Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне лякалізавалі пажары на памежжы зь Беларусьсю. Найбольш складана было на замінаваных участках

Лясны пажар у Жытомірскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Лясны пажар у Жытомірскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў Украіны (ДСНС) заявілі, што ў пэўны момант агульная плошча пажараў, якія ахапілі Ровенскую, Жытомірскую, Чарнігаўскую, Кіеўскую вобласьці недалёка ад Беларусі, а таксама Закарпацьце, перавышала 3 тысячы гектараў.

«На сёньня сілам ДСНС сытуацыю ўдалося стабілізаваць. Пажары на Закарпацьці і Ровеншчыне ліквідавалі. На Жытоміршчыне, Кіеўшчыне і Чарнігаўшчыне агонь лякалізавалі», — адзначылі ў службе.

Паводле ратаўнікоў, найбольш складана было змагацца з агнём на патэнцыйна замінаваных участках. Апроч таго, тэмпэратура была настолькі высокай, што шматтонныя машыны загараліся як запалкі.

«У гэтым супрацьстаяньні мы страцілі 2 пажарныя аўтамабілі. Аднак дзякуючы вытрымцы і прафэсіяналізму ратаўнікоў удалося ўнікнуць загараньня 5 спэцыяльных машын», — паведамілі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў Украіны.

Чаму гэта важна

Лясныя пажары ў памежнай зь Беларусьсю Чарнобыльскай зоне пачаліся 8 траўня ад выбуху расейскіх дронаў. Плошчы, ахопленыя агнём, хутка расьлі ад моцнага ветру.

Асяродкі ўкраінскіх пажараў былі за пяць кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

Беларускі бок сьцьвярджаў, што лясныя пажары адбываюцца за 30 мэтраў ад мяжы.

Раней украінскі бок паведамляў аб мінаваньні ўсяго пэрымэтру памежнай зь Беларусьсю тэрыторыі з прычыны падтрымкі яе ўладамі расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Расейскія войскі ўвайшлі ў зону адчужэньня ва Ўкраіне з боку Беларусі. Адсюль плянавалі наступ на Кіеў.

Пасьля падтрыманьня ўладамі Беларусі агрэсіі Расеі Ўкраіна спыніла ўсе кантакты зь беларускім бокам. Раней у выпадку сумежных лясных пажараў беларускія і ўкраінскія адмыслоўцы каардынавалі дзейнасьць. Двухбаковыя пагадненьні прадугледжвалі магчымасьць узаемнай дапамогі ў тушэньні пажараў.

Пры гарэньні зь ляснога подсьцілу і глебы вызваляюцца радыяактыўныя рэчывы, назапашаныя з 1986 году пасьля катастрофы. Усякае маштабнае загараньне аўтаматычна падвышае рызыку распаўсюджваньня радыяактыўнага пылу.

Вецер як галоўны фактар распаўсюджваньня агню адначасова можа разносіць забруджанае паветра на суседнія рэгіёны, у тым ліку ў Беларусь.

Чарнобыльская зона адчужэньня ва Ўкраіне ахоплівае каля 2600 квадратных кілямэтраў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG