Цяпер тэрмін папярэдняга продажу праязных дакумэнтаў на цягнікі рэгіянальных ліній бізнэс-клясы павялічыўся з 20 да 45 содняў да адпраўленьня цягніка. Пра гэта расказалі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі.
Набыць праязныя дакумэнты можна ў адзіным разьдзеле «Паслугі пасажырам» на афіцыйным інтэрнэт-сайце Беларускай чыгункі rw.by, у афіцыйным мабільным дадатку «БЧ.Мой поезд», а таксама ў білетных касах беларускай магістралі. Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца па тэлефоне 105 кантакт-цэнтру БЧ.
У прэс-цэнтры чыгункі патлумачылі, што прынялі такое рашэньне дзеля паляпшэньня якасьці абслугоўваньня пасажыраў і забесьпячэньня своечасовага плянаваньня паездак.
Раней Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю выявіла факты ўтойваньня білетаў. Праблемы паўсталі з купляй пасажырамі білетаў з прамежкавай станцыі Бабруйск на маршруце Менск — Гомель. Як даведаліся адмыслоўцы МАРГ, на цягнікі міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній бізнэс-клясы Беларуская чыгунка ўводзіла не прадугледжаныя заканадаўствам абмежаваньні на колькасьць месцаў, даступных для продажу ад/да прамежкавых станцый.
Якраз тады паўстала й пытаньне да тэрмінаў: за 45 дзён да адпраўленьня білеты на Гомель былі ў продажы, а да прамежкавай станцыі адсутнічалі альбо зьяўляліся за содні і менш да адпраўленьня цягніка.
У выніку міністэрства прымусіла БЧ скасаваць падобныя абмежаваньні.
Цяжкасьці на Беларускай чыгунцы
Пагаршэньне фінансавага становішча кампаніі не ўдаецца схаваць нават прапагандысцкімі мэтадамі. У канцы 2025 і пачатку 2026 году на чыгунцы спазьняўся шэраг цягнікоў. Прычынай была няспраўнасьць многіх цягнікоў. У Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў — незалежнай ініцыятыве былых беларускіх чыгуначнікаў, якія апынуліся за мяжой пасьля рэпрэсій, меркавалі, што паломкі швайцарскіх цягнікоў адбыліся ў выніку не вытворчых дэфэктаў, а парушэньня рэжыму іх эксплюатацыі, праз што могуць заблякавацца мікрапрацэсарныя сыстэмы кіраваньня.
Акрамя таго, у лютым 2026 году БЧ пусьціла на Віцебск і Магілёў старыя цягнікі замест новых, тлумачачы гэта «тэхнічнымі прычынамі».
У траўні стала вядома пра паглыбленьне крызісу з працоўнымі кадрамі. Менскае аддзяленьне праз адмысловую кампанію шукала іншаземцаў на нізкааплатную працу. У прыватнасьці, ішоў пошук 20 манцёраў шляхоў, 8 станцыйных працаўнікоў на абслугоўваньне будынкаў і збудаваньняў, 8 мыйнікаў-прыбіральнікаў. Гэта найбольш цяжкія фізычна і нізкааплочваныя працы.
На гэтых вакансіях прапанавалі заробкі ў памеры 950–980 рублёў. Але, паводле папярэдняй інфармацыі, знайсьці сабе работнікаў БЧ ня здолела — замежнікі не былі зацікаўленыя ў месцах з такімі нізкімі заробкамі.
Форум