Стала вядома аб расейскім крэдыце, які беларускія ўлады атрымалі ў 2025 годзе

Расейскія рублі. Ілюстрацыйнае фота

Апошні раз Расея выдзяляла Беларусі крэдыт у 2022 годзе.

Міністар фінансаў Беларусі Ўладзіслаў Татарыновіч заявіў, што ў 2025 годзе аб’ём крэдытных сродкаў, атрыманых ад ураду Расеі склаў прыблізна 1,2 мільярды даляраў.

«...У тым ліку для фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў у мэтах паглыбленьня каапэрацыі паміж гаспадарчымі суб’ектамі Рэспублікі Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі», — працытавала беларускага міністра расейскае агенцтва Sputnik.

Як вынікае з заявы міністра, Расея выдзеліла крэдыт у расейскіх рублях.

Паводле Татарыновіча, на 1 студзеня 2026 году дзяржаўны доўг Беларусі склаў 71,8 мільярда рублёў і зьменшыўся за 2025 год на 8,6 мільярда або практычна на 11 %. Датычна да ВУП узровень дзяржаўнага доўгу склаў 26,1 % і не перавысіў бясьпечныя парогавыя паказьнікі.

«У 2025 годзе па паказьніку дзярждоўгу мы змаглі дасягнуць гістарычнага мінімуму за апошнія 10 гадоў», — дадаў міністар фінансаў Беларусі.

Татарыновіч таксама адзначыў, што летась урад выканаў усе даўгавыя абавязаньні. На пагашэньне і абслугоўваньне дзярждоўгу ў рублёвым эквіваленце выдзелілі амаль 16,8 мільярда рублёў. Зь іх прыблізна 93 % склалі плацяжы ў замежнай валюце, агулам гэта больш за 5 мільярдаў даляраў.

Апроч таго, паводле яго, бязвыплатныя паступленьні летась склалі 7,6 мільярда рублёў. «Зь іх паступленьні ад замежных дзяржаў — гэта нашыя пагадненьні з асноўным стратэгічным партнэрам — з Расейскай Фэдэрацыяй», — дадаў міністар фінансаў Беларусі Ўладзіслаў Татарыновіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Скончылася адтэрмінаваньне выплат расейскага крэдыту за БелАЭС

Чаму гэта важна

Расея выдае ўраду Лукашэнкі міждзяржаўныя і камэрцыйныя крэдыты на сталай аснове.

Апошнія, пра якія паведамлялі публічна, былі пералічаныя ў 2020 годзе (1 мільярда даляраў для падтрымкі бюджэту і пагашэньня ранейшых запазычанасьцяў) і ў 2022-м (1,5 мільярда даляраў на праграмы імпартазамяшчэньня).

Пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны прынамсі ў публічнай прасторы тэму расейскіх крэдытаў не згадвалі.

Вядома таксама, што праз складаную макраэканамічную сытуацыю Беларусь і Расея рэгулярна падпісваюць дамовы аб рэструктурызацыі і адтэрмінаваньні выплат. Напрыклад, выплаты па асноўным доўгу за пэўныя пэрыяды ўжо перанесьлі на пэрыяд з 2032 па 2037 год.

Агульны аб’ём выдзеленых Расеяй крэдытаў Беларусі складана падлічыць дакладна, паколькі шмат старых займаў рэфінансавалі, перапісвалі або пагашалі за рахунак новых. З моманту інтэграцыі з Расеяй Беларусь атрымала ня менш за 15–17 мільярдаў даляраў расейскіх крэдытаў.

Найбольшы разавы крэдыт Беларусь атрымала ад Расеі на будаўніцтва Беларускай АЭС. Тады паведамлялася аб адкрыцьці крэдытнай лініі на 10 мільярдаў даляраў, зь якіх Менск нібыта выкарыстаў толькі палову.

Пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, міжнародныя арганізацыі спынілі ўсю фінансавую і тэхнічную дапамогу Беларусі.

Пасьля 2022 году, калі ўлады падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне супраць Украіны, санкцыі сталі яшчэ больш жорсткімі — краіна страціла яшчэ і магчымасьці набываць за межамі высокія тэхналёгіі і высакаякаснае абсталяваньне.

Апошнія тры гады адным з найбольшых донараў Беларусі стаў Кітай, які выдзяляе крэдыты і тэхнічную дапамогу ў розных сфэрах — ад IT-сэктару да лясной гаспадаркі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абсталяваньне для мэдычнага цэнтру ў Мазыры набудуць за кітайскія грошы. Яго ствараюць пад эгідай ААНМільёны зь бюджэту ў бэтон. Як улады гадамі безвынікова ратуюць нерэнтабэльныя прадпрыемствы«ПіК Свабоды». Беларусь і глябальны крызіс: што падаражэе і чаму?Пояс ёсьць, шляху няма. Чаму Менску не ўдаецца манэтызаваць сяброўства з Пэкінам