«Нам удалося зьліквідаваць Mesh-сетку, якую выкарыстоўвалі „Шахеды“ на поўначы, што пазытыўна паўплывала на абароназдольнасьць Кіева і цэнтральнай часткі Ўкраіны», — працытавала Міхайлу Фёдарава выданьне «Українська правда».
У той жа час ён не ўдакладніў, як гэта ўдалося зрабіць і якім чынам сыстэма працавала.
Дарадца міністра абароны Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў у камэнтары выданьню адзначыў, што Mesh-сетка працуе так, што ўсе яе ўдзельнікі служаць рэтрансьлятарамі адзін для другога.
«Але гэтую сетку, у якой працуе шмат „Шахедаў“ адначасова, патрэбна злучаць з кіраваньнем, з расейскімі апэратарамі, якія кіруюць працэсам. І такія пункты кіраваньня ёсьць на тэрыторыі Расеі і былі на тэрыторыі Беларусі. Як гэта выглядае? Гэта звычайная вежа мабільнага апэратара ці нейкая іншая, вышынёй 70-80 мэтраў, на якой стаяць магутныя антэны, накіраваныя ў бок Украіны. То бок гэта такія вузлавыя пункты, празь якія інфармацыя ад „Шахедаў“ ідзе ў пункт кіраваньня», — патлумачыў Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 26 сьнежня 2025 году заявіў, што ў Беларусі побач зь мяжой стаіць абсталяваньне, якое дапамагае наводзіць расейскія дроны на Ўкраіну.
Інфармацыю пра гэта высьветлілі ўкраінскія хакеры з аналітычнага кібэрцэнтру Fenix з дапамогай валянтэраў міжнароднай выведнай супольнасьці InformNapalm. Яны змаглі ўзламаць акаўнты дзясяткаў расейскіх вайскоўцаў і атрымаць доступ да сыстэмаў маніторынгу, якія выкарыстоўваюць расейскія апэратары дронаў. Дзякуючы гэтаму арганізавалі бесьперапыннае схаванае назіраньне за акаўнтамі, а зьвесткі апэратыўна перадавалі Ўзброеным сілам Украіны.
Згодна з расьсьледаваньнем, Расея актыўна выкарыстоўвае цывільную інфраструктуру, у прыватнасьці, вежы сотавай сувязі на тэрыторыі Беларусі, для пракладваньня маршрутаў сваіх бесьпілётнікаў. Такім чынам яны забясьпечвалі стабільны сыгнал і спрабавалі дасягнуць цэляў на паўночнай і заходняй межах Украіны. Сям-там яны нават заляталі на тэрыторыю некаторых краін NATO, і гэта было невыпадкова.
Форум