Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, індэксацыя цэн на прыродны газ і тарыфы на электрычную і цеплавую энэргію ўводзяцца адпаведна з 1 студзеня, 1 лютага і сакавіка, але дэталізацыю індэксацыі засакрацілі грыфам «для службовага карыстаньня».
Тарыфы на паслугі ў электраэнэргетыцы ўводзяцца з даты афіцыйнай публікацыі дакумэнту.
У прыватнасьці, тарыфы на паслугі па апэратыўна-дыспэтчарскім кіраваньні ў электраэнэргетыцы, якія надае ДВА «Белэнэрга» абласным прадпрыемствам электраэнэргетыкі (РУП; аблэнэрга) і БелАЭС вырастуць з 94,87 да 102,93 беларускага рубля за 1 МВт вызначанай магутнасьці ў месяц (+8,5 %).
На 8,5 % павялічацца тарыфы на паслугі па апэратыўна-дыспэтчарскім кіраваньні, якія надаюць аблэнерга ўладальнікам блёк-станцый, падключаных непасрэдна або апасродкавана да іх электрычных сетак (з 125,3 да 135,95 рубля); арганізацыям жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, якія зьяўляюцца ўладальнікамі блёк-станцый, для забесьпячэньня продажу электрычнай энэргіі, вырабленай названымі блёк-станцыямі звыш аб’ёмаў, неабходных для энэргетычнага забесьпячэньня гаспадарчай дзейнасьці іх уладальнікаў, спажыўцам, якія зьяўляюцца арганізацыямі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (з 0,1362 да 0,1477 рубля); уладальнікам блёк-станцый для разьмеркаваньня электрычнай энэргіі, вырабленай названымі блёк-станцыямі, на аб’екты ўладальнікаў блёк-станцый (з 0,0588 да 0,0637 рубля).
Таксама амаль на 8,5% (з 0,1451 да 0,1574 рубля) павялічыцца тарыф на паслугі па перадачы і разьмеркаваньні электрычнай энэргіі, вырабленай блёк-станцыямі, па электрычных сетках РУП-аблэнэрга ў межах некалькіх вобласьцяў, якія надаюцца аблэнэрга і ДВА «Белэнэрга» уладальнікам блёк-станцый вызначанай электрычнай магутнасьцю 25 МВт і больш для перадачы і разьмеркаваньня электрычнай энэргіі, вырабленай названымі блёк-станцыямі, сваім адасобленым падразьдзяленьням (філіялам, прадстаўніцтвам), іншым структурным падразьдзяленьням і (або) аб’ектах электразабесьпячэньня ўладальнікаў блёк-станцый.
Тарыфы на паслугі ў электраэнэргетыцы павялічваюць раз на год.
Чаму гэта важна
Беларускія ўлады і прапаганда з моманту ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (Горадзенская вобласьць) і ў наступныя гады запэўнівалі, што ўзьвядзеньне АЭС вельмі выгадна для насельніцтва.
У 2018 годзе намесьніца міністра энэргетыкі Вольга Пруднікава адзначала, што «з пункту гледжаньня ўспрыманьня як рэальным сэктарам эканомікі, так і насельніцтвам тарыфы пасьля ўводу атамнай станцыі не павінны павялічыцца».
Першы энэргаблёк БелАЭС урачыста адкрылі 7 лістапада 2020 году. З таго часу АЭС выпрацавала больш за 59 мільярдаў кіляват-гадзін энэргіі. Паводле «Белэнэрга», цяпер атамная станцыя выпрацоўвае каля 40% усёй электраэнэргіі ў краіне.
За час яе працы электрычнасьць для людзей падаражэла сама меней на 36%.
Сёлета ўлады павялічылі таксама цэны на паслугі ЖКГ і заявілі аб намеры пабудаваць у Беларусі яшчэ адну атамную станцыю. Нібыта электраэнэргія зь яе можа спатрэбіцца «паўднёваму захаду Расеі».
Форум