Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі паведамілі дэталі супольных зь Беларусьсю ядзерных вучэньняў. Яны будуць праходзіць да 21 траўня

Здольная несьці ядзерную зброю расейская гіпэргукавая ракетная сыстэма «Арэшнік», нібыта разгорнутая ў сьнежні 2025 году ў Беларусі.
Здольная несьці ядзерную зброю расейская гіпэргукавая ракетная сыстэма «Арэшнік», нібыта разгорнутая ў сьнежні 2025 году ў Беларусі.

У міністэрстве абароны Расеі паведамілі аб пачатку супольных зь Беларусьсю вучэньнях у падрыхтоўцы і выкарыстаньні ядзернай зброі ва ўмовах пагрозы агрэсіі. Яны будуць праходзіць 19–21 траўня.

Як адзначаецца ў паведамленьні, у вучэньні залучаць расейскія ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня, Паўночны і Ціхаакіянскі флёты, камандаваньне далёкай авіяцыі, частку сіл Ленінградзкай і Цэнтральнай вайсковых акругаў.

«Падчас вучэньняў будуць адпрацоўвацца пытаньні супольнай падрыхтоўкі і ўжываньня ядзернай зброі, разьмешчанай на тэрыторыі Беларусі», — паведамілі ў расейскім ведамстве.

У той жа час у міністэрстве абароны Расеі не ўдакладнілі сцэнара або легенды вучэньняў, як гэта звычайна робяць пры іншых манэўрах. Адзначаецца, што, апроч захадаў прывядзеньня ў гатоўнасьць да выкананьня задач шэрагу вайсковых частак і сілаў, правядуць пускі балістычных і крылатых ракет па палігонах на тэрыторыі Расеі.

У вучэньнях возьмуць удзел больш за 64 тысячы вайскоўцаў, больш за 7800 адзінак узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, у тым ліку больш за 200 ракетных пускавых установак, больш за 140 бесьпілётнікаў, 73 надводныя караблі і 13 падводных чаўноў, 8 зь якіх — стратэгічнага прызначэньня.

Што папярэднічала

18 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку трэнаваньня вайсковых частак у баявым выкарыстаньні ядзернай зброі і ядзернага забесьпячэньня. Манэўрамі кіруе начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка.

Манэўры назвалі плянавымі і падкрэсьлілі, што яны не накіраваныя супраць трэціх краін. Аднак колькасьць сіл, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях, не ўдакладнілі.

Ва Ўкраіне назвалі гэтыя вучэньні беспрэцэдэнтным выклікам архітэктуры глябальнай бясьпекі. У Міністэрстве замежных справаў Украіны заявілі, што супольныя ўдарныя вучэньні Беларусі і Расеі непасрэдна парушаюць фундамэнтальныя артыкулы 1 і 2 Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі (ДНЯЗ), якія строга забараняюць дзяржавам, якія валодаюць ядзернай зброяй, перадаваць кантроль над тэхналёгіямі масавага зьнішчэньня, а няядзерным падпісантам — прымаць іх.

«Ператвараючы Беларусь у свой ядзерны пляцдарм на межах NATO, Крэмль фактычна легітымізуе распаўсюджваньне ядзернай зброі па ўсім сьвеце і стварае небясьпечны прэцэдэнт для іншых аўтарытарных рэжымаў. Такія дзеяньні павінны быць адназначна і рашуча асуджаныя ўсімі дзяржавамі, якія паважаюць рэжым нераспаўсюджваньня ядзернай зброі», — адзначылі ў МЗС.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.

Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».

У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.

У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.

У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.



Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG