Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўвяла пэрсанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі. Зяленскі расказаў, зь якіх прычын. Ціханоўская падтрымала

абноўлена
Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні на 10 гадоў пэрсанальных санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Як адзначаецца на сайце Ўладзіміра Зяленскага, санкцыі супраць «самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі» ўвялі за садзейнічанне Расеі ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны.

У прыватнасьці за разгортваньне ў другой палове 2025 году сыстэмы рэтрансьлятараў для кіраваньня ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасьці расейскай арміі наносіць удары па Ўкраіне.

«Працягваецца і разбудова інфраструктуры для разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ракет сярэдняй далёкасьці — „Арэшніку“, што ёсьць відавочнаю пагрозаю ня толькі для ўкраінцаў, а і для ўсіх эўрапейцаў. Аляксандар Лукашэнка ня толькі надаў тэрыторыю Беларусі для „Арэшніку“. Летась прадпрыемствы краіны пастаўлялі Расеі крытычныя вузлы, кампанэнты і мэханічную базу для гэтай зброі. Гэта працягваецца і ў 2026-м. Аляксандар Лукашэнка ўжо даволі даўно абменьвае сувэрэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка спрыяў залучэньню беларускіх чыноўнікаў ў гвалтоўныя дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею.

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга ў сваю чаргу заявіў, што ўкраінскі бок верыць «у эўрапейскую будучыню беларускага народу пасьля таго, як ён вызваліцца з-пад прыгнёту Лукашэнкі».

«У будучыні мы будзем гатовыя прыняць дэмакратычную Беларусь у фармаце Люблінскага трыкутніка разам з Польшчай і Літвой. Беларусь належыць да Эўропы, а не да „рускага міру“», — адзначыў украінскі міністар.

Сьвятлана Ціханоўская назвала ўвод Украінай санкцыяў супраць Лукашэнкі «правільным і своечасовым рашэньнем».

«Я дзякую прэзыдэнту Зяленскаму за прынцыповую пазыцыю. Лукашэнка не зьяўляецца легітымным кіраўніком: ён незаконна захапіў уладу і служыць інтарэсам Расеі, а не беларускаму народу. Беларускі народ стаў закладнікам двух дыктатараў», — заявіла Ціханоўская.

Паводле яе, Лукашэнка «дапамагае Расеі ў злачыннай вайне, вырабляе зброю і, безумоўна, павінен панесьці за гэта адказнасьць згодна зь міжнародным правам».

«Гэта таксама выразнае пасланьне тым, хто атачае Лукашэнку: дапамагаючы яму, вы становіцеся саўдзельнікамі злачынстваў. Беспакаранасьць — тое, што ўзмацняе дыктатараў. І сёньня Ўкраіна паказала, што беспакаранасьці быць не павінна. Вайна павінна быць спыненая, а мір і справядлівасьць — адноўленыя», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Якія санкцыі ўвяла Ўкраіна

Супраць Лукашэнкі ўвялі 17 абмежаваньняў:

  • пазбаўленьне дзяржаўных узнагародаў Украіны і іншых формаў адзначэньня;
  • блякаваньне актываў, у тым ліку такіх, якімі Лукашэнка можа распараджацца проста ці ўскосна празь іншых фізычных і юрыдычных асобаў;
  • поўнае спыненьне гандлёвых апэрацыяў;
  • абмежаваньне, частковае або поўнае спыненьне транзыту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Ўкраіны;
  • перадухіленьне вываду капіталаў за межы Ўкраіны;
  • спыненьне выкананьня эканамічных і фінансавых абавязкаў;
  • спыненьне або прыпыненьне дзеяньня ліцэнзіяў і іншых дазволаў, якія служаць падставай для ажыцьцяўленьня пэўных відаў дзейнасьці, у тым ліку дазволаў на выкарыстаньне нетраў;
  • забарона на ўдзел у прыватызацыі, арэндзе дзяржаўнай маёмасьці рэзыдэнтамі замежнай дзяржавы і асобамі, якіх кантралюе Лукашэнка;
  • забарона на ўдзел у дзяржаўных конкурсах на пастаўкі прадукцыі, у тым ліку вайсковай;
  • забарона заходу замежных невайсковых і вайсковых караблёў у тэрытарыяльныя воды Ўкраіны, яе ўнутраныя воды, парты і самалётаў у паветраную прастору Ўкраіны;
  • поўная забарона на апэрацыі з каштоўнымі паперамі, эмісія якіх зьвязаная з Лукашэнкам;
  • забарона на рост памеру статутнага капіталу кампаніяў, у якіх падсанкцыйная асоба мае 10 і больш адсоткаў акцыяў;
  • спыненьне дзеяньня гандлёвых угодаў, супольных праектаў і прамысловых праграмаў, у тым ліку ў галіне бясьпекі і абароны;
  • забарона на перадачу тэхналёгіяў і правоў на аб’екты права інтэлектуальнай уласнасьці;
  • спыненьне культурных абменаў, навуковай супрацы, адукацыйных і спартовых кантактаў;
  • адмова ў наданьні і скасаваньне візаў, а таксама іншыя забароны на ўезд ва Ўкраіну;
  • забарона на куплю ва ўласнасьць зямельных участкаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG