Пастаяньны прадстаўнік Менску пры АБСЭ Андрэй Дапкюнас, гаворачы пра ўльтыматум Уладзіміра Зяленскага на пасяджэньні Пастаяннай рады АБСЭ, сарваўся на абразы. Ён запатрабаваў ад хаўрусьнікаў Украіны «трымаць сваіх кіеўскіх гадаванцаў пад кантролем».
Пры гэтым з вуснаў Дапкюнаса прагучала менавіта слова «ўльтыматум», а вось вайну, якую пачала Расея, менскі дыплямат назваў «ваеннай апэрацыяй».
«Тыдзень таму, натхнёны падбухторніцкімі зносінамі зь безмандатнай эўрапейскай „тройкай“ і вялікай глябальнай „сямёркай“, кіраўнік фактычнага кіраўніцтва Ўкраіны выставіў Беларусі ўльтыматум. Упершыню за чатыры з паловай гады з пачатку ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне чалавек, які прыйшоў да сваёй пасады на абяцаньні народу Ўкраіны ўрэгуляваць адносіны з Расеяй, адкрыта пагражае прымяненьнем ваеннай сілы краіне, якая не зьяўляецца бокам канфлікту.
Апошнімі днямі ўвесь сьвет самазабыўна спрабуе адчуць усё хараство трапнай характарыстыкі „містэр Бін пад крэкам“. Трагедыя ў тым, што сьмешнае ў гэтым выпадку не выклікае ўсьмешкі. Гэта хутчэй смех скрозь слёзы. У Беларусі, калі ў кагосьці яны і былі, расьсеяліся апошнія ілюзіі адносна таго, што суседняй дзяржавай кіруюць адказныя дзяржаўныя дзеячы, якіх сапраўды непакоіць дабрабыт свайго народу», — сказаў ён.
На гэтым прамова Дапкюнаса ня скончылася, ён успомніў і напад на беларускі аўтобус зь дзецьмі з футбольнай школы, у якім адзін чалавек загінуў, а васьмёра атрымалі траўмы. Расейская прапаганда і ўлады Беларусі вінавацяць у нападзе Ўкраіну, афіцыйны Кіеў раней заявіў пра недатычнасьць да трагедыі і абвінаваціў Расею ў правакацыі.
«Заходнім калегам заўсёды некамфортна, калі Беларусь і Расея і дзясяткі іншых дзяржаў кажуць пра неабходнасьць барацьбы з нэанацызмам, які падымае галаву. Вы працягнеце настойваць, што нашыя асьцярогі надуманыя? У Кіеве кажуць пра пагрозу з боку Беларусі, але на заклік Беларусі даць ацэнку нападу ўкраінскага дрону на аўтобус зь беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласьці ўкраінскія ўлады не знайшлі нічога лепшага, чым выкарыстоўваць апошні аргумэнт хітрых махінатараў: „Я ня я, і конь ня мой“», — сказаў ён.
Завяршыў сваю прамову Дапкюнас доўгім зваротам да эўрапейскіх палітыкаў, які скончыў заклікам:
«Паважаныя сябры ўкраінскага кіраўніцтва (але не Ўкраіны), дзеля ўласнай бясьпекі і дабрабыту, трымайце сваіх кіеўскіх гадаванцаў пад кантролем і, пакуль ня позна, думайце, паважаныя калегі, думайце».
Раней Дапкюнас ужо пагражаў выкарыстаньнем ядзернай зброі, гэтым разам вымавіў пагрозы бяз згадкі расейскай ядзернай магутнасьці.
Выступ Дапкюнаса адразу ж апублікавала дзяржаўнае агенцтва БелТА, а таксама газэта адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия». Аднак неўзабаве яны выдалілі матэрыялы са сваіх старонак. Прычына невядомая, можна толькі думаць, што паступіў загад зьверху не публікаваць занадта рэзкіх выказваньняў.
Украінскі бок пакуль не пракамэнтаваў словы дыплямата.
Форум