Лета — час адпачынкаў. І калі выехаць у іншую краіну на мора ці ў горы не ўдаецца, можна адпачыць на радзіме. Напрыклад, у аграсядзібах. Такіх прапановаў у Беларусі шмат, цана залежыць ад ступені камфорту, прапанаванага шэрагу паслугаў і геаграфічнага разьмяшчэньня самой сядзібы.
Адразу кідаецца ў вочы адсутнасьць цэнтралізаванага сэрвісу, які б акумуляваў такія прапановы і паказваў зарэзэрваваныя даты. На сайце usadby.by ёсьць сьпіс аграсядзібаў, але нельга паглядзець варыянты рэзэрваваньня, усё трэба даведвацца праз тэлефон самастойна.
Міжнародны сэрвіс booking.com пайшоў зь Беларусі, а ў ягоным аналягу belbooking.by ня так шмат інфармацыі.
Цэны кароткачасовай арэнды сядзібы ў Беларусі зараз стартуюць ад 150 рублёў за домік у содні. Сярэдні варыянт — 300-350 рублёў. Напрыклад, на базе адпачынку «Рудакова» на беразе аднайменнага возера здаюць модульныя домікі на 2 чалавекі, цана — 250 рублёў у содні. У доміку ёсьць душ, прыбіральня, двухспальны ложак. З актыўнасьцяў — валейбольная пляцоўка, мангал, пляж. Бліжэйшыя выходныя вольныя, а вось наступныя ўжо занятыя.
Адпачыць у Белавескай пушчы аднаму чалавеку будзе каштаваць 150 рублёў, домік на 12 спальных месцаў, мае 5 пакояў. Прапануюць таксама дзіцячую пляцоўку, альтанку і мангал. Можна дадаткова арандаваць лазьню. У чэрвені ўсе даты вольныя, а вось у ліпені амаль усё зарэзэрвавана.
Вялікі дом на 12 спальных месцаў у Дзяржынскім раёне Менскай вобласьці абыдзецца ў 1200 рублёў за содні. Прапануюць вулічнае джакузі, басэйн і лазьню. Амаль усе выходныя ў чэрвені і ліпені ўжо расьпісаныя.
Сядзіба на 35 чалавек у Горадзенскім раёне будзе каштаваць 2100 рублёў «пад ключ». Дадаткова аплочваецца арэнда лазьні — 200 рублёў. З актыўнасьцяў — чаўны, джампэры, аэрахакей, тэнісны стол.
Што з цэнамі ў іншых краінах
У Літве цэны на адпачынак у аграсядзібе амаль такія ж. Можна знайсьці варыянты за 65 эўра — 208 рублёў за содні. Ёсьць даражэйшыя: 170 эўра, ці 540 рублёў за содні. Актыўнасьці прапануюць падобныя — лазьня, рыба, лодкі, тэніс. Агулам жа сярэдняя цана — 90–150 эўра, ці 288–480 рублёў.
У Латвіі цэны на такія дамы пачынаюцца прыкладна ад 80 эўра за содні, сярэдняя цана прыкладна 100 эўра, ці 320 рублёў. У Польшчы адзін з самых разнастайных рынкаў у гэтым пляне. Адрозьніваюцца і цэны. Сярэдняя — 220 рублёў за содні ў пераводзе на беларускія грошы паводле актуальнага курсу.
Такім чынам, калі ўзяць сярэднюю цану і сярэднія заробкі ў Беларусі, выйдзе менш даступна. Вось на колькі содняў у аграсядзібе хопіць сярэдняга заробку пры сярэдніх цэнах:
- Беларусь — 9,8 содняў
- Латвія — 18,3
- Літва — 27,5
- Польшча — 30
Гэта прыкладныя падлікі, якія грунтуюцца на прагледжаных намі абвестках.
Дзяржава цісьне
Жыцьцё ўласьнікаў аграсядзібаў ускладняецца апошнімі рэформамі дзяржавы ў гэтай галіне турызму. Напрыклад, з 2023 году ўладальнікаў аграсядзібаў абавязалі плаціць падатак на прафэсійны даход — 10% ад прыбытку. Раней яны плацілі фіксаваны збор, што дапамагала, калі сядзіба працуе 3-4 месяцы, а ня круглы год. Цяпер фіксаваны збор таксама магчымы як форма падаткаабкладаньня, але толькі з дазволу мясцовых органаў улады. Таксама ўладальнікі аграсядзібаў мусяць плаціць складкі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, калі не афармляюць падатак на прафэсійны даход — 29% ад самастойна вызначанага даходу, але ня менш за складкі ад мінімальнага месячнага заробку. Калі раней дзейнічаў заяўляльны прынцып адкрыцьця, то з 2023 году дазвол на адкрыцьцё аграсядзібы даюць мясцовыя ўлады.
Таксама ў аграсядзібах больш нельга займацца арганізацыяй спартова-масавых і фізкультурна-аздараўленчых захадаў, хоць можна ладзіць актыўныя гульні. Можна таксама праводзіць канцэрты і іншыя культурныя забавы, але паводле дамовы з тымі культурнымі арганізацыямі, якім Міністэрства культуры дазволіла такую дзейнасьць.
Гэтыя навацыі паўплывалі на галіну. З 2021 па 2025 год колькасьць аграсядзібаў зьменшылася ўдвая. За гэты ж час на 16% скарацілася колькасьць турыстаў у гэтых аб’ектах.
Хто наведвае аграсядзібы
Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь беларусамі, якія наведваюць аграсядзібы. На іх думку, асноўнымі гасьцямі застаюцца жыхары Беларусі, расейскія турысты нязначна паўплывалі на гэты паток.
Суразмоўцы адзначылі, што імкнуцца загадзя рэзэрвававаць месца — за некалькі месяцаў, так будзе таньней і дакладней. Аднак яны адзначаюць, што зрабіць гэта можна і больш тэрмінова — напрыклад, зарэзэрваваць выходныя бягучага тыдня. Але так найлепшых варыянтаў можа не аказацца або ня будзе месцаў у той лякацыі, куды хацелася паехаць.
«Цяжка сказаць, якім чынам уплываюць усе гэтыя абмежаваньні, — расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці уласьнік аграсядзібы ў Горадзенскай вобласьці. — З аднаго боку, стала больш кантролю, выдаткі вырасьлі. Праверкі пачалі прыяжджаць з МНС і ад чыноўнікаў, чаго раней амаль не было. Усё на словах вырашалася. Зь іншага боку, ахвочых адпачыць ня стала менш, нягледзячы ні на што. Магчыма, нават больш. Мы ўжо нават не даем рэклямы, людзі ведаюць самі і прыязджаюць штогод тымі ж кампаніямі. Тыя, хто адкрываўся 4–5 гадоў таму і напрацавалі сабе базу, працуюць і ня будуць закрывацца. Новым людзям уваходзіць у гэты бізнэс зараз, вядома, нашмат цяжэй».
Форум