«24 чэрвеня была заява прэзыдэнта Зяленскага, што рэтрансьлятары не працуюць з 22-га чысла. Пасьля гэтага, 25 чэрвеня, з тэрыторыі Беларусі заляцелі пяць „Шахедаў“ у напрамку Карасьценя. На маю думку, пасьля гэтага быў нанесены ўдар па рэтрансьлятарах з боку Ўкраіны. Інтэрвію Сырскага выйшла 29 чэрвеня (насамрэч 30 чэрвеня. — РС). Ён сказаў, што працаваў яшчэ адзін рэтрансьлятар. З гэтага можна зрабіць выснову, што быў нанесены паўторны ўдар, і цяпер гэты рэтрансьлятар таксама ўжо не працуе», — сказаў Кабанчук у камэнтары праграме «ПіК Свабоды».
На яго думку, афіцыйны Менск ня будзе публічна паведамляць пра такія інцыдэнты.
«Беларускаму боку нявыгадна падсьвечваць гэты момант, таму што, па-першае, рэтрансьлятары стаялі ў маланаселенай зоне, і там амаль няма сьведкаў. Тое, што Лукашэнка ператварыў Беларусь у транзытную тэрыторыю для вядзеньня баявых дзеяньняў, цяпер будзе працаваць таксама ў абодва бакі. Бо Z-каналы ўжо пачалі казаць, што ўкраінскія дроны транзытам пралятаюць праз Магілёўскую вобласьць для ўдараў па тэрыторыі Расеі», — адзначыў ён.
Што сказаў Сырскі
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў у інтэрвію, апублікаваным 30 чэрвеня, што рэтрансьлятары, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі на карысьць Расеі, пакуль не дэмантавалі. Паводле яго, адзін зь іх дакладна працаваў яшчэ 29 чэрвеня.
«Але, я мяркую, яны больш ня будуць іх уключаць», — сказаў Сырскі.
На пытаньне, ці стала гэта ўжо фізычна немагчымым, ён адказаў:
«Ну я ж не магу вам усё расказваць. Я думаю, што яны ўсьвядомяць, што гэтага ня варта рабіць. Скажам так».
Што папярэднічала
Пра магчымае выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для разьмяшчэньня абсталяваньня, якое дапамагае кіраваць расейскімі дронамі, украінскія экспэрты пачалі паведамляць яшчэ ў канцы 2025 году. У лютым 2026 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што частку такіх рэтрансьлятараў ужо ўдалося вывесьці са строю. Тады ж украінскі бок паведаміў пра ліквідацыю радыёсеткі Mesh, якую выкарыстоўвалі расейскія «Шахеды» каля беларускай мяжы.
У траўні дарадца міністра абароны Ўкраіны Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў выказаў меркаваньне, што Расея аднавіла працу рэтрансьлятараў, перанёсшы іх далей ад мяжы.
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінавачваў беларускія ўлады ў тым, што на тэрыторыі Беларусі захоўваецца абсталяваньне, якое расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня ўдараў па Ўкраіне. Ён заклікаў Аляксандра Лукашэнку цягам тыдня прыбраць гэтую інфраструктуру, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку Беларусь чакаюць наступствы.
Форум