Як стала вядома Свабодзе, апэляцыйную скаргу грамадзянкі Беларусі 13 траўня разглядала судовая калегія. Іна Кардаш удзельнічала ў судовым паседжаньні празь відэасувязь з Кіеўскага сьледчага ізалятару.
Адвакатка і Іна Кардаш абгрунтоўвалі патрэбу скасаваць трыманьне яе пад вартай тым, што выстаўленыя ёй падазрэньні грунтуюцца «толькі на здагадках і не падмацаваныя ніякімі доказамі»
Судовая калегія адзначыла, што сьледчы судзьдзя, які ўхваляў пастанову аб працягу трыманьня Кардаш пад вартай да 14 чэрвеня, абгрунтавана прыйшоў да высновы аб існаваньні рызыкі, што падазраваная зможа схавацца ад сьледзтва, зьнішчыць або прыхаваць істотныя для расьсьледаваньня рэчы і дакумэнты, а таксама незаконна ўплываць на сьведкаў ці экспэртаў.
Пры гэтым апэляцыйны суд спаслаўся на практыку Эўрапейскага суду ў правах чалавека, паводле якога наяўнасьць падставаў для трыманьня асобы пад вартай павінна ацэньвацца з улікам канкрэтных абставінаў крымінальнай справы, а само абмежаваньне свабоды на час дасудовага расьсьледаваньня можа быць апраўданым, паколькі гэтага патрабуюць інтарэсы грамадзтва, а яны, нягледзячы на прэзумпцыю невінаватасьці, маюць перавагу над прынцыпам павагі да асабістай свабоды.
Судовая калегія ў вынясеньні рашэньня грунтавалася на шасьці рашэньнях Эўрапейскага суду ў правах чалавека, вынесеных у справах іншаземных і ўкраінскіх грамадзян супраць Баўгарыі, Францыі, Украіны і Швайцарыі.
У выніку судзьдзі адхілілі апэляцыю Іны Кардаш і яе адвакаткі і прызналі законным працяг яе арышту да 14 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Новае ў справе Іны Кардаш: зноў падоўжылі тэрмін расьсьледаваньня, накіравалі праверку ў СІЗАШто папярэднічала
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнай таямніцай).
На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».
16 красавіка суд дазволіў працягнуць расьсьледаваньне да 20 чэрвеня і прадоўжыў да 14 чэрвеня тэрмін трыманьня Кардаш пад вартай.
20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш, каб забясьпечыць вядзеньне крымінальнай справы.
У пачатку траўня кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка паведаміў, што Менск зьвяртаўся да Кіева наконт абмену Іны Кардаш.
«Такі сыгнал быў, але, акрамя размоваў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапановаў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі зьявяцца практычныя прапановы, мы іх разгледзім», — сказаў Багдан Ахрыменка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».