Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 50 даляраў у дзень. Колькі сёлета каштуе адпачынак дзяцей у летніках і што там адбываецца

Закінуты летнік у Беларусі. Ілюстратыўнае фота
Закінуты летнік у Беларусі. Ілюстратыўнае фота

Да 2448,90 рубля за 18 дзён адпачынку, калі няма ніякіх ільготаў і бюджэтных датацыяў. Гэта цана ў самым вядомым беларускім летніку «Зубраня». Паглядзелі, якую праграму прапануюць у дзіцячых летніках сёлета.

Сёлета дзяржаўныя летнікі розных формаў плянуюць «аздаравіць» 400 тысяч беларускіх дзяцей. Зь іх 235 тысяч хочуць прыняць у летніках дзённага знаходжаньня, 165 тысяч — у кругласуткавых летніках. Агулам у Беларусі зараз каля тысячы стацыянарных загарадных летнікаў, дзе падчас зьмены дзеці могуць знаходзіцца дзень і ноч. Дзённыя летнікі арганізоўваюць пры школах і стацыянарных установах адукацыі, таксама існуюць перасоўныя і неперасоўныя намётавыя летнікі.

Што з цэнамі

Сярэдняя цана пуцёўкі ў дзяржаўныя летнікі, дзе падчас зьмены дзеці знаходзяцца ўвесь час, — 600–800 рублёў. Звычайна дзяржава часткова пакрывае гэтую суму. На такую субсыдыю могуць разьлічваць усе дзеці, перавага аддаецца льготнікам і дзецям, чые бацькі працуюць у бюджэтных арганізацыях. Таксама частку цаны такой пуцёўкі можа пакрываць працадаўца бацькоў дзіцяці.

Напрыклад, у летніку «Белыя росы» Менскага раёну поўная цана пуцёўкі для дзяцей 14–17 гадоў сёлета складае 822 рублі 33 капейкі. Аднак пры пакрыцьці часткі цаны дзяржаваю пуцёўка будзе каштаваць 537 рублёў 33 капейкі. Зьмена звычайна працягваецца 15–18 дзён.

Поўная цана пуцёўкі ў дзіцячы летнік «Янаўшчына» Крупскага раёну будзе 601 рубель, але бацькоўская даплата пры датацыйнай пуцёўцы толькі 299 рублёў.

Звычайна менавіта няпоўную суму плацяць бацькі дзяцей, якія адпачываюць у дзяржаўных дзіцячых летніках. Сіроты, дзеці-інваліды, іншыя катэгорыі льготнікаў могуць наагул адпачываць бясплатна ці з пакрыцьцём мінімальнай сумы ў 10%.

Ёсьць і даражэйшыя варыянты. Цана пуцёўкі для дзяцей 14–17 гадоў у самы вядомы дзіцячы летнік «Зубраня» сёлета складае 2448 рублёў 90 капеек.

Сямейны летнік ля Белавескай пушчы. Архіўнае фота
Сямейны летнік ля Белавескай пушчы. Архіўнае фота

Існуюць таксама і прыватныя летнікі. Напрыклад, летняя забаўляльная актыўная праграма для дзяцей «Актыў поліс» на базе аздараўленчага цэнтру «Ждановічы» будзе каштаваць 2423 рублі за зьмену працягласьцю 12 дзён.

У праграме — катаньне на байдарках, сноўбордах, эканамічныя гульні і квэсты.

Прыватны праект «Фарбы жыцьця» прапануе аздараўленчую праграму на базе санаторыю «Пралеска», зьмена ў 15 дзён будзе каштаваць 2490 рублёў.

Прапануюць таксама выязны ІТ-інтэнсіў для дзяцей ад 6 да 14 гадоў. Пуцёўка на 13 дзён будзе каштаваць 2500 рублёў.

А што з праграмамі

Агульныя рэкамэндацыі для дзіцячых летнікаў дзяржаўнай формы ўласнасьці распрацоўвае Міністэрства адукацыі і раённыя ўпраўленьні адукацыі. Як правіла, у сваіх праграмах яны робяць акцэнт на агульныя ідэалягічныя наратывы. Напрыклад, упраўленьне адукацыі Маладачанскага райвыканкаму так апісвае сёлетнюю праграму летнікаў:

«Значная частка лягерных мерапрыемстваў, творчых конкурсаў і сустрэч будзе прымеркаваная да Году беларускай жанчыны. Акрамя таго, ва ўсіх установах плянуецца максымальна актывізаваць экскурсійную работу, накіраваную на вывучэньне гісторыка-культурнай спадчыны і знакавых мясьцін нашай краіны. Асаблівая ўвага нададзена вайскова-патрыятычнаму профілю».

Дзеці з патрыятычнага клюбу вітаюць міністра унутраных справаў Івана Кубракова. Ілюстрацыйнае фота
Дзеці з патрыятычнага клюбу вітаюць міністра унутраных справаў Івана Кубракова. Ілюстрацыйнае фота

Падобныя ідэі знаходзім і на сайтах іншых раённых упраўленьняў адукацыі — у разьдзеле «аздараўленьне». На практыцы ж у кожным асобным летніку захады арганізоўваюць ужо на месцы. Якімі яны будуць, вырашаюць самі пэдагогі і арганізатары.

У праграмах прыватных летнікаў ухіл адпавядае заяўленай тэме. Калі гэта ІТ-тэхналёгіі, то ўсе модулі прысьвечаны менавіта ім. Калі летнік спартовы, то найбольш увагі надаецца спорту і спартовым падзеям. Калі мэта — квэсты і разьвіцьцёвыя гульні, то яны ж і заяўленыя ў праграме.

Што кажуць людзі

Свабода пачытала леташнія водгукі бацькоў пра розныя дзіцячыя летнікі. Пераважна яны станоўчыя, аднак бываюць і выключэньні. Напрыклад, у адным выпадку бацькі скардзіліся, што выхавальнікі нічога не дазвалялі дзецям, маўляў, для іхнай жа бясьпекі.

«Усё было нельга: гуляць на пляцоўцы (упадуць), хадзіць у суседнія пакоі да сяброў (незразумела чаму), на возеры ні разу не купаліся (хоць гэта прадугледжана праграмай, і ў значнай ступені менавіта дзеля гэтага быў выбраны летнік), падчас ціхай гадзіны нельга было чытаць ці маляваць», — напісалі водгук бацькі на адным з сэрвісаў пра дзяржаўны летнік у Чавускім раёне.

Шыльда на ўваходзе ў зачынены летнік “Сьвітанак”. Ілюстрацыйнае фота
Шыльда на ўваходзе ў зачынены летнік “Сьвітанак”. Ілюстрацыйнае фота

У некаторых летніках бацькі, наадварот, скардзяцца на адсутнасьць увагі выхавальнікаў да дзяцей. У іншых выпадках — на харчаваньне, малыя пакоі, брак імпрэзаў для дзяцей.

«Гэты сэктар яшчэ захоўвае крыху свабоды»

Паводле намесьніка прадстаўніка ў нацыянальным адраджэньні ў галіне адукацыі і навукі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Андрэя Лаўрухіна, нават у сфэры летняга адпачынку становіцца больш мілітарызацыі дзяцінства. Гэта абумоўлена дзяржаўнай ідэалёгіяй. Пры гэтым летнікі пакуль застаюцца свабаднейшымі за школу, адзначае суразмоўца.

«Гэты сэктар, асабліва ў прыватных паслугах, яшчэ захоўвае крыху свабоды. Добра, калі ёсьць магчымасьць паехаць у тэматычны летнік, зьвязаны зь дзіцячым сьветам. Такой прысутнасьці вайскова-патрыятычнага выхаваньня ў дзяржаўным сэктары не было раней, гэтага стала болей. Аднак адзін летнік адрозьніваецца ад другога. У нейкіх брэндавых, буйных летніках можа быць больш ідэалягічнага кантролю, больш кантролю за кадрамі. У іншых — менш. Усё адно — гэта лета, больш вольніцы, больш адпачынку. Напрыклад, у СССР кожны летнік быў прасякнуты ідэалягічным зьместам. У Беларусі такога няма, бо і самой ідэалёгіі няма, у сутнасьці», — заўважае экспэрт.

Суразмоўца адзначае і той факт, што дзякуючы прыватным магчымасьцям падабраць праграму адпаведна інтарэсам дзіцяці ўсё яшчэ можна.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG