Беларускі хірург у Фінляндыі: «Вяртацца працаваць у Беларусь ніхто ня хоча»

Аляксандар Лунчук.

Аляксандар Лунчук быў адным з дактароў, якія адрэагавалі ў сацыяльных сетках на абразьлівую заяву Аляксандра Лукашэнкі пры адкрыцьці шпіталю ў Горадні пра тое, што многія дактары нібыта просяцца назад у Беларусь.

«Калегі, паступіла прывабная прапанова вярнуцца на радзіму мыць посуд. Пакуль паспрабую яшчэ крыху памучыцца лекарам у Фінляндыі», — напісаў ён у Threads.

Калі дзесяць гадоў таму малады беларускі хірург Аляксандар Лунчук вырашыў пакінуць Беларусь, яму было 24 гады. За плячыма былі мэдычны ўнівэрсытэт, інтэрнатура і праца па разьмеркаваньні ў паліклініцы. Сёньня Аляксандар працуе ва ўнівэрсытэцкім шпіталі ў Тампэрэ і завяршае рэзыдэнтуру ў хірургіі. Ён кажа, што ніколі не шкадаваў аб сваім рашэньні.

«Я зразумеў, што больш не хачу быць часткаю беларускай сыстэмы»

Пасьля заканчэньня інтэрнатуры Аляксандр прыйшоў працаваць хірургам у паліклініку па разьмеркаваньні.

«Я толькі выпусьціўся з унівэрсытэту, нагрузка была велізарная. Сапраўдны жах. Я працаваў адзін. Мелі быць два хірургі, але я быў адзін, і толькі пасьля выпуску. Акрамя вялікай нагрузкі, былі пастаянныя чэргі. Але галоўная праблема была нават ня ў гэтым. Мне ніколі не падабалася сыстэма, дзе трэба маўчаць і выконваць тое, што ня лічыш слушным», — узгадвае ён.

Лекара раздражнялі абавязковыя суботнікі, публічныя разборы супрацоўнікаў на сходах. Калі ён паспрабаваў паступіць у ардынатуру ў судзіннай хірургіі, кіраўніцтва не дало згоды. Тады малады мэдык вырашыў, што надышоў час зьяжджаць.

Краіну выбраў праз Google

Аляксандр прызнаецца, што выбар Фінляндыі быў хутчэй рацыянальным, чым эмацыйным. На той момант у Фінляндыі былі высокія заробкі, а замежным лекарам ня трэба было зноў заканчваць унівэрсытэт для пацьверджаньня дыплёму. Можна было пачаць працу ў статусе лекара-практыканта, паралельна рыхтуючыся да дзяржаўных іспытаў.

«Я ня быў вядомым спэцыялістам. Проста малады хірург з паліклінікі. Мне патрэбная была краіна, дзе я мог бы працягваць разьвівацца ў прафэсіі», — кажа ён.

Дадатковым плюсам стала блізкасьць да Беларусі: тады самалёт з Хэльсынкі да Менску лётаў некалькі разоў на тыдзень, дарога займала ўсяго паўтары гадзіны. Цяпер самалёты ня лётаюць і наведваць Беларусь Аляксандар асьцерагаецца.

За год вывучыў фінскую мову

Бязь веданьня фінскай мовы працаўладкавацца было немагчыма. Таму, прыняўшы рашэньне пра пераезд, Аляксандар пачаў інтэнсіўна вучыць фінскую мову.

За год з дапамогай рэпэтытаркі яму ўдалося падрыхтавацца настолькі, што ён прайшоў сумоўе і атрымаў першую працу ў Фінляндыі. Аднак шлях да паўнавартаснай працы доктарам аказаўся ня вельмі хуткім. Першы іспыт ён ня здаў. Ня здаў і другі.

«Я быў занадта самаўпэўнены. Мне здавалася: я ж ужо працаваў лекарам. Выявілася, гэтага недастаткова», — успамінае ён.

Толькі трэцяя спроба стала пасьпяховай. Пасьля гэтага былі яшчэ два іспыты, у тым ліку практычны, на якім трэба было агледзець і пралячыць пацыентаў.

У выніку беларускі мэдык атрымаў поўнае права працаваць у фінскай ахове здароўя.

Што найбольш уразіла ў фінскай сыстэме ахове здароўя

Першае адкрыцьцё чакала Аляксандра, калі ён захварэў.

«У мяне была тэмпэратура 38,5. Я — як чалавек зь Беларусі — сабраўся на працу. Калегі сказалі: ня трэба прыходзіць. Проста патэлефануй і скажы, што захварэў. Я ім не паверыў».

Калегі нават адвялі яго да галоўнай доктаркі, і тая паўтарыла тое самае.

«Мне было цяжка зразумець, што можна проста застацца дома і не заражаць іншых».

Аляксандар Лунчук, беларускі хірург у Фінляндыі

Яго ўразіла таксама, што доктар мае законны перапынак на абед. У Беларусі, кажа Аляксандар, на прыёме часта не заставалася часу нават на тое, каб спакойна перакусіць. Часам пацыенты забягалі ў кабінэт хірурга і абураліся, што лекар адарваўся ад працы на некалькі хвілін, каб зьесьці бутэрброд. У Фінляндыі паўнавартасны адпачынак падчас працоўнага дня лічыцца нормай, кажа Аляксандар. Яшчэ адно прынцыповае адрозьненьне ў стаўленьні да скаргаў. У Беларусі кіраўніцтва магло выклікаць лекара для размовы нават праз бытавую скаргу пацыента, якая ня мела дачыненьня да якасьці лячэньня. У Фінляндыі такія сытуацыі разьвязваюцца без удзелу мэдыка.

«Калі камусьці проста не спадабаўся лекар, мне пра гэта нават не паведамяць. Але калі была сапраўдная мэдычная памылка — тады, безумоўна, будзе афіцыйны разбор», — тлумачыць Аляксандар.

Купля дому ў крэдыт празь пяць гадоў пасьля пераезду

У Фінляндыі не прынята апублічваць свой заробак, але лекар запэўнівае: розьніца з Беларусьсю велізарная.

«У Беларусі ў мяне проста не было даходаў. Усё, што зарабляў, ішло на вывучэньне фінскай мовы. Нам з жонкай нават дапамагалі бацькі».

У Фінляндыі сытуацыя кардынальна іншая. Празь пяць гадоў пасьля пераезду сям’я змагла набыць у крэдыт дом.

«Мы з жонкай абое дактары, але ў Беларусі не маглі нават пачаць думаць пра ўласнае жыльлё. А тут ужо празь пяць гадоў пасьля пераезду мы змаглі ўзяць у крэдыт добры дом у вялікім горадзе. Ня ведаю, калі б у Беларусі мы змаглі дазволіць сабе нават звычайную кватэру».

«Фіны добра ведаюць, што такое Беларусь»

За дзесяць гадоў жыцьця ў Фінляндыі Аляксандар ні разу не сутыкнуўся з нэгатыўным стаўленьнем празь яго паходжаньне зь Беларусі. Паводле яго, большасьць фінаў добра ўяўляюць, дзе знаходзіцца Беларусь, ведаюць пра падзеі 2020 году і цікавяцца сытуацыяй у рэгіёне.

«Калі на дзяжурстве ёсьць расейскамоўны пацыент, мяне часта просяць дапамагчы незалежна ад таго, беларус ён, украінец ці расеец. Ніякіх праблемаў з прычыны нацыянальнасьці ніколі не было».

Чым фінская мэдыцына адрозьніваецца ад беларускай

Паводле Аляксандра, у Фінляндыі сацыяльная служба працуе значна лепш, чым у Беларусі.

«У Беларусі трэба было проста выпісаць бабулю з шпіталю, і ўсё. Ня вельмі важна, ёсьць у яе родныя ці няма, як яна будзе даходзіць да прыбіральні. Тут існуе служба дапамогі ўдома. Мэдсёстры могуць прыходзіць ад аднаго да чатырох разоў на дзень: даваць лекі, апрацоўваць раны. Прадукты цяпер і так прывозяць крамы. Могуць проста пагаварыць з чалавекам. Ёсьць таксама вельмі разьвітая сыстэма хатніх шпіталёў. Калі чалавеку ня трэба ляжаць у шпіталі, да яго дадому будуць прыяжджаць і ўводзіць, напрыклад, антыбіётыкі».

Доктар кажа пра вялікую розьніцу ў навучаньні мэдыкаў.

«Пасьля заканчэньня мэдычнага ўнівэрсытэту ў Беларусі я ведаў, як лячыць халеру, лепш, чым звычайныя распаўсюджаныя захворваньні.У Фінляндыі вучаць больш практычна. Студэнты адразу разумеюць, як лячыць пнэўманію ці іншыя частыя хваробы. Ужо з чацьвёртага курсу яны могуць працаваць у шпіталі — пад наглядам. У нас гэтая сыстэма зьнікла. Калісьці студэнты пасьля пэўнага курсу маглі працаваць летам у шпіталі, але цяпер гэтага няма».

Мы размаўляем з Аляксандрам удзень. Пасьля начнога дзяжурства ён мае выходны. У Беларусі пасьля начных дзяжурстваў яму даводзілася працаваць.

«Пасьля содняў працы лекар не павінен прымаць пацыентаў. Гэта проста небясьпечна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прапанаваў лекарам вярнуцца, каб мыць посуд. Паглядзелі, колькі мэдычнага пэрсаналу трэба ўстановам здароўя

Чаму беларускія лекары не вяртаюцца

Камэнтуючы нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што лекары нібыта хочуць вярнуцца на радзіму, Аляксандар кажа, што ў ягоным коле такіх людзей няма.

«Мы патрацілі вельмі шмат сіл і часу, каб пабудаваць жыцьцё тут. Калі чалавек ужо прайшоў гэты шлях і стаў спэцыялістам у Эўропе, вяртацца назад ня так проста».

Пры гэтым ён не заклікае ўсіх абавязкова эміграваць.

«Гэта заўсёды рызыка. Ты ставіш на карту вельмі шмат. Але калі чалавек хоча стаць вузкім спэцыялістам і гатовы шмат працаваць, то ў Эўропе гэта цалкам рэальна».

Сам ён называе сваю цяперашнюю працу хірурга найлепшай прафэсіяй, пра якую мог марыць.

«Калі б дзесяць гадоў таму мне сказалі, што я буду працаваць ва ўнівэрсытэцкім шпіталі ў Фінляндыі, я б, напэўна, не паверыў. Але гэта аказалася магчымым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Астраўная мэдыцына», высокая сьмяротнасьць, недаступныя лекі, няроўны доступ. Галоўныя высновы незалежнага аналізу беларускай мэдыцыны