Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паветраныя сілы УСУ: адключэньне рэтрансьлятараў у Беларусі аслабіла магчымасьці расейскіх акупантаў

Юры Ігнат
Юры Ігнат

Цяпер расейцам складаней кіраваць бесьпілётнікамі-камікадзэ ў рэжыме рэальнага часу.

Пра гэта ў час тэлемаратону заявіў начальнік аддзелу сувязі Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат, яго цытуе РБК-Україна.

Паводле Ігната, расейскія бесьпілётнікі ня зьніклі і працягваюць лётаць, але цяпер ворагу значна складаней наносіць дакладныя ўдары. Рэтрансьлятары, якія былі разьмешчаныя ўздоўж украінскай мяжы зь беларускага боку, дазвалялі перадаваць сыгнал апэратару на вялікую адлегласьць.

Цяпер магчымасьці праціўніка хутка каардынаваць свае дзеяньні ў гэтых рэгіёнах значна абмежаваныя.

Ігнат адзначыў, што раней, дзякуючы апэратыўнай інфармацыі з рэтрансьлятараў, расейцы маглі адсочваць перасоўваньні і зьмяняць каардынаты ўдараў наўпрост у час атакі.

«Маючы відэамалюнак у рэжыме рэальнага часу, праціўнік можа наносіць удары бесьпілётнікам нават па рухомых аб’ектах або зьмяняць каардынаты атак», — падкрэсьліў ён.

У прыватнасьці, дзякуючы стабільнаму відэасыгналу расейскія акупанты атакавалі ўкраінскія цягнікі і мабільныя агнявыя групы з дапамогай «шахедаў».

Як Украіна зьвярнула ўвагу на рэтрансьлятары

Пра магчымае разьмяшчэньне абсталяваньня для кіраваньня расейскімі дронамі на тэрыторыі Беларусі ўкраінскія экспэрты пачалі казаць яшчэ ў канцы 2025 году. Так, 26 сьнежня 2025 году спэцыяліст у вайсковых радыётэхналёгіях Сяргей Бяскрэснаў, вядомы пад пазыўным «Флэш», які ў студзені 2026 году стаў дарадцам міністра абароны Ўкраіны, заявіў, што частка «шахедаў», якія атакуюць Украіну, можа кіравацца з тэрыторыі Беларусі.

У лютым 2026 году Ўладзімір Зяленскі паведаміў пра ліквідацыю часткі рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі: «Я ня буду казаць, якім спосабам, але нашыя людзі займаліся тым, каб тры-чатыры рэтрансьлятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выйсьця, інакш будуць далейшыя атакі на нашую зямлю».

Тады ж міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Фёдараў і тады ўжо дарадца міністра абароны Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў заявілі пра ліквідацыю радыёсеткі Mesh, якую выкарыстоўвалі расейскія «шахеды» каля межаў зь Беларусьсю.

У траўні 2026 году Сяргей «Флэш» выказаў здагадку, што Расея аднавіла працу рэтрансьлятараў у Беларусі, пры гэтым усталяваўшы іх далей ад мяжы.

Выкананы ўльтыматум Зяленскага

Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

Зяленскі таксама заявіў, што Ўкраіна ведае «пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расею і гэтую вайну», у тым ліку пра кампанію, якая пастаўляе складнікі для расейскай зброі, і пра кампанію, якая пастаўляе паліва ў Расею.

У Кіеве адзначалі, што толькі за першыя пяць месяцаў 2026 году пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею павялічыліся ў 13 разоў, а дызэльнага паліва — у тры разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.

Гэтыя заявы Зяленскага прагучалі праз два дні пасьля інцыдэнту з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у расейскі горад Геленджык на адпачынак. Расейскія ўлады заявілі, што яго атакаваў украінскі дрон, у выніку адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.

У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG