Ад 922 рублёў за 11 дзён на моры ў Расеі: Як беларусам прапануюць адпачыць у зоне атакі дронаў

Атакаваны у Чорным моры танкер расейскага ценявога флоту. Ілюстрацыйнае фота

У выніку абстрэлу ў Бранскай вобласьці Расеі пацярпелі дзеці з Беларусі, юныя футбалісты ехалі на адпачынак у расейскі Геленджык. Паглядзелі, якія туры прапануюць беларусам у Расеі і наколькі бясьпечная дарога туды і сам адпачынак.

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Беларусі ехала адпачываць у прыморскі расейскі Геленджык. Пазьней Сьледчы камітэт Расеі ўдакладніў, што атака адбылася на трасе А240, якая ідзе ад Гомля да Бранска.

Пацярпеў аўтобус дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 2 горада Рэчыцы. Як паведаміла БелТА, агулам у Геленджык ехалі два аўтобусы, на маршруце было 88 чалавек. У тым ліку ў аўтобусах знаходзілася 41 дзіця: 28 навучэнцаў дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 2 Рэчыцкага раёну, якія накіроўваліся на вучэбна-трэнавальныя зборы ў аздараўленчым лягеры, і 13 дзяцей, якія займаюцца ў прыватнай студыі танцаў.

Паведамляецца, што ў выніку трапляньня БПЛА адна жанчына — жонка трэнэра дзіцячай футбольнай каманды — загінула. У цяжкім стане шпіталізавалі трэнэра-выкладчыка ДЮСШ № 2, а таксама шэсьць дзяцей з траўмамі рознай ступені цяжкасьці.

Беларускі аўтобус, які пацярпеў у выніку атакі дрона ў Бранскай вобласьці 17 чэрвеня 2026 году

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з афіцыйнай заявай наконт удару па аўтобусе з гомельскімі і рэчыцкімі школьнікамі ў Бранскай вобласьці Расеі. Прэс-сакратар ведамства Руслан Варанкоў паведаміў, што Менск рашуча асуджае атаку, расцэньвае як «чарговы акт тэрарызму супраць мірнага насельніцтва». Аднак, дыплямат таксама нагадаў аб небясьпецы паездак «у зоны вайсковых канфліктаў». У МЗС падкрэсьлілі «абавязковасьць безумоўнага выключэньня» любых паездак грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і суседніх з імі рэгіёнаў.

Украінскі бок назваў гэтае здарэньне «інфармацыйнай правакацыяй Крамля». У камэнтары «Люстэрку» прэс-сакратар Генштаба УСУ маёр Андрэй Кавалёў заявіў, што «ў названы пэрыяд Сілы абароны Украіны не прымянялі беспілотныя лятальныя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласьці».

Беларускі аўтобус, які трапіў пад удар, рухаўся блізка да мяжы з Украінай. Адлегласьць ад гэтай дарогі да мяжы складае ад 30 да 90 кілямэтраў на розных участках. Бранская вобласьць Расеі, а таксама Краснадарскі край, дзе знаходзіцца курортная зона, пэрыядычна трапляюць пад абстрэлы украінскіх БПЛА. Тым ня менш, існуе шмат прапаноў адпачыць у гэтым рэгіёне з выездам з Беларусі. Глядзім, што папануюць і наколькі гэта бясьпечна.

«Адпавядае ўсім патрабаваньням камфортнага адпачынку»

Па пошуку «адпачынак на моры ў Расеі, выезд з Беларусі» выдае больш за сотню варыянтаў з розным коштавым дыяпазонам. У асноўным, гэта аўтобусныя туры з выездам з Менску ці іншых буйных гарадоў у расейскія курортныя гарады Геленджык, Сочы, Анапа, Туапсэ. Усё гэта Краснадарскі край, які лічыцца галоўнай курортнай зонай Расеі. Марское ўзьбярэжжа тут цягнецца на 700 кілямэтраў уздоўж дзьвюх марэй: Чорнага і Азоўскага.

Для беларусаў гэта адносна бюджэтны варыянт адпачынку. 15 сутак у гатэлі без харчаваньня на другой лініі будзе каштаваць 1016 рублёў на аднаго ў двухмесным нумары. Кошт указаны ўключна з турыстычнай паслугай. Сюды ўжо уключаны праезд аўтобусам.

Яшчэ адзін варыянт, які знаходзім, адпачынак на 11 дзён, гатэль адпавядае «усім патрабаваньням камфортнага і недарагога адпачынку», абяцаюць мора і пляжы ў крокавай дасяжнасьці, харчаваньне не прадугледжана. Каштуе 1070 рублёў з чалавека.

Атака дронаў у Сочы. Лета 2025 году

Ёсьць варыянты падаражэй, 15 сутак з выездам з Гомля, уключаны сьняданак, каштуе 3324 рублі за аднаго чалавека ў двухмесным нумары. Абяцаюць трэнажоры, масажны кабінэт, басэйн і боўлінг.

У курортным пасёлку Камбардзінка, у ваколіцах Геленджыка адпачынак на 11 дзён для беларусаў будзе каштаваць ад 922 рублёў, улічваючы турыстычную паслугу з канца чэрвеня на аднаго чалавека ў двухмесным нумары. Кошты на аднаасобнае разьмяшчэньне пачынаюцца ад 1324 рублёў у чэрвені-ліпені.

Пажар пасьля атакі дрона па тэрыторыі НПЗ у Краснадары. 2023 год

Амаль ва ўсіх варыянтах прапанаваных тураў асобна прапісана, што турыстычная паслуга для дзяцей абыдзецца таньней на 50 рублёў, ў многіх варыянтах рэклямуецца менавіта сямейны адпачынак.

Ёсьць і проста рэйсавыя аўтобусы з Менску ў Геленджык, кошты стартуюць ад 290 рублёў за больш, чым 29 гадзін у дарозе. Можна адправіцца 18 чэрвеня, аўтобус ідзе праз Растоў-на-Доне.

У чым небясьпека дарогі і адпачынку ў Краснадарскім краі

Самы кароткі шлях у расейскія курортныя гарады з Менску ляжыць праз Украіну, але гэтая дарога недасяжная з пачаткам вайны. Яшчэ адзін адносна кароткі шлях ідзе праз Гомель, Бранск, Варонеж, Растоў-на-Доне, Краснадар. Гэтая траса якраз знаходзіцца ў непасрэднай блізасьці да мяжы з Украінай, тут рэгулярна фіксуюцца прылёты дронаў і трапленьні БПЛА у аб’екты інфраструктуры і нават аўтамабілі. Напрыклад, 31 траўня гэтага году адміністрацыя Бранскай вобласьці паведамілі пра трапленьне БПЛА у машыну ў Суземскім раёне, у яе выніку, па словах расейскіх чыноўнікаў былі параненыя двое мужчын. Гэты раён знаходзіцца ля самай мяжы з Украінай.

18 красавіка гэтага году расейскія чыноўнікі паведамілі пра гібель жанчыны ў Бранскай вобласьці ў выніку атакі БПЛА на аўтобус. Яшчэ адну пацярпелую даставілі ў лякарню. Гэта адбылося ў Клімаўскім раёне, які знаходзіцца непадалёк ад трасы на Бранск, калі ехаць з Беларусі.

З пачатку году расейскі бок рэгулярна паведамляў аб масіраваных украінскіх атаках на Бранскую вобласьць, Краснадарскі край, Крым і акваторыю Чорнага мора. Апошні раз такое паведамленьне было 17 чэрвеня.

Паведамлялася таксама і пра атакі на курортныя раёны Краснадарскага краю. Напрыклад, 6 красавіка паведамлялася, што ў выніку атакі былі пашкоджаныя дамы ў курортным Геленджыку.

Расейскі Геленджык таксама дасягальны для атак украінскіх беспілётнікаў

16 чэрвеня ВСУ атакавалі марскі тэрмінал у Краснадарскім краі, як паведамляла адміністрацыя рэгіёна, адзін чалавек загінуў, а трое атрымалі параненьні.

23 траўня пад атаку дронамі трапіла Анапа, а 14 чэрвеня ўлады гэтага курортнага гораду заявілі пра небясьпеку атакі БПЛА, якую адмянілі толькі праз 12 гадзінаў.

У красавіку і траўні дроны чатыры разы атакавалі курортны горад Туапсе Краснадарскага краю, на тэрыторыі марскога тэрміналу адбыўся буйны пажар.

Згодна з Белстатам летась з Беларусі ў іншыя краіны ў якасьці турыстаў і экскурсантаў арганізавана выехалі 736 390 чалавек. Зь іх у Расею — 162 862 чалавекі, у Турцыю — 162 484, у Егіпет — 112 752 чалавекі, у краіны ЭЗ — 80 805 чалавек. Гэта значыць гэтыя людзі афіцыйна купілі туры ў турыстычных арганізацыях.