Пасол Міністэрства замежных справаў Украіны ў асаблівых даручэньнях Яраслаў Чарнагор заявіў, што ніякага ўльтыматуму ўладам Беларусі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не выстаўляў.
«Юрыдычна мы ніякага ўльтыматуму Беларусі не выстаўлялі. Проста патрабаваньне, агучанае прэзыдэнтам публічна, прагучала ў катэгарычнай форме, таму мэдыя паўсюль пішуць „ультыматум“, і паколькі там ёсьць пэўны час, гэты тэрмін здаецца зручнейшым для выкарыстаньня», — сказаў Яраслаў Чарнагор у інтэрвію выданьню DW.
Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка можа дзейнічаць толькі ў тых межах, якія яму дазволіць Крэмль.
«Калі Крэмль пагодзіцца з тым, што Беларусь павінна працягваць выконваць ролю тылавой базы расейскай арміі, то, магчыма, Лукашэнка і пойдзе на пэўныя саступкі. Напрыклад, дэмантуе тыя ж рэтрансьлятары, або, калі мы іх зьнішчым — не паведаміць пра гэта, чарговы раз прамаўчыць. Але калі з Крамля надыдзе загад аб павышэньні эскаляцыі або ўступленьні Беларусі ў вайну, то, мяркую, воля Лукашэнкі будзе адыгрываць абсалютна другасную ролю», — дадаў дыплямат.
Украіна падтрымлівае кантакты зь Беларусьсю
Яраслаў Чарнагор дадаў, што Ўкраіна працягне дабівацца зьмяншэньня ўдзелу Беларусі ў вайне Расеі праз «дыпляматычныя каналы».
«Калі нехта думае, што вайна зь Беларусьсю — гэта тое, чаго мы хочам, то не — мы гэтага ня хочам. Але калі сытуацыя складзецца так, што з тэрыторыі Беларусі будзе ісьці высокі ўзровень небясьпекі, я мяркую, паўтарэньня 2022 году ня будзе, калі ўкраінскія ўлады дзеля канцэнтрацыі сілаў на ўсходзе і поўдні, у істоце, замарозілі вайну на поўначы», — дадаў ён.
Дыплямат адзначыў, што ў выпадку абвастрэньня вайсковай сытуацыі на поўначы дадатковая тысяча кілямэтраў фронту зьявіцца ня толькі для Ўкраіны, але і для Расеі.
«А сілы не бязьмежныя, я маю на ўвазе людзкі рэсурс. І Ўкраіна гэта разумее, таму нашыя тэхнічныя магчымасьці безупынна ўдасканальваюцца. Калі нехта думае, што Ўкраіна ў выпадку эскаляцыі павядзе свае войскі на тэрыторыю Беларусі, то яны вельмі памыляюцца. Нам чужая тэрыторыя не патрэбная. Нам патрэбна зьліквідаваць небясьпеку», — падкрэсьліў ён.
Яраслаў Чарнагор дадаў, што ўкраінскія войскі будуць знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі паблізу мяжы, а «небясьпека будзе зьліквідаваная тым спосабам, які вайсковае кіраўніцтва палічыць неабходным, — дыстанцыйным шляхам».
Пра магчымае выкарыстаньне беларускіх падразьдзелаў для апэрацыі на тэрыторыі Беларусі
Украінскі дыплямат цалкам выключыў магчымасьць выкарыстаньня беларускіх вайсковых падразьдзелаў, у тым ліку палку Каліноўскага, для спэцыяльных апэрацыяў на тэрыторыі Беларусі.
«Калі мы кажам пра полк Каліноўскага, ці Беларускі добраахвотніцкі корпус, ці іншыя структуры, то гэта падразьдзелы ўкраінскіх Узброеных сілаў. Тое, што яны ёсьць іншаземнымі грамадзянамі, не азначае, што яны могуць ажыцьцяўляць нейкія вайсковыя дзеяньні з тэрыторыі Ўкраіны самастойна. Яны вайскоўцы Ўзброеных сілаў Украіны і выконваюць загады галоўнага і вярхоўнага камандуючых. Таму я не магу прагназаваць такога разьвіцьця падзеяў», — адзначыў Яраслаў Чарнагор.
У той жа час ён дадаў, што арганізаваньне беларусаў на тэрыторыі Беларусі ў вызвольныя падразьдзелы — «іхная нацыянальная справа».
«Але гэта справа беларусаў, а не ўкраінцаў», — падкрэсьліў Яраслаў Чарнагор.
Што папярэднічала
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэкцыі атак на Ўкраіну.
Палітык заклікаў Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
24 чэрвеня Зяленскі, спасылаючыся на дадзеныя ўкраінскага войска, заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі перасталі працаваць 22 чэрвеня. Зяленскі заявіў, што незразумела, ці цалкам дэмантавала Беларусь рэтрансьлятары, ці проста прыпыніла іх выкарыстаньне на гэты момант.
26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць сьпіс з 500 беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.
У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёй».
15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнкі быў далёкім ад ваяўнічага. Ён сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.
Лукашэнка таксама стрымана выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».
Форум