За два гады празь Беларусь пралёг адзін з галоўных маршрутаў расейскіх дронавых атак супраць Украіны. Свабода выявіла і прааналізавала сетку расейскіх аэрадромаў і пускавых комплексаў, якія апошнімі гадамі ўзьніклі каля беларускай мяжы і могуць выкарыстоўвацца для запуску сотняў ударных бесьпілётнікаў.
«У 12 гадзін 03 хвіліны пачула моцны гул ў небе. Выйшла на балькон і пабачыла, што над Слуцкім цукровым заводам ляцеў дрон ў бок Навадворцаў. Ад нечаканасьці не пасьпела сфатаграфаваць. Праз 20 хвілін яшчэ два разы чула ў небе, але нічога не было бачна. Многія случакі чулі і бачылі, але ўсе баяцца напісаць пра гэта. Людзі баяцца трапіць у турму за гэта. Гэта жахліва! Дзе мы жывем?» — напісала жыхарка гораду ў прыват журналісту Свабоды пра выпадак з падзеньнем 2 чэрвеня 2026 году расейскіх «Шахедаў» пад Слуцкам.
У апошнія тры гады Беларусь сутыкнулася зь беспрэцэдэнтнай колькасцю залётаў баявых бесьпілётнікаў на сваю тэрыторыю. Нават рэдкія афіцыйныя заявы беларускіх вайскоўцаў і чыноўнікаў сьведчаць, што гаворка ідзе пра больш як тысячу парушэньняў паветранай прасторы за год.
Так, паводле камандуючага ВПС і войскамі супрацьпаветранай абароны (СПА) Андрэя Лук’яновіча, толькі ў 2025 годзе было зафіксавана больш за 1400 парушэньняў правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы. А з словаў камандзіра ўнутраных войскаў Мікалая Карпянкова, на тэрыторыі Беларусі за 2025 год разьмінавалі каля 520 дронаў, траціна зь якіх былі баявымі.
У 2026 годзе беларускія сілавікі ўпершыню прызналі, што залёты бесьпілётнікаў адбываюцца «практычна штодня». Паводле дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, толькі за адзін тыдзень траўня было зафіксавана 116 выпадкаў парушэньня паветранай мяжы.
Працы па абяшкоджваньні бесьпілётніка, падобнага да расейскага «Шахеда», які заляцеў на тэрыторыю Беларусі. Відэа Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, апублікаванае 18 сакавіка 2026 году
Пры гэтым афіцыйны Менск ніколі не называе такія дроны расейскімі. Іх прыналежнасьць звычайна не ўдакладняюць або сьцьвярджаюць, што ідзецца пра ўкраінскія бесьпілётнікі. Аднак украінскія вайскоўцы апошнімі месяцамі рэгулярна паведамляюць пра адваротнае: расейскія «Шахеды» і «Гербэры» выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі і яе памежжа для атак на Кіеўскую, Жытомірскую і заходнія вобласьці Ўкраіны. Паводле заявы прадстаўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэя Дземчанкі ад 6 чэрвеня, большасьць дронаў, запушчаных Расеяй падчас масавых атак Украіны, пралятаюць празь Беларусь. І колькасьць такіх выпадкаў расьце.
Першыя расейскія дроны пачалі залятаць у Беларусь у ліпені 2024 году. Як высьветліла Свабода, гэта супала ў часе з будаўніцтвам маштабных пускавых комплексаў для запуску бесьпілётнікаў на тэрыторыі Расеі побач зь беларускай мяжой, некаторыя зь іх ўсяго за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад яе. Іх ня менш за пяць. Яны паўсталі ў Бранскай, Арлоўскай і Смаленскай вобласьцях Расеі. З таго часу расейскія бесьпілётнікі рэгулярна залятаюць у Беларусь.
Маршрут пралёту дронаў з большасьці гэтых пляцовак у бок Кіева або заходніх рэгіёнаў Украіны практычна заўсёды праходзіць паблізу беларускай тэрыторыі. Паводле ўкраінскага вайсковага экспэрта Анатоля Храпчынскага, менавіта такое разьмяшчэньне пускавых комплексаў каля межаў Беларусі — адно з найвыгаднейшых для расейскіх атак.
«Гэта найбольш выгаднае разьмяшчэньне, якое дазваляе наносіць удары наўпрост па Кіеве або накіроўваць дроны ўздоўж мяжы ў бок Заходняй Украіны», — сказаў Храпчынскі ў інтэрвію Свабодзе.
Падрыў бесьпілётніка, які заляцеў на тэрыторыю Беларусі, вайскоўцамі ўнутраных войскаў Беларусі. Відэа Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, апублікаванае 18 сакавіка 2026 году
Пра такую тактыку ў апошнія месяцы ня раз паведамлялі ўкраінскія вайскоўцы. Кіраўнік управы камунікацыі Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат у інтэрвію Свабодзе адзначыў, што расейскія дроны наўмысна «прыціскаюцца» да беларускай мяжы, калі накіроўваюцца ў бок заходніх рэгіёнаў Украіны. Паводле яго, такая тактыка выкарыстоўваецца для ўскладненьня працы ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.
«Яны выкарыстоўваюць памежжа Беларусі. Пазаўчора [3 чэрвеня] быў выпадак, калі дрон заляцеў на тэрыторыю Беларусі, а потым вярнуўся назад і быў зьнішчаны каля Жытоміру», — сказаў прадстаўнік Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат.
Юрый Ігнат таксама адзначае, што блізкасьць пускавых комплексаў да мяжы з Украінай дае магчымасьць расейскім вайскоўцам павялічваць баявую частку бесьпілётнікаў за кошт меншай патрэбы ў паліве для падлёту да цэляў.
Украінскі бок таксама не выключае, што тэрыторыя Беларусі служыць дапаможным элемэнтам інфраструктуры для такіх атак. На думку Храпчынскага, расейскія дроны могуць выкарыстоўваць каналы сувязі і рэтрансьляцыі сыгналу, разгорнутыя на беларускай тэрыторыі. Гэта дазваляе падтрымліваць устойлівую сувязь пры палётах. Экспэрт падкрэсьлівае, што блізкасьць пускавых комплексаў да Беларусі натуральна павялічвае рызыку залёту расейскіх дронаў у беларускую паветраную прастору — як праз тэхнічныя збоі, так і пад узьдзеяньнем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
На мапах украінскіх маніторынгавых каналаў сапраўды бачна, што тэрыторыі на паўднёвым усходзе Беларусі нярэдка выкарыстоўваюцца як калідор для расейскіх «Шахедаў» і «Гербэраў», якія накіроўваюцца ў бок Украіны. У іншых выпадках дроны рухаюцца ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы, каб потым зьмяніць курс і атакаваць цэлі ва Ўкраіне.
Мапа, створаная ўкраінскім маніторынгавым тэлеграм-каналам @monitorwarr, на якой бачныя пралёты баявых бесьпілётнікаў над тэрыторыяй Беларусі і каля яе падчас масавай паветранай атакі на Ўкраіну 31 ліпеня 2025 году
Свабода сабрала інфармацыю пра асноўныя вядомыя расейскія аэрадромы і пускавыя комплексы для запуску Гэта расейская вэрсія іранскіх «Шахедаў» і іншых ударных бесьпілётнікаў, пабудаваных каля беларускай мяжы пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны. Аналіз паказвае, што менавіта ў пэрыяд зьяўленьня гэтай інфраструктуры залёты расейскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі сталі масавымі і рэгулярнымі.
1. Вайсковы аэрадром Шаталава, Смаленская вобласьць
46 км да мяжы зь Беларусьсю
145 км да Магілёва
Выкарыстоўваецца з пачатку 2025 году
54.33891° N, 32.47222° E
Гэта найбліжэйшае да Беларусі і краінаў NATO вядомае месца запуску расейскіх баявых дронаў. Да беларускай мяжы 46 кілямэтраў, гэта менш, чым даўжыня Менскай кальцавой дарогі.
Будаўнічыя працы тут стартавалі ў пачатку 2025 году. Амаль адразу зьявіліся дзве стацыянарныя пускавыя ўстаноўкі для «Шахедаў» ва ўсходняй частцы аэрадрому. На спадарожнікавым здымку ад 5 траўня 2026 году, атрыманым Свабодай, бачна ўжо каля дзесяці ўстановак. Будаўнічыя працы тут не спыняюцца. Таксама тут зьявіліся сыстэмы супрацьпаветранай абароны і імаверны бункер для ўкрыцьця дронаў.
Згодна з дадзенымі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, пускі бесьпілётнікаў тут могуць адбывацца часам некалькі разоў на тыдзень.
На спадарожнікавым здымку, зробленым 1 сакавіка 2026 году, бачна, што з аэрадрому могуць таксама запускаць сучасныя рэактыўныя «Герані». Чорныя плямы на сьнезе — падобна, сьляды працы іх рухавікоў падчас стартаў з пускавых установак.
Сьляды ад імавернага запуску рэактыўных бесьпілётнікаў “Герань” з рэек пускавых установак на вайсковым аэрадроме Шаталава за 45 кілямэтраў ад мяжы Беларусі. Здымак 1 сакавіка 2026 году
2. «Найбольшы ў сьвеце дронапорт» пад Цымбулавай, Арлоўская вобласьць
200 км да мяжы зь Беларусьсю
335 км да Гомля
Выкарыстоўваецца з восені 2024 году
53.36858° N, 35.8166° E
Каля вёскі Цымбулава ў Арлоўскай вобласьці, за 200 кілямэтраў ад межаў Беларусі, Расея пабудавала адзін з найбуйнейшых вядомых комплексаў для запуску ўдарных бесьпілётнікаў. Будаўніцтва аб'екту пачалося ў жніўні 2024 году, а першыя пускі тут маглі адбыцца ўжо восеньню таго ж году.
Свабода атрымала сьвежы спадарожнікавы здымак комплексу, датаваны 1 чэрвеня 2026 году. На ім бачна, што плошча вайсковага аб'екту цяпер складае амаль 2 на 4 кілямэтры. Яна за сёлетнюю вясну павялічылася амаль удвая.
Тут знаходзяцца ня менш за дванаццаць дзейных пускавых установак, а таксама могуць рыхтавацца яшчэ восем дадатковых стацыянарных пускавых пазыцыяў. На тэрыторыі комплексу разьмешчаная працяглая стартавая пляцоўка для запуску дронаў з аўтамабільных плятформаў і амаль сотня сховішчаў і дапаможных збудаваньняў. Паводле ацэнак украінскіх дасьледнікаў, адначасова тут могуць захоўвацца сотні ўдарных бесьпілётнікаў.
Беспілётнікі «Герань» у сховішчах на расейскай пляцоўцы пад Цымбуловай, Арлоўская вобласьць
Будаўніцтва комплексу пад Цымбулавай працягваецца. Асабліва прыкметныя зьмены адбываюцца зь вясны 2026 году. Паводле дасьледаваньня амэрыканскага выданьня Business Insider, на тэрыторыі комплексу зьявіліся падоўжаныя рэйкавыя пускавыя ўстаноўкі даўжынёй каля 85 мэтраў. Аналітыкі зьвязваюць іх з рыхтаваньнем да запуску новых рэактыўных мадыфікацыяў «Герані» — такіх, як «Герань-5». Плошча комплексу можа павялічыцца амаль удвая.
Комплекс пад Цымбулавай паказалі ў сюжэце расейскага дзяржаўнага тэлеканалу «Звезда» год таму, яшчэ да росту яго памераў гэтаю вясною. Ужо тады ў рэпартажы яго назвалі «найбольшым дронапортам у сьвеце».
Беспілётнікі «Герань» на аўтамабільных плятформах на комплексе пад Цымбуловай, Арлоўская вобласьць
3. Комплекс запуску «шахедаў» пад Наўляй, Бранская вобласьць
127 км да мяжы Беларусі
240 км да Гомля
Выкарыстоўваецца з восені 2024 году
52.85476° N, 34.50651° E
Паводле аналізу спадарожнікавых здымкаў, апублікаванага ўкраінскімі OSINT-дасьледнікамі ў ліпені 2025 году і пазьней пацьверджанага шэрагам украінскіх вайсковых выданьняў, каля гарадзкога пасёлку Наўля Бранскай вобласьці быў створаны комплекс для падрыхтоўкі і запуску ўдарных бесьпілётнікаў тыпу «Герань». Комплекс створаны з нуля.
На прааналізаваных Свабодай спадарожнікавых здымках бачна, што актыўнае будаўніцтва на гэтай пляцоўцы пачалося летам 2024 году. Спачатку тут пабудавалі стартавую дарогу, якая выкарыстоўваецца для запуску дронаў з аўтамабільных плятформаў, а таксама тры вялікія бункеры-сховішчы, засыпаныя грунтам. На спадарожнікавых здымках гэта ўсё бачна ў правай частцы комплексу.
У 2025 годзе аб'ект пачалі пашыраць. На здымку ад 1 чэрвеня 2026 году, атрыманым Свабодай, можна заўважыць, што тут зьявіліся ня менш за 3 стацыянарныя стартавыя пазыцыі і каля 16 невялікіх абароненых сховішчаў, імаверна, для захоўваньня бесьпілётнікаў. Будаўнічыя працы на аб'екце працягваюцца і цяпер.
Украінскія вайскоўцы наносілі ўдары па комплексе пад Наўляй сёлета ў красавіку, але вылеты ўдарных бесьпілётнікаў «Герань» і выведнага Расейскі дрон-прынада для сыстэмаў СПА адсюль працягваюцца па некалькі разоў на тыдзень. Пра гэта сьведчаць паведамленьні ва ўкраінскіх маніторынгавых каналах. Адны з апошніх пускаў адбыліся 1 і 3 чэрвеня.
4. Вайсковы аэрадром Сешча, Бранская вобласьць
45 км да мяжы зь Беларусьсю
190 км да Магілёва
Выкарыстоўваўся ў 2022–2023 гадах. Сьвяжэйшых зьвестак няма
53.71538° N, 33.34548° E
У 2023 годзе прадстаўнік Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат называў вайсковы аэрадром Сешча ў Бранскай вобласьці адным з асноўных месцаў запуску расейскіх бесьпілётнікаў «Шахед». Гэта пацьвярджала і брытанская вайсковая выведка, якая адзначала, што аэрадром выкарыстоўваюць для запуску ўдарных бесьпілётнікаў у кірунку Кіева. Таксама паведамлялі, што ён адыгрываў важную ролю ў забесьпячэньні расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» спыніў існаваньне ў лютым 2025 году пасьля ўзлому доступу да бота праекту. паведамляла, што ў 2022–2024 гадах Сешча заставалася адным з галоўных транзытных вузлоў расейскай авіяцыі паміж Беларусьсю і Расеяй. Праз аэрадром ня раз перакідвалі авіяцыю, вайсковыя грузы.
У траўні 2023 году аэрадром атакавалі ўкраінскія бесьпілётнікі. Пасьля гэтага Сешча амаль перастала фігураваць у адкрытых паведамленьнях украінскага боку як пункт запуску «Шахедаў». Тым ня менш аэрадром працягвае выкарыстоўвацца як важны транспартны вузел расейскай вайсковай авіяцыі.
На спадарожнікавых здымках ад 4 чэрвеня 2026 году, атрыманых Свабодай, бачна, што на тэрыторыі аэрадрому ідуць будаўнічыя працы. У асобных яго частках узьведзеныя земляныя насыпы для разьмяшчэньня сродкаў супрацьпаветранай абароны. Транспартныя самалёты разьмешчаныя на значнай адлегласьці адзін ад аднаго, частка зь іх прыкрытая аўтамабільнымі шынамі, якія расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць як дадатковую абарону ад бесьпілётнікаў.
5. Комплекс запуску бесьпілётнікаў каля Асавіцы, Бранская вобласьць
163 км да мяжы зь Беларусьсю
235 км да Гомля
Выкарыстоўваецца з восені 2025 году
52.32268° N, 34.50236° E
Паводле аналізу спадарожнікавых здымкаў, атрыманых Свабодай, а таксама ацэнак украінскіх і заходніх OSINT-дасьледнікаў, каля вёскі Асавіца ў Бранскай вобласьці Расея стварыла абсалютна новы комплекс для запуску ўдарных бесьпілётнікаў. Будаўніцтва пачалося летам 2025 году. Выкарыстоўваць яго для запуску дронаў маглі пачаць ужо празь некалькі месяцаў.
На спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet Labs, зробленым 11 студзеня 2026 году, у гэтым месцы бачна ня менш за дзьве стацыянарныя пускавыя ўстаноўкі, а таксама чатыры невялікія ўмацаваныя сховішчы. Паводле ацэнак дасьледнікаў, разьмяшчэньне аб'екту прыкладна за 35 кілямэтраў ад украінскай мяжы дазваляе істотна скараціць час падлёту дронаў да паўночных рэгіёнаў Украіны і пашырае магчымасьці для атак уздоўж расейска-ўкраінскага памежжа.
«Ня нам ваяваць зь беларусамі»
Большасьць апісаных Свабодай аб'ектаў былі пабудаваныя або значна пашыраныя пачынаючы ад лета 2024 году. Частку зь іх працягваюць дабудоўваць і цяпер. Расейскія дроны ўсё часьцей выкарыстоўваюць маршруты ўздоўж беларускай мяжы або заходзяць у беларускую паветраную прастору.
На думку ўкраінскага вайсковага экспэрта Анатоля Храпчынскага, гэта сьведчыць, што Расея рыхтуецца не скарачаць, а, наадварот, пашыраць выкарыстаньне гэтай тактыкі для запуску большай колькасьці бесьпілётнікаў у вайне супраць Украіны. Пры гэтым прадстаўнік Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат у размове з Свабодай заявіў, што Ўкраіна не зацікаўленая ў пашырэньні вайны і ўцягваньні Беларусі ў канфлікт.
«Украінскія дроны атакуюць расейскую тэрыторыю. Мы ня робім ніякіх правакацыяў на тэрыторыі Беларусі, бо нам гэта не патрэбна. Дакладна ня нам ваяваць зь беларусамі. Пра гэта казаў і прэзыдэнт Украіны», — сказаў ён.