Віцэ-прэзыдэнт ПА АБСЭ: Мы не павінны забывацца на злачынны характар рэжыму Лукашэнкі

Сустрэча дэпутатаў з дэлегацыяй дэмакратычных сілаў Беларусі падчас сэсіі ПА АБСЭ. Гаага, 5 ліпеня 2026 году

У Гаазе праходзіць сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, на якой прысутнічаюць як дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай, так і дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Парлямэнцкая асамблея Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (ПА АБСЭ) павінна чуць галасы «не супрацоўнікаў КДБ, якія выступаюць на паседжаньнях», а «сапраўдных беларускіх палітыкаў і лідэраў грамадзянскай супольнасьці», заявіў 5 ліпеня ў Гаазе віцэ-прэзыдэнт ПА АБСЭ, кіраўнік пастаяннай дэлегацыі Ўкраіны Мікіта Патураеў, піша «Позірк».

Парлямэнтар, які таксама займае пасаду старшыні камітэту гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі Вярхоўнай Рады Ўкраіны, выступіў на сустрэчы зь беларускім дэмакратычным лідэрам Сьвятланай Ціханоўскай на палях чарговай сэсіі ПА АБСЭ ў Гаазе, якая праходзіць 4–8 ліпеня.

Падчас гэтай сустрэчы была заснаваная міжпарлямэнцкая дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь» Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

«Мы падтрымліваем стварэньне такой групы, — сказаў Патураеў. — Мы абсалютна перакананыя, што дэмакратычная Беларусь павінна быць стала прадстаўленая ў нашай арганізацыі».

Віцэ-прэзыдэнт ПА АБСЭ падтрымаў тэзіс Ціханоўскай аб неабходнасьці «асабліва падкрэсьліць глыбокую ўцягнутасьць і беспасярэдні ўдзел асабіста Лукашэнкі і ягонага рэжыму ў вайне супраць Украіны».

«Ён нясе адказнасьць за ўсе ваенныя злачынствы, цалкам адказны за забесьпячэньне расейскай арміі — за наданьне ёй апэратыўнай базы, за пастаўкі для расейскай арміі ваеннай тэхнікі, а цяпер таксама паліва й іншых крытычна важных для Расеі рэсурсаў, — адзначыў сьпікер. — Мы не павінны забываць аб злачынным характары рэжыму Лукашэнкі: як аб яго ўнутранай злачыннай сутнасьці, якая праяўляецца ў шматлікіх злачынствах супраць уласных грамадзян, так і аб яго вонкавай злачыннай сутнасьці, якая выяўляецца ў яго беспасярэднім удзеле ў агрэсіўнай і генацыднай вайне Расеі супраць Украіны».

Патураеў назваў вельмі важнай дапамогу беларусам у захаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці. Паводле яго, з 2020 году «беларуская мова, якая да гэтага разьвівалася і ўмацоўвалася, фактычна апынулася пад пагрозай зьнікненьня». Сёньня, заявіў парлямэнтар, сфэра выкарыстаньня беларускай мовы ў самой Беларусі «імкліва скарачаецца практычна да нуля»: «Няма ні школ, ні тэатраў — нічога».

«Я ведаю, як шмат Швэцыя робіць для падтрымкі нашага ўкраінскага грамадзкага трансьлятара, — зьвярнуў увагу Патураеў. — Таму ў мяне ўзьнікла такая ідэя: я падыму гэтае пытаньне (аб падтрымцы беларускай ідэнтычнасьці. — «Позірк».) на пасяджэньні праўленьня нашага нацыянальнага грамадзкага трансьлятара, і яны зьвяжуцца з сваімі швэдзкімі калегамі, пагодзяцца далучыцца да гэтай групы, каб мы маглі б зрабіць нешта для стварэньня ўмоваў, пры якіх беларуская мова будзе гучаць, а беларуская культура — прысутнічаць. Бо беларуская гісторыя і беларуская культура — гэта ня проста пытаньне этнічнай прыналежнасьці і ня толькі пытаньне гісторыі. Да рэпрэсіяў Лукашэнкі гэта была вельмі цікавая, яркая, маладая і сучасная культура, якая разьвівалася. А цяпер усё разбурана», — падсумаваў віцэ-прэзыдэнт ПА АБСЭ.

У ПА АБСЭ стварылі міжпарлямэнцкую групу «За дэмакратычную Беларусь»

На палях сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Гаазе афіцыйна пачала працу міжпарлямэнцкая група «За дэмакратычную Беларусь». Пра гэта паведаміў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

У новую ініцыятыву ўвайшлі 35 парлямэнтароў з 18 дзяржаваў, сярод якіх Швэцыя, Украіна, Нямеччына, Польшча, Латвія, Ісьляндыя, Нарвэгія, Славенія, Чэхія, Харватыя, Фінляндыя, Італія, Малдова, Вялікая Брытанія, Літва, Нідэрлянды, Данія і ЗША.

Паводле Офісу Ціханоўскай, група будзе каардынаваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і трымаць беларускае пытаньне ў цэнтры ўвагі АБСЭ.

Выступаючы перад удзельнікамі сэсіі, Ціханоўская падзякавала парлямэнтарам за падтрымку Беларусі і адзначыла, што падобныя групы ўжо дзейнічаюць у 22 нацыянальных парлямэнтах.

Што казалі ў Гаазе прадстаўнікі ўладаў Беларусі

Правы чалавека павінны разглядацца ўва ўсёй іх паўнаце і ўзаемасувязі, заявіў старшыня пастаяннай камісіі міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў на паседжаньні агульнага камітэту ПА АБСЭ ў дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях, паведаміла БелТА:

«Ідзецца ня толькі аб палітычных правах і свабодах, але і аб праве на працу, адукацыю, мэдычную дапамогу, сацыяльную абарону, захаваньне культурнай ідэнтычнасьці і годны ўзровень жыцьця».

Паводле Рачкова, «за апошнія гады атмасфэра супрацоўніцтва ў рэгіёне АБСЭ істотна пагоршылася».

Рачкоў паскардзіўся на санкцыі, абмежаваньне кантактаў, разрыў прафэсійных, адукацыйных, навуковых і культурных сувязяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Гаазе абвясьціла пра стварэньне міжпарлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» ПА АБСЭ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ абразіў Зяленскага. «СБ» і БелТА выдалілі навіну пра гэта

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Ерэване праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, на яго запрасілі Ціханоўскую