Інфармацыйнае агенцтва AFP, спасылаючыся на крыніцу ў атачэньні Эманюэля Макрона, раскрыла зьмест сёньняшняй тэлефоннай размовы паміж Парыжам і Менскам.
Галоўнае з заявы Парыжу:
- Макрон перасьцярог Лукашэнку ад якіх-хаця спробаў уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны на баку РФ.
- Прэзыдэнт Францыі падкрэсьліў рызыкі для Беларусі, якія ўзьнікнуць у выпадку яе далейшага ўцягваньня ў вайну Расеі супраць Украіны.
- Макрон заклікаў Лукашэнку зрабіць рэальныя крокі для паляпшэньня адносін паміж Беларусьсю і Эўропай.
Размова адбылася на тле нядаўніх сумесных ядзерных вучэньняў РФ і Беларусі, заяваў пра разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі ракетных комплексаў «Арэшнік» і сёньняшняга масаванага ракетнага ўдару Расеі па Кіеве.
Перад званком у Менск Макрон таксама правёў размову з Уладзімірам Зяленскім. Раней у траўні Ўладзімір Зяленскі загадаў узмацніць мяжу зь Беларусьсю на поўначы, заявіўшы, што Масква рыхтуе адтуль новы наступ.
Афіцыйны Менск раней падаў гэты званок як «абмеркаваньне рэгіянальных праблемаў», аднак францускія інсайды паказваюць на вельмі сур’ёзны і напружаны характар размовы.
Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што галоўная мэта кантакту — «перадаць Лукашэнку выразны сыгнал» пра недапушчальнасьць далейшага ўцягваньня Беларусі ў вайну, удзелу ў ядзерным шантажы і стварэньня пагрозаў у рэгіёне.
Дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі паведаміў, што напярэдадні быў у кантакце з Элізэйскім палацам: «Мы ўдзячныя францускім партнэрам за тое, што яны ня робяць нешта за нашай сьпінай».
На думку палітоляга Аляксандра Фрыдмана, цяперашняя тэрміновая актыўнасьць Парыжу можа азначаць, што нядаўнія заявы Кіева пра вайсковую пагрозу з боку Беларусі (у тым ліку пры чутках пра разьмяшчэньне расейскіх ракет «Арэшнік») варта ўспрымаць сур’ёзна.