Намесьнік кіраўніка Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Якуб Стэфаняк у час канфэрэнцыі Lublin Forum 2026 назваў такія манэўры каля межаў Эўропы элемэнтам псыхалягічнага ціску і гібрыднай вайны. Ён падкрэсьліў, што гэта ўжо ня першая спроба, перадае Белсат.
«Гэта відавочная рэч, што адказныя дзяржавы, якія ўтвараюць Паўночнаатлянтычны альянс, мусяць маніторыць такія дзеяньні, і гэта адбываецца. Аднак давайце таксама памятаць, што гібрыдная вайна — гэта таксама вайна нэрваў. Гэта свайго роду дэманстрацыя», — зазначыў Стэфаняк.
Палітык патлумачыў, што такія вайсковыя манэўры ёсьць складнікам гібрыднай вайны і маюць галоўную мэту — расхістаць нэрвы суседзям і прадэманстраваць уласную сілу.
Якуб Стэфаняк дадаў, што Эўропа ўжо сутыкалася з гэткай тактыкай застрашваньня.
«Гэта такі стрымальны, дэманстрацыйны элемэнт, які можа быць таксама зьвязаны і з такога тыпу вучэньнямі, якія, зрэшты, ня першы раз адбываюцца вельмі блізка ад мяжы Шэнгенскай зоны ці вельмі блізка ад Эўропы. Я памятаю, як больш за дзесяць гадоў таму расейцы паставілі ў Калінінградзкай вобласьці „Іскандэры“. Тады гэта таксама было элемэнтам такой псыхалягічнай вайны. Таму адзінае, што я магу сказаць, — гэта тое, што мы не дамо сябе запалохаць», — адзначыў палітык.
У Міністэрстве абароны Беларусі назвалі сваю частку супольных з Расеяй ядзерных вучэньняў «плянавай». Хоць раней такія вучэньні адбываліся ўвосень.
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) ў сваім аналізе адзначылі, што Расея вырашыла прадэманстраваць сваю ядзерную моц, каб адцягнуць увагу ад усё менш пасьпяховых дзеяньняў свайго войска на полі бою ва Ўкраіне.
Апошні раз расейскія войскі нечаргова праводзілі ядзерныя вучэньні летам 2024 году і канцэнтраваліся на падрыхтоўцы і выкарыстаньні нестратэгічнай (тактычнай) ядзернай зброі.
Што папярэднічала
18 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку трэнаваньня вайсковых частак у баявым выкарыстаньні ядзернай зброі і ядзернага забесьпячэньня. Манэўрамі кіруе начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка.
Манэўры назвалі плянавымі і падкрэсьлілі, што яны не накіраваныя супраць трэціх краін. Аднак колькасьць сіл, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях, не ўдакладнілі.
Ва Ўкраіне назвалі гэтыя вучэньні беспрэцэдэнтным выклікам архітэктуры глябальнай бясьпекі. У Міністэрстве замежных справаў Украіны заявілі, што супольныя ўдарныя вучэньні Беларусі і Расеі наўпрост парушаюць фундамэнтальныя артыкулы 1 і 2 Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі (ДНЯЗ), якія строга забараняюць дзяржавам, якія валодаюць ядзернай зброяй, перадаваць кантроль над тэхналёгіямі масавага зьнішчэньня, а няядзерным падпісантам — прымаць іх.
«Ператвараючы Беларусь у свой ядзерны пляцдарм на межах NATO, Крэмль фактычна легітымізуе распаўсюджваньне ядзернай зброі па ўсім сьвеце і стварае небясьпечны прэцэдэнт для іншых аўтарытарных рэжымаў. Такія дзеяньні павінны быць адназначна і рашуча асуджаныя ўсімі дзяржавамі, якія паважаюць рэжым нераспаўсюджваньня ядзернай зброі», — адзначылі ў МЗС.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.
Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».
У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.
У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.
У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.
Форум