Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паламаны бэз, фота ў рапсе і незарэгістраваныя кацяняты. Топ штрафаў у Беларусі гэтага лета

Рапсавае поле. Ілюстрацыйнае фота
Рапсавае поле. Ілюстрацыйнае фота

Расказваем, у якіх выпадках прыйдзецца заплаціць беларускай дзяржаве, нават калі вы проста захацелі адчуць радасьць ад цяпла і сонца.

За ўсё ў жыцьці даводзіцца плаціць. А калі вы жывяце ў Беларусі — асабліва. Даходы ад штрафаў у дзяржаўным бюджэце растуць штогод. Сілавыя структуры атрымліваюць пляны іх спагнаньня, а беларусаў палохаюць усё больш жорсткім падыходам да выкананьня Адміністрацыйнага кодэксу. Расказваем пра штрафы, аб існаваньні якіх вы, магчыма, ня ведалі. І якія можаце атрымаць ужо гэтым летам.

Фота ў рапсе — да 1350 рублёў штрафу

І ня толькі ў рапсе, а наагул у якім-хаця засеяным калгасным полі. Жытнёвым, сланечнікавым ці кукурузным. Інстаграм можа сёлета быць вельмі дарагім. Паводле дзяржаўных СМІ, «калі дзеля кадру зайсьці ў глыб пасеваў, таптаць або ламаць сьцёблы, гэта будзе расцэнена як наўмыснае псаваньне чужой маёмасьці». Фатаграфавацца можна толькі побач з квітучым полем або на сьцяжынцы ці дарозе, якая праходзіць празь яго. Ну або заходзіць вельмі асьцярожна і ў выпадку чаго паспрабаваць патлумачыць праваахоўнікам, што ўся выяўленая імі на палях шкода была нанесена да вас.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выпадкаў, калі б некага сёлета ўжо аштрафавалі за фотачкі ў беларускім рапсе, мы не знайшлі. Але гэта ня значыць, што іх ня будзе.

Букет бэзу — да 1350 рублёў штрафу

Гэта 30 базавых. «Чаму нельга абломваць бэз? Першае, мы трацім дэкаратыўнасьць, бо кветкавыя пупышкі на галінках завязваюцца ў чэрвені–ліпені, — расказвала ў размове зь дзяржаўным СТВ Тацяна Шпітальная з Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі. — І калі мы абломваем пупышкі, то трацім вялікі працэнт бутонаў, якія павінны ўтварыцца. Другое, абломваючы бэз, мы ствараем спрыяльнае асяродзьдзе для інфэкцыі. Гэта значыць, мы псуем расліну, і пытаньне, як яна будзе сябе адчуваць на наступны год».

Квітнеючы бэз
Квітнеючы бэз

Усё гэта датычыць ня толькі бэзу, але і іншых расьлінаў і кветак, якія растуць у гарадзкіх парках і на клумбах. Выключэньне — расьліны з прыватных участкаў. Пра забарону ламаць іх там паведамленьняў у дзяржаўных мэдыя не было. Але магчыма, што варта ўсё ж спытаць дазволу ва ўласьніка, калі ўчастак з бэзам ня ваш.

Трава на лецішчы — штраф да 1125 рублёў

У адрозьненьне ад папярэдніх, гэта адносна новае пакараньне. Яго ўвялі год таму, выклікаўшы хвалю абмеркаваньняў. Беларуская дзяржава патрабуе ад сваіх грамадзян трымаць траву на ўласных падворках не вышэйшай за 20 сантымэтраў. І ня толькі на падворках, але і на прылеглых да іх тэрыторыях. Усё павінна быць роўна абкошана. Навуковых або нейкіх іншых тлумачэньняў неабходнасьці гэтага чыноўнікі не публікавалі. Застаецца толькі выконваць і радавацца.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што штрафы за высокую траву на ўчастку практыкуюць і ў суседняй Літве — да 120 эўра (400 рублёў). Праўда, там уласьніка зарослага ўчастку спачатку просяць яго абкасіць і штрафуюць, толькі калі ён упарта ігнаруе просьбы. Траву ў Літве можна трымаць на ўзроўні 25 сантымэтраў.

Незарэгістарванае кацянятка — штраф да 675 рублёў (ці нават да 1350)

Навіна аб гэтым нарабіла шуму сёлета ў красавіку. Пасьля аказалася, што штраф за адсутнасьць рэгістрацыі хатняга гадаванца зусім не навіна — катоў у Беларусі трэба рэгістраваць даўно. Але пакуль за гэта не штрафавалі. Зараз жа дзяржаўныя СМІ вырашылі правесьці адукацыйную кампанію наконт нелегальных катоў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Памер штрафу залежыць ад таго, ці нарабіў ваш вусаты і хвастаты гадаванец некаму шкоды, ці не нарабіў. У першым выпадку заплаціць прыйдзецца больш. Прычым не таму, каму шкода была ўчыненая, а дзяржаве. Беларусы прадказальна сваіх катоў рэгістраваць не сьпяшаюцца, нават нягледзячы на пагрозу фінансавых стратаў. Паводле чыноўнікаў, зараз ім вядома толькі пра 1500 катоў, якія жывуць у Менску. Малаімаверна для двухмільённага гораду. Але майце на ўвазе — калі раптам вашая, нават зарэгістраваная, котка акацілася, то вы маеце толькі тры дні, каб зарэгістраваць усіх яе кацянятаў. Для гэтага трэба пайсьці ў бліжэйшы выканкам і пастукацца ў «адно акно», дзе прыйдзецца паказаць дакументы на кватэру ці дом, у якім жывуць каты. Катоў з сабой можна ня браць.

Адпачынак ля возера — да 450 рублёў штрафу

За сам адпачынак ля вады ў Беларусі пакуль не караюць (толькі будзьце асьцярожныя ў нацыянальных парках і іншых запаведных зонах, там могуць быць свае правілы, таксама варта зьвяртаць увагу на шыльдачкі «Купацца забаронена». — РС), але паводле Воднага кодэксу (існуе і такі) паркаваць аўтамабілі ў Беларусі дазваляецца не бліжэй чым за 30 мэтраў ад берагу. Штраф 10 базавых — зараз гэта 450 рублёў. Менш, чым за паламаны бэз.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Так што паркуйцеся далей і лепш з запасам. Інспэктары могуць літаральна хадзіць з рулеткамі. Асобная гісторыя з алькаголем ля вады. Гэта ня толькі небясьпечна (ня ўздумайце плаваць нападпітку), але і можа быць дорага. Тут усё залежыць ад узроўню «публічнасьці» месца, дзе вы вырашылі выпіць. Побач з гарадзкімі ці нават вясковымі пляжамі дакладна ня варта.

Паход у грыбы ці ягады — штраф да 1125 рублёў

Самі грыбы і ягады ў беларускіх лясах пакуль зьбіраць можна нават у запаведніках і нацыянальных парках (але зноў жа лепш праверце дакладныя правілы для кожнага зь іх асобна), але можна ўхапіць штраф за наведваньне лесу ў забаронены пэрыяд. Зьвесткі аб забароне наведваць лясы звычайна публікуе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў на сваім сайце. Тлумачыцца забарона адсутнасьцю дажджоў і небясьпекай лясных пажараў. За непаслушэнства — да 25 базавых (1125 рублёў). Так што ягады і грыбы можа быць значна таньней прынесьці з крамы ці рынку, а ня зь лесу.

Ілюстарцыйнае фота
Ілюстарцыйнае фота

Акрамя сайту МНС, раім таксама зазіраць на сайт Міністэрства абароны. Там таксама пэрыядычна зьяўляюцца абвесткі пра абмежаваньні на публічнае наведваньне пэўных тэрыторыяў Рэспублікі Беларусь, але зьвязана гэта ўжо не з пажарамі.

Свабода — да 1350 рублёў штрафу (калі пашанцуе)

І бонусам, пра саме дарагое. Чытаць Свабоду ў Беларусі па-ранейшаму можа быць дорага, гэтым летам у тым ліку. Паводле ўведзенага пасьля 2020 году ў краіне заканадаўства, за выраб, захоўваньне або перавозку інфармацыйнай прадукцыі з «рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» прадугледжана адказнасьць паводле артыкулу 19.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Штраф да 1350 рублёў. Распаўсюдам лічыцца рэпост у сацсетках, мэсэнджарах (нават у асабістых паведамленьнях), а таксама падпіска на рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі». Таму паведамляем, што чытаць нас паўсюль можна і без падпіскі, а таксама з дапамогай VPN. Свабода мае актыўныя акаўнты ў Threads, Instagram, TikTok, Facebook, X, YouTube, Telegram. Вядома, працуе таксама наш сайт svaboda.org, дасяжны зь Беларусі праз той жа VPN або празь «люстэркі».

Акрамя штрафу, падпіскі на «экстрэмістаў» пагражаюць канфіскацыяй тэлефону і куды больш непрыемнымі за грашовыя страты наступствамі ў выглядзе пазбаўленьня волі. Прадказаць лёгіку сілавікоў немагчыма.

Заставайцеся на Свабодзе. І бяз штрафаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG