За апошнія два дні сама меней 10 расейскіх дронаў заляцелі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі

Наступствы расейскага ўдару па Кіеве, 24 траўня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

У ноч на 23 і 24 траўня, калі расейскія войскі ўчынілі найбольшую атаку на горад Кіеў, на Кіеўскую і іншыя вобласьці Ўкраіны, сама меней 10 расейскіх бесьпілётнікаў заляцелі туды з тэрыторыі Беларусі.

Згодна з інфармацыяй украінскіх маніторынгавых каналаў, прынамсі адзін расейскі дрон заляцеў у Оўруцкі раён Жытомірскай вобласьці, таксама па адным кіраваліся на Чарнобыль і Прыпяць, і сама меней 7 — на Чарнобыльскую зону адчужэньня.

У ноч на 23 траўня расейскія войскі запусьцілі супраць Украіны 124 ударныя дроны (102 зь іх украінскія сілы абясшкодзілі), а ў ноч на 24 траўня — 600 бесьпілётнікаў (549 зь іх удалося зьбіць).

Згодна з інфармацыяй кіеўскіх гарадзкіх уладаў, у выніку расейскай атакі 24 траўня загінулі 2 чалавекі, 86 чалавек пацярпелі. 21 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, з траўмамі і раненьнямі рознай ступені знаходзяцца ў лякарнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адна з самых маштабных атак на Кіеў: разбурэньні, ахвяры, удар «Арэшнікам»

Чаму гэта важна

21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму рашучы пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненьне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрону, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расеі. У пратэсьце ішлося пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.

У той жа час Беларусь нічога ня робіць з расейскімі дронамі, якія «ўваходзяць» ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Нават наадварот — раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прадстаўнікі Міністэрства абароны Ўкраіны заяўлялі, што Беларусь дапамагае Расеі накіроўваць яе дроны на ўкраінскія тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар абароны Ўкраіны заявіў аб зьнішчэньні сыстэмы сувязі, якая абслугоўвала расейскія дроны з боку Беларусі

У пачатку траўня пасьля адной з моцных расейскіх атак у чарнобыльскай зоне Чарнігаўскай, Кіеўскай і Жытомірскай вобласьцяў пачаліся маштабныя лясныя пажары. Некаторыя зь іх адбываліся недалёка ад мяжы зь Беларусьсю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне лякалізавалі пажары на памежжы зь Беларусьсю. Найбольш складана было на замінаваных участках