Галоўнакамандуючы Ўзброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі заявіў, што расейскія войскі рыхтуюцца да наступу на поўначы Ўкраіны і могуць нанесьці ўдар па Чарнігаўшчыне.
«Мы ведаем, што Пуцін паставіў задачу расейскаму Генэральнаму штабу пралічыць розныя варыянты вядзеньня наступальнай апэрацыі, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі ў мэтах захопу Кіева, у мэтах захопу іншых тэрыторыяў», — сказаў Аляксандар Сырскі ў інтэрвію ТСН 30 чэрвеня.
Аднак ён мяркуе, што з улікам апошніх падзеяў кіраўніцтва Беларусі не адважыцца выкарыстоўваць уласную тэрыторыю і надаваць яе агрэсару для выкарыстаньня як пляцдарму для наступу. «У той жа час мы, вядома ж, улічваем і такі варыянт», — дадаў ён.
Аляксандар Сырскі лічыць найбольш рэалістычным наступ расейскіх войскаў з Бранскай вобласьці Расеі. Паводле яго, у межах гэтага варыянту плянуюць наступ на Чарнігаўшчыну «у мэтах захопу тэрыторыі, прасоўваньня ўглыб і такім чынам адцягваньня (украінскіх) войскаў з асноўных важных кірункаў», у тым ліку з тых, дзе ўкраінскія вайскоўцы праводзяць актыўныя дзеяньні.
«Такі спосаб расьцягваньня фронту і пазбаўленьня нас рэзэрваў, зважаючы на агульны лік уласных войскаў і колькасьць баявых брыгадаў, палкоў», — адзначыў ён.
Адказваючы на пытаньне аб пагрозе наступу з тэрыторыі Беларусі, галоўнакамандуючы Ўзброеных сілаў Украіны паведаміў, што ўкраінскае камандаваньне пакуль ня бачыць канцэнтрацыі якіх-небудзь войскаў на беларускай тэрыторыі.
Аляксандар Сырскі выказаў думку, што ажыцьцявіць наступ з боку Беларусі даволі складана, улічваючы вялікую плошчу забалочанай мясцовасьці, празь якую пяхота і цяжкая вайсковая тэхніка ня змогуць прайсьці, а таксама малую колькасьць дарог.
«Калі браць беспасярэдне чарнобыльскі кірунак, там істотная розьніца ў берагах — з нашага боку бераг істотна вышэйшы, чым з боку Беларусі, і практычна зьнішчаныя ўсе масты, па якіх можна перасоўваць тэхніку», — патлумачыў ён.
Галоўнакамандуючы ўкраінскай арміі таксама дадаў, што рэтрансьлятараў, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі на карысьць Расеі, пакуль не дэмантавалі. Апроч таго, 29 чэрвеня адзін зь іх дакладна працаваў. «Але, я мяркую, яны больш ня будуць іх уключаць», — падкрэсьліў Сырскі.
На ўдакладняльнае пытаньне журналіста, ці гэта ўжо немагчыма фізычна, Сырскі адказаў: «Ну я ж не магу вам усё расказваць. Я думаю, што яны ўсьвядомяць, што гэтага ня варта рабіць. Скажам так».
Што папярэднічала
Пра магчымае разьмяшчэньне апаратуры для кіраваньня расейскімі дронамі на тэрыторыі Беларусі ўкраінскія экспэрты пачалі казаць яшчэ ў канцы 2025 году. Так, 26 сьнежня 2025 году спэцыяліст у вайсковых радыётэхналёгіях Сяргей Бяскрэснаў, вядомы пад пазыўным «Флэш», які ў студзені 2026 году стаў дарадцам міністра абароны Ўкраіны, заявіў, што частка «шахедаў», якія атакуюць Украіну, можа кіравацца з тэрыторыі Беларусі.
У лютым 2026 году Ўладзімір Зяленскі паведаміў пра ліквідацыю часткі рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі: «Я ня буду казаць, якім спосабам, але нашыя людзі займаліся тым, каб тры-чатыры рэтрансьлятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выйсьця, інакш будуць далейшыя атакі на нашую зямлю».
Тады ж міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Фёдараў і тады ўжо дарадца міністра абароны Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў заявілі пра ліквідацыю радыёсеткі Mesh, якую выкарыстоўвалі расейскія «шахеды» каля межаў зь Беларусьсю.
У траўні 2026 году Сяргей «Флэш» выказаў здагадку, што Расея аднавіла працу рэтрансьлятараў у Беларусі, пры гэтым усталяваўшы іх далей ад мяжы.
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
Форум