Тэлекамунікацыйная кампанія «А1», канчатковым бэнэфіцыярам якой выступае мэксіканскі мільярдэр Карляс Сьлім, стала бліжэй да таго, каб заплаціць штраф на суму да 10% яе гадавой выручкі, піша газэта Белорусы и рынок.
Рашэньне Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю падтрымаў Вярхоўны суд Беларусі.
Якія высновы зрабіў МАРГ?
МАРГ пасьля праверкі вынес апэратару пакараньне, склаўшы пратакол аб злоўжываньні кампаніяй дамінуючым становішчам. Апэратар з 1 чэрвеня 2025 году закрыў архіўныя тарыфныя пляны «Безь Ліміту» і «Безь Ліміту 2.0» і перавёў абанэнтаў на дзейны тарыфны плян «Драйв Анлім» з больш высокім коштам. Менавіта гэта расцанілі як злоўжываньне.
Цяпер судовая калегія эканамічных справаў Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь падтрымала высновы і адмовіла «А1» у задавальненьні заявы».
У сваім пазове мабільная кампанія спрабавала аспрэчыць абвінавачваньні. Вінаватымі ў парушэньнях антыманапольнага заканадаўства ў кампаніі сябе ня бачылі.
Што будзе далей?
Рашэньне Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь, вынесенае ў першай інстанцыі, яшчэ могуць абскардзіць ў апеляцыйным парадку.
Агулам сотаваму апэратару можа пагражаць штраф у памеры «да 10% гадавой выручкі ад рэалізацыі тавару (паслугі) на адпаведным таварным рынку, але ня менш за 500 базавых велічынаў».
Адна базавая велічыня на сёньня складае 22,5 тыс. рублёў.
Спробы ўладаў упарадкаваць безьлімітныя тарыфы
У студзені 2026 году ўлады Беларусі заклапаціліся пытаньнем мабільнага інтэрнэту ў грамадзян. Яны захацелі яго абмежаваць. І неўзабаве Міністэрства сувязі й інфарматызацыі Беларусі ўвяло абмежаваньне для карыстальнікаў мабільнай сувязі зь безлімітнымі тарыфамі на інтэрнэт.
У пастанове, якая набыла чыннасьць у канцы лютага, гаварылася, што цяпер карыстальнікі будуць мець абмежаваньне трафіку ў 30 гігабайт на месяц. Пасьля спажываньня гэтага аб’ёму інтэрнэт для іх будзе запавольвацца — да 1 Мбіт/с. Аднак за грошы апэратары могуць прапанаваць дадатковыя аб’ёмы трафіку з нармальнай хуткасьцю.
З аналізу лічбаў вынікала, што ўлады хочуць зьнізіць мэдыянную хуткасьць загрузкі мабільнага інтэрнэту ў 21 раз.
Ад 22 студзеня апэратары ў Беларусі павінны былі дапасаваць да гэтых патрабаваньняў усе раней падпісаныя паперы і дзейныя тарыфныя пляны.
Экспэрты, да якіх зьвярталася Свабода тады, сярод іншага, адзначалі, што ў Беларусі даўно не абнаўляецца «тэхнічная база», а цана трафіку пры гэтым расьце.