Апэляцыю падалі юрысты міжнародных праваабарончых арганізацыяў ад імя пацярпелых сваякоў. Апэляцыйнае слуханьне мела адбыцца 24 чэрвеня, але яго перанесьлі на няпэўны тэрмін. Урэшце суд прызначыў яго на 22 верасьня.
У залі суду былі Юры Гараўскі, а таксама Алена Захаранка, Ірына і Валерыя Красоўскія, піша «Новы час». Іх інтарэсы бараніў адвакат Севярын Вальц.
У выпадку прызнаньня вінаватым Гараўскаму можа пагражаць да 20 гадоў пазбаўленьня волі — максымальны тэрмін зьняволеньня ў Швайцарыі.
Што сказаў Гараўскі ў судзе
Як піша «Вясна», судовы працэс пачаўся з вырашэньня прымальнасьці апэляцыі і высноў экспэрта, якія далучылі да матэрыялаў справы. Сярод іх: ці разглядаць справу Захаранкі, Красоўскага і Ганчара асобна, бо няма скаргі ад сям’і Ганчара. У выніку Юрый Гараўскі застаецца апраўданым па зьнікненьні Віктара Ганчара, бо па ім не было скаргаў ад сваякоў. Але падчас судовага разьбіральніцтва будуць улічвацца і тыя доказы, якія зьвязаныя са справай Ганчара.
Далей Юрыя Гараўскага дапытаў старшыня пасяджэньня. Гараўскі пацьвердзіў, што загад на ліквідацыю Захаранкі і іншых яны ў САХРы атрымалі ад Юрыя Сівакова (былы міністар унутраных спраў Беларусі) і Дзьмітрыя Паўлічэнкі (былы кіраўнік вайсковай часткі Ўнутраных войскаў), а тыя атрымалі вуснае ўказаньне ад Віктара Шэймана (былы сакратар Савету Бясьпекі) і Аляксандра Лукашэнкі, піша «Вясна». Гараўскі прызнаў, што ўсё гэта было ў вуснай форме. Пасьля Гараўскі адмовіўся адказваць на пытаньні адваката пацярпелых і іншых удзельнікаў працэсу.
Падчас допыту Юрыя Гараўскага судзьдзя папрасіў яго апісаць сваю вайсковую кар’еру. І той прызнаў, што ўдзельнічаў у стварэнні САХРу, піша «Новы час». Пасьля ён дадаў:
«7 траўня мы затрымалі Захаранку і ліквідавалі яго. Таксама быў ліквідаваны Красоўскі. Больш я нічога з гэтай нагоды казаць ня буду».
Гараўскі таксама паведаміў, што пэўны час знаходзіўся ў зняволенні.
Судзьдзя запытаўся, як Гараўскі быў выключаны з шэрагаў вайсковай службы.
«Мяне асудзілі, пасадзілі ў турму, і гэта стала падставай, чаму мяне выключылі», — адказаў ён.
Асобна судзьдзя распытваў Гараўскага пра ягоны ўцёкі з Беларусі і прашэньне аб палітычным прытулку ў Швайцарыі, пра маршрут: праз якія краіны Гараўскі выяжджаў зь Беларусі.
Рашэньне суду агучаць пазьней
Пры канцы сёньняшняга пасяджэньня суд абвясьціў, што рашэньне будзе апублікаванае на афіцыйнай старонцы суду да сярэдзіны кастрычніка. Але папярэдне Алене Захаранцы сказалі ў судзе, што рашэньне будзе вынесена 24 верасьня. Таксама суд вырашыць, якая частка інфармацыі па справе будзе даступная публічна, а якая застанецца закрытай, перадае «Новы час».
Пазыцыя сваякоў зьніклых і абаронцаў
«Гэтая справа — першая за больш чым 30 гадоў дыктатуры магчымасьць нарэшце дамагчыся прызнаньня ў судзе факту ўчыненьня рэжымам адных з самых цяжкіх злачынстваў», — заявіў кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, якога цытуе Reuters.
Алена Захаранка сярод іншага заявіла ў камэнтары «Новаму часу»:
«Пасьля дваццаці гадоў безвыходнасьці я маю права нарэшце атрымаць адказ на пытаньне, якога мой сын чакаў ад мяне чвэрць стагодзьдзя. Я жадаю праўды і справядлівага прысуду, а таксама таго, каб саўдзельнікі гэтага злачынства панесьлі крымінальную адказнасьць.
Я хачу, каб факт забойства выкрадзеных быў законным чынам зафіксаваны, а пасьля на вышэйшым узроўні была вынесена абвінаваўчая выснова. Я чакаю праўды і закону. І перш за ўсё — каб супакоіліся нашы душы. Гэта маленькая лепта ў тое, каб Беларусь, якая калісьці квітнела, усё ж была вызваленая ад дэспатызму».
За працэсам таксама назірае праваабаронца зь «Вясны» Павал Сапелка а таксама TRIAL International і Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH), піша «Вясна». Павел Сапелка сярод іншага заявіў:
Паводле намесьніка кіраўніцы Абʼяднанага Пераходнага Кабінэту, кіраўнік НАУ Паўла Латушкі сёньняшні працэс — гэта наступствы адсутнасьці расьсьледаваньня і справядлівасьці ў Беларусі.
«Праваабаронцы і юрысты настойваюць на неабходнасьці эфэктыўна абараніць права пацярпелых на справядлівы разгляд справы. Наша мэта — барацьба з беспакаранасьцю. Значэньне гэтага працэсу выходзіць далёка за межы справы супраць аднаго з выканаўцаў забойстваў. Гэта не толькі пытаньне аднаўленьня права сем’яў ахвяр на праўду і правасудзьдзе, але і важны практычны досьвед ужываньня ўнівэрсальнай юрысдыкцыі — мэханізму, які дазваляе дамагацца адказнасьці за цяжкія злачынствы, калі правасудзьдзе ў краіне, дзе яны былі зьдзейсьнены, недаступнае. Гэты досьвед мае адмысловую каштоўнасьць для спроб ініцыяваная аналягічных працэсаў і ў іншых краінах.
Я б хацеў нагадаць, што хаця Гараўскага апраўдалі, суд першай інстанцыі прызнаў устаноўленым, што Захаранка, Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя і забітыя і што да злачынстваў былі датычныя прадстаўнікі беларускіх уладаў. І гэта ўжо стала гістарычным зафіксаваным фактам у рамках судовага працэсу», — заявіў Латушка.
Што папярэднічала
У верасьні 2023 году суд швайцарскага гораду Роршах разгледзеў справу аб гвалтоўным зьнікненьні ў Беларусі апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.
Абвінавачаным быў Юры Гараўскі — былы баец беларускага САХРу, які ўцёк у Швайцарыю, дзе публічна прызнаўся, што ўдзельнічаў у выкраданьні зьніклых палітыкаў у траўні і верасьні 1999 году.
Справу разглядалі ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, бо гвалтоўнае зьнікненьне класыфікуецца як злачынства супраць чалавечнасьці. У выніку суд прызнаў Гараўскага невінаватым, бо не было пададзена дастаткова доказаў яго віны. Апэляцыю на прысуд падалі сваякі ахвяраў сумесна з праваабарончымі арганізацыямі «Вясна», Trial International і Міжнароднай фэдэрацыяй за правы чалавека (FIDH).
Гараўскі папрасіў палітычнага прытулку ў Швайцарыі ў 2018 годзе. Пазьней ён зьвязаўся з журналістамі DW і расказаў, што ў 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданьні і забойстве палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі — Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара. Справу супраць Гараўскага ініцыявалі праваабаронцы з Trial International. У пракуратуру кантону Санкт-Гален, дзе жыў экс-баец САХР, было пададзена адразу тры пазовы — ад Алены Захаранкі, дачкі зьніклага экс-кіраўніка МУС Беларусі, Валерыі Красоўскай, дачкі зьніклага бізнэсмэна, а таксама ад Trial International і яе партнэраў FIDH і «Вясна».
Апэляцыю разглядаюць праз тры гады пасьля выраку
Апэляцыю падалі ў вызначаны тэрмін, пасьля таго як суд першай інстанцыі падаў юрыстам пісьмовае рашэньне з указаньнем падставаў, патлумачыў праваабаронцам Ільля Нузаў, кіраўнік аддзелу краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека.
«Апэляцыйны суд не абмежаваны ў сваім разглядзе. Апэляцыя можа аспрэчваць усё: памылкі ў тлумачэньні закону, няпоўную або няправільную ацэнку абставінаў справы і / або неправамернасьць рашэньня. Такім чынам, мы можам падаць новыя доказы, якія дэманструюць простае дачыненьне Юр’я Гараўскага да зьнікненьняў», — сказаў Ільля Нузаў.
На ягоную думку, разгляд апэляцыі не працягнецца доўга, бо і сам суд, які не прызнаў Гараўскага вінаватым, доўжыўся ўсяго два дні.
«Вядома, ёсьць і фактычныя, і юрыдычныя моманты, за якія можна ўчапіцца, але трэба адзначыць, што вельмі цяжка цяпер адшукаць нейкія новыя істотныя доказы, вельмі шмат прайшло часу», — дадаў Нузаў.
Нузаў лічыць, што ў юрыдычным пляне суд дапусьціў пэўныя памылкі. Напрыклад, яны могуць быць у трактаваньні закону аб гвалтоўных зьнікненьнях. Судзьдзя вырашыў, што калі Гараўскі меў намер забіць ахвяраў, дык гэта раўназначна не адвольнаму затрыманьню, а хутчэй за ўсё непадачы інфармацыі пра месца знаходжаньня людзей. Суд палічыў, што калі Гараўскі хацеў іх забіць, то ня меў жаданьня папярэдне іх затрымліваць і хаваць інфармацыю пра месца іх знаходжаньня.
Ёсьць і яшчэ калізіі ў трактаваньні заканадаўства, напрыклад, у Канвэнцыі аб гвалтоўных зьнікненьнях, на якія зьвярнулі ўвагу юрысты.
«Таксама ёсьць сумневы, што суд слушна ацаніў матывацыю Гараўскага, бо былі рознагалосьсі і нестыкоўкі ў яго паказаньнях, якія былі спачатку дадзеныя пракурору і потым прагучалі на судзе. Суд палічыў, што Гараўскі гэта рабіў наўмысна, каб атрымаць палітычны прытулак. Але дзіўна, што чалавек некалькі разоў на сябе ўказваў як на ўдзельніка гэтага злачынства — з тым, каб атрымаць прытулак», — адзначыў Нузаў.
Таксама юрысты, якія падалі апэляцыю, лічаць, што пераклад паказаньняў Гараўскага быў не зусім якасны, і, магчыма, праз гэта ў судзьдзі паўсталі падазрэньні, што Гараўскі ўводзіў іх у зман. Гэты факт таксама стаў адным з аргумэнтаў для апэляцыі.
Што трэба ведаць пра справу Гараўскага
- У 2019 годзе былы баец спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юры Гараўскі даў нямецкай тэлекампаніі DW сэнсацыйныя паказаньні, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцыяльны падразьдзел САХР МУС Беларусі, які мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады і, паводле яго, расстраляў трох чалавек: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранку. Паводле экс-супрацоўніка МУС, які эміграваў зь Беларусі, ён уваходзіў у склад групы спэцназаўцаў, якая мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады. Гараўскі заявіў, што ўсіх трох забіў зь пісталета асабіста Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле яго, целы Ганчара і Красоўскага закапалі на базе МУС пад Бягомлем у Віцебскай вобласьці, а цела Захаранкі спалілі ў крэматорыі менскіх Паўночных могілак.
- Пасьля інтэрвію Гараўскага праваабаронцы дамагліся завядзеньня на яго крымінальнай справы. Сьледзтва вялі ў Швайцарыі, дзе экс-баец САХР папрасіў палітычнага прытулку. Яго абвінавацілі ў «датычнасьці да шматлікіх зьнікненьняў» (мясцовае заканадаўства не дазволіла абвінаваціць яго ў забойствах ці саўдзеле ў іх, бо злачынствы ўчыненыя на тэрыторыі Беларусі).
- 28 верасьня 2023 году акруговы суд у Санкт-Галене (судзьдзя Оляф Гумбэль) апраўдаў Гараўскага ў гэтай справе, паставіўшы паказаньні экс-байца САХР пад сумнеў і палічыўшы іх недастатковымі для прызнаньня яго вінаватым паводле выстаўленага абвінавачаньня. У тлумачэньні прысуду судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак у судовай практыцы, бо ў ім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя злачынствы». Суд прыйшоў да высновы, што Юры Гараўскі, магчыма, служыў у САХР, але ягоная роля ў выкраданьнях застаецца няяснай.
- Юрыя Гараўскага судзілі ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі, згодна зь якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць аб’ектам расьсьледаваньня ў іншай краіне. Швайцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасьці паводле больш сур’ёзнага крымінальнага артыкулу — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанэнтамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасьць да «шматлікіх зьнікненьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што вядома пра гвалтоўныя зьнікненьні апанэнтаў ЛукашэнкіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Памёр былы камандзір САХР Уладзімер Буцько, які, імаверна, удзельнічаў у выкраданьні апанэнтаў ЛукашэнкіШто важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.