Літва заявіла Беларусі пратэст супраць прызнаньня ЭГУ «экстрэмісцкай» арганізацыяй

Шыльда на будынку ЭГУ. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве замежных справаў Літвы заявілі, што прызнаньне ўладамі Беларусі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту «экстрэмісцкай» арганізацыяй палітычна матываванае, неабгрунтаванае, парушае прынцыпы міжнароднага права і сувэрэнітэт Літвы.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце замежнапалітычнага ведамства, з гэтай прычыны Літва выказала Беларусі рашучы пратэст.

«Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна дзейнічае ў іншай краіне, абвяшчаецца „экстрэмісцкай“ арганізацыяй», — адзначаецца ў заяве МЗС Літвы.

У ведамстве падкрэсьлілі, што Літва пасьлядоўна падтрымлівала і будзе падтрымліваць ЭГУ як важную прастору для акадэмічнай свабоды, крытычнага мысьленьня і дэмакратычных каштоўнасьцяў, а таксама для навучаньня без палітычнага ўплыву.

У заяве адзначаецца, што рашэньне ўладаў Беларусі нясе беспасярэднюю пагрозу ўсім студэнтам ЭГУ ня толькі зь Беларусі, акадэмічнай супольнасьці, крыміналізуе міжнародную акадэмічную супрацу і наносіць шкоду прагрэсіўнаму грамадзтву Беларусі, дэмакратычнай апазыцыі і будучыні ўсёй краіны.

«Літва не прызнае юрыдычнай сілы гэтага рашэньня на сваёй тэрыторыі і папярэджвае, што такія дзеяньні яшчэ больш ускладняць дачыненьні паміж Літвой і Рэспублікай Беларусь. Іх ацэняць як на нацыянальным узроўні, так і на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу з мэтай ухваленьня далейшых палітычных і дыпляматычных захадаў», — адзначаецца ў заяве МЗС Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ратаваць трэба студэнтаў, а ня імідж»: у ЭГУ незадаволеныя дзеяньнямі кіраўніцтва

Што папярэднічала і чаму гэта важна

14 красавіка 2026 году стала вядома, што 100 студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім».

Пры гэтым Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пацьвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плянуе спэцыяльных інфармацыйных захадаў для беларускіх абітурыентаў у сытуацыі пагрозаў ад уладаў Беларусі.

ЭГУ сёлета запрасіў студэнтаў на новую адукацыйную праграму «Эўрапейская спадчына і крэатыўны турызм». На матэрыяле культурнай спадчыны Беларусі, Літвы й іншых краін Эўропы ВНУ рыхтуе мэнэджараў культуры і спэцыялістаў у крэатыўным турызьме, здольных ствараць уласныя аўтарскія прадукты і ўвасабляць іх у жыцьцё.

Свабода правяла вялікае інтэрвію з рэктарам ЭГУ Вілюсам Шадаўскасам, у якім ён расказаў, як унівэрсытэт зьбіраецца дзейнічаць і як адрэагуе на новыя пастановы рэжыму Лукашэнкі.

Заснаваны ў 1992 годзе ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску з 2006 году працуе ў Вільні і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.

У Вільні ЭГУ мае два спэцыялізаваныя падразьдзелы — Школу лічбавых кампэтэнцыяў і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць вучыцца або праходзіць стажы ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага Зьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 12 чэрвеня: сілавікі правялі ўжо больш за 60 ператрусаў у «справе ЭГУ»

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».