Як паведаміў Белстат, у студзені 2026 году ў параўнаньні са сьнежнем 2025-га найбольш павысіліся цэны ў будаўнічым сэктары — на 3,5%. У тым ліку прырост за месяц цэнаў на будаўніча-мантажныя працы склаў 4,6%, на машыны і абсталяваньне цэны панізіліся на 2,2%, на іншыя працы і затраты — вырасьлі на 16,3%.
Цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі за студзень павысіліся на 0,01%, вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі — зьнізіліся на 0,2%.
Тарыфы на перавозкі за месяц павысіліся на 0,3%, тарыфы на паслугі сувязі для юрыдычных асобаў і ІП — на 0,4%.
Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў на 2026 год узровень інфляцыі не больш за 7%.
Як паведаміў Нацыянальны банк Беларусі, у студзені 2026 года ў параўнаньні са сьнежнем 2025 года цэны вырасьлі на 0,5%, а ў параўнаньні са студзенем 2025 года інфляцыя склала 6,4%.
Раней улады прызналі, што інфляцыя ў Беларусі ў 2025 годзе перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам. Інфляцыя за 2025 год у Беларусі, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%. Пры гэтым прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, ухвалены ўрадам на 2025 год, прадугледжваў, што інфляцыя не павінна перавысіць узровень 5 працэнтаў.