У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што баявыя разьлікі аднаго зь беларускіх ракетных падразьдзелаў на ядзерных вучэньнях падрыхтаваліся да атрыманьня спэцыяльных боепрыпасаў для апэратыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр-М» і заладаваньня імі ракет-носьбітаў.
«Потым, пасьля загрузкі ракет-носьбітаў на пускавыя ўстаноўкі і транспартна-ладавальныя машыны пакрыёма рушылі ў новы раён. Па яго заняцьці ракетны падразьдзел ажыцьцявіў імітацыю ракетных пускаў па вызначаных цэлях», — сказана ў паведамленьні.
У гэтую частку вучэньняў залучылі авіяцыю, якая зьдзейсьніла ўзьлёт і заняла прызначаныя зоны дзяжурства ў паветры. Пасьля атрыманьня адпаведнай каманды авіяцыя імітавала бамбаваньне адмысловымі боепрыпасамі па ўмоўным праціўніку і вярнулася на аэрадром базаваньня.
Раніцай 21 траўня Міністэрства абароны Беларусі апублікавала відэазапіс трэнаваньня ў дастаўцы ядзерных боепрыпасаў у палявыя пункты заховаўньня пазыцыйнага раёну ракетнай вайсковай часткі.
У Міністэрстве абароны Расеі таксама заявілі, што забясьпечылі дастаўку ядзерных боепрыпасаў у Беларусь, і праілюстравалі гэта тым самым відэазапісам, што і Міністэрства абароны Беларусі.
19 траўня ўкраінскія маніторынгавыя каналы зафіксавалі перадысьлякацыю ў Беларусь двух расейскіх зьнішчальнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь і Расея пачалі вучэньні па выкарыстаньні ядзернай зброі. МЗС Украіны назвала іх выклікам міжнароднай бясьпецыШто папярэднічала
18 траўня ў Беларусі паведамілі аб пачатку ядзерных вучэньняў, супольных з Расеяй. У Расеі заявілі аб пачатку сваіх трэнаваньняў 19 траўня.
21 траўня — апошні дзень гэтых вучэньняў.
Бакі, адрозна ад іншых вайсковых манэўраў, не абнародавалі іх легенду. Па якіх цэлях імітавалі запуск ракет беларускія падразьдзелы, таксама невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Урад Польшчы назваў расейска-беларускія ядзерныя вучэньні «складнікам псыхалягічнай вайны»Чаму гэта важна
Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.
Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».
У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.
У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.
У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.