за карыстаньне базай, пражываньне, харчаваньне, арэнду стадыёна, транспарт і іншае. Сёньня прадпрыемства быццам бы гатовае аказаць падтрымку, каб вярнуць сабе гэтыя грошы, але ў рамках лімітаў такіх мэханізмаў няма», — сказаў Кузьняцоў, якога цытуе «Трыбуна».
Ліміты, пра якія згадаў Кузьняцоў — наступствы новага ўказу Лукашэнкі № 337, які істотна зьмяніў правілы дзяржаўнага фінансаваньня спартовых арганізацый. Менавіта з нагоды пытаньняў у разуменьні новага ўказу 24 чэрвеня адбылася нарада з удзелам Міністэрства спорту.
Чаму гэта адбываецца?
Жодзінскае прадпрыемства БелАЗ яшчэ з чэрвеня 2021 году знаходзіцца пад эўрапейскімі санкцыямі. Усе апэрацыі, у тым ліку пераказ грошай на банкаўскія рахункі заводу забароненыя краінамі Эўразьвязу і шэрагам іншых дзяржаў.
Жодзінскае «Тарпэда» апошнім часам стала часьцей зьяўляцца ў эўракубкавых турнірах. Але санкцыі моцна ўплываюць на аўтазаводцаў ня толькі ў пляне немагчымасьці атрыманьня заробленых грошай ад UEFA, але і ў арганізацыі сустрэчаў. Беларускім клюбам праз абмежаваньні ў спорце ўжо некалькі гадоў не дазваляюць прымаць супернікаў на радзіме. Яны вымушаныя праводзіць абодва паядынкі за мяжою, адзін у трэцяй краіне, другі на полі суперніка.
Адпаведна, паўстаюць пытаньні з паездкамі на гэтыя гульні. Праз забарону авіяпералётаў у краіны Заходняй і Паўночнай Эўропы беларускія клюбы дабіраюцца на частку сустрэчаў праз Стамбул, на частку ж — аўтобусамі. Усё гэта вымагае дадатковых дзён і грошай. Такім чынам, свае апошнія сустрэчы ў эўрапейскіх турнірах супраць «Мілсамі» (Малдова), «Работнічкі» (Македонія) і «Макабі» (Хайфа, Ізраіль) тарпэдаўцы мусілі гуляць не ў Беларусі.
За сам удзел у эўракубках і за набраныя там пункты UEFA вызначае грашовыя ўзнагароды. Зарабіў іх і жодзінскі клюб. Але паводле эўрапейскіх законаў фінансавыя апэрацыі зь БелАЗам і арганізацыямі, зьвязанымі з заводам, забароненыя.
Санкцыі супраць БелАЗу
Як указана ў абгрунтаваньні раней уведзеных Эўразьвязам санкцый, БелАЗ — адно з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі і зьяўляецца крыніцай значных даходаў для дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Завод даваў свае памяшканьні і абсталяваньне для правядзеньня палітычнага мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі. Сам Лукашэнка называў БелАЗ — «беларускім брэндам» і «часткай нацыянальнай спадчыны», абяцаючы, што ўрад будзе заўсёды падтрымліваць завод.
Такім чынам, на думку чыноўнікаў ЭЗ, кіраўніцтва БелАЗ атрымлівае выгаду ад існаваньня рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго. Пра гэта гаворыцца і ў матэрыялах адпаведных спраў.
БелАЗ, як і фундатар згаданага хакейнага «Шахтара» «Беларуськалій», неаднаразова спрабавалі пазбыцца эўрапейскіх абмежаваньняў. Аднак іхныя пазовы ў суд Эўразьвязу не прынесьлі посьпеху, санкцыі засталіся ў сіле.
Форум