Ініцыятыва Maldzis набыла малюнак беларускага мастака Парыскай школы Восіпа Любіча

Восіп Любіч (1896—1990). Фота: Wikimedia

Набыты твор, выкананы ў тэхніцы гуашы на паперы і падпісаны аўтарам, носіць назву «Рабочыя» і датуецца 1920-мі гадамі. Гэта рэдкі прыклад раньняй творчасьці беларуска-францускага мастака, які быў родам з Горадні.

Кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павал Мацукевіч заявіў, што Восіп Любіч стаў часткай эўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёньня застаецца малавядомай у Беларусі:

«Мы хочам гэта зьмяніць праз вяртаньне ў беларускі кантэкст ягонага імя і творчасьці».

Малюнак Любіча «Рабочыя» набыты на сродкі мэцэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю. У будучыні набыты твор плянуюць перадаць у Горадню ў дар.

Твор Восіпа Любіча «Рабочыя»

27 чэрвеня малюнак можна будзе пабачыць у рамках «Art-кавярні Maldzis зь Дзьмітрыем Салодкім» у Варшаве.

Хто такі Восіп Любіч

Восіп Любіч (1896–1990) — мастак беларускага паходжаньня, адзін з прадстаўнікоў Парыскай школы.

Нарадзіўся ў Горадні ў яўрэйскай сям’і. Вучыўся ў Адэсе, дзе атрымаў клясычную мастацкую адукацыю. У 1920-м годзе пераехаў у Бэрлін, працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, опэры, кіно.

З 1923 году жыў у Парыжы, у асяродзьдзі Манпарнаса — цэнтра мастацкага жыцьця таго часу. Тут ён сфармаваўся як мастак Парыскай школы.

Ягоная творчасьць уключае партрэты, пэйзажы, нацюрморты, але найбольш выразна ён выявіў сябе ў сцэнах з тэатральнага і цыркавога жыцьця.

Падчас Другой сусьветнай вайны Любіч быў арыштаваны і трапіў у лягер Дрансі, адкуль здолеў уцячы. Пасьля вайны працягваў жыць і працаваць у Парыжы.

Ягоныя творы знаходзяцца ў музэях і прыватных зборах па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Беларусі — у Нацыянальным мастацкім музэі і карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку».

Лёс і спадчына Любіча моцна яднаюць Беларусь з Францыяй, Нямеччынай ды Ізраілем.

Што такое ініцыятыва Maldzis

  • Maldzis — супольнасьць, якая вяртае беларусам страчаную спадчыну.
  • Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобраза Беларусі як эўрапейскай краіны.
  • Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса (1932—2022), які шукаў і вяртаў з забыцьця страчаныя каштоўнасьці і імёны Беларусі і ініцыятыва Maldzis працягвае гэтую справу.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусы купілі і адлічбавалі ўнікальны архіў касьцёлу на Горадзеншчыне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На месца сьмерці Касьцюшкі ў Швайцарыі прывезьлі валун зь Беларусі. Расказваем, навошта і як гэта адбывалася

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ініцыятыва Maldzis выкупіла 30 літаграфіяў мастака Напалеона Орды