Галоўны вайскавод УСУ Аляксандар Сырскі 30 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу ТСН заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы 29 чэрвеня зафіксавалі ў Беларусі працу аднаго з раней адключаных рэтрансьлятараў. Сырскі адзначыў, што рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі яшчэ не дэмантавалі, але ўкраінскае войска нагадае беларусам пра тое, што вышкі лепей не выкарыстоўваць.
Блогер Павал Анушка 1 ліпеня назваў канкрэтнае месца — вёска Парэчча Пінскага раёну, якая разьмешчаная прыкладна за 35 кілямэтраў ад мяжы з Украінай. Блогер сьцьвярджае, што ў гэтай вёсцы «зьнішчылі» рэтрансьлятар.
Каб пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць гэтую інфармацыю, журналістка выданьня «Люстэрка» патэлефанавала як звычайная грамадзянка ў прадстаўніцтва адной зь дзяржаўных арганізацый у вёсцы Парэчча.
«Гэта ўчора было. І заўчора. Быццам дроны зьбівалі, — сказала супрацоўніца, якая адказала на тэлефанаваньне. — У нас там вышка стаіць вайсковая, каля калгаснага двара, калі ведаеце. Вось яны і зьбівалі. Учора тры разы, і пазаўчора тры разы было такое, як выбух. Ну там яны, вайскоўцы, мусіць, ну… бачаць жа гэта ўсё».
Але затым жанчына дадала, што 2 ліпеня ўсё сьцішылася, нічога ўжо не адбывалася.
А ў мясцовым выканкаме на пытаньне пра шум і выбухі адказалі, што ніякай афіцыйнай інфармацыі не атрымлівалі. Вышка ж месьціцца ня там, дзе ёсьць дзіцячы лягер, таму небясьпекі, як думаюць у выканкаме, для дзяцей няма.
Мяркуючы з картаграфічных онлайн-службаў, у Парэччы ёсьць базавая станцыя дзяржаўнага правайдэру beCloud, якая месьціцца на поўдзень ад вёскі, піша «Люстэрка». На онлайн-картах пабудова выглядае як вышка. Старыя здымкі дапамагаюць высьветліць, што яна зьявілася паміж 2017 і 2019 гадамі. Непадалёк разьмешчанае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Магчыма, якраз яго мелі на ўвазе ў час размовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Галоўнакамандуючы арміі Ўкраіны расказаў пра магчымы наступ Расеі зь Беларусі і працу рэтрансьлятараўУльтыматум Зяленскага Лукашэнку
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
Зяленскі таксама заявіў, што Ўкраіна ведае «пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расею і гэтую вайну», у тым ліку пра кампанію, якая пастаўляе складнікі для расейскай зброі, і пра кампанію, якая пастаўляе паліва ў Расею.
У Кіеве адзначалі, што толькі за першыя пяць месяцаў 2026 году пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею павялічыліся ў 13 разоў, а дызэльнага паліва — у тры разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.
Увечары 24 чэрвеня Зяленскі заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі перасталі працаваць 22 чэрвеня, гэта значыць праз тры дні пасьля ягонага ўльтыматуму.
Апошнімі днямі, аднак, пачасьціліся чуткі пра тое, што рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі ня зьнішчаныя, і могуць быць выкарыстаныя для большай дакладнасьці расейскіх атак зноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Паветраныя сілы УСУ: адключэньне рэтрансьлятараў у Беларусі аслабіла магчымасьці расейскіх акупантаўЯкую пагрозу рэтрансьлятары нясуць Украіне?
Пра магчымае выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для разьмяшчэньня абсталяваньня, якое дапамагае кіраваць расейскімі дронамі, украінскія экспэрты пачалі паведамляць яшчэ ў канцы 2025 году. У лютым 2026 году Зяленскі заявіў, што частку такіх рэтрансьлятараў ужо ўдалося вывесьці са строю. Тады ж украінскі бок паведаміў пра ліквідацыю радыёсеткі Mesh, якую выкарыстоўвалі расейскія «Шахеды» каля беларускай мяжы.
У траўні дарадца міністра абароны Ўкраіны Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў выказаў меркаваньне, што Расея аднавіла працу рэтрансьлятараў, перанёсшы іх далей ад мяжы.
Тэма зноў абвастрылася пасьля ўльтыматуму Зяленскага, выстаўленага Лукашэнку. Адключэньне рэтрансьлятараў праз тры дні пасьля гэтага, на першы погляд, адбылося з ініцыятывы беларускага боку. Аднак затым сталі зьяўляцца камэнтары некаторых экспэртаў, якія меркавалі, што адключэньні адбыліся не без дапамогі Ўкраіны.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Вадзім Кабанчук у камэнтары праграме «ПіК Свабоды» выказваў думку, што Ўкраіна нанесла ўдары, першы, затым паўторны па расейскіх рэтрансьлятарах на тэрыторыі Беларусі. На яго думку, Менск ня будзе публічна паведамляць пра такія інцыдэнты, бо Лукашэнка ня хоча афішаваць дапамогу расейцам.