Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея пачалі вучэньні па выкарыстаньні ядзернай зброі. МЗС Украіны назвала іх выклікам міжнароднай бясьпецы

абноўлена
Расейскі ракетны комлекс «Арэшнік», нібыта разьмешчаны ў Беларусі. Скрыншот зь відэа Міністэрства абароны Беларусі, архіў
Расейскі ракетны комлекс «Арэшнік», нібыта разьмешчаны ў Беларусі. Скрыншот зь відэа Міністэрства абароны Беларусі, архіў

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку трэнаваньня вайсковых частак у баявым выкарыстаньні ядзернай зброі і ядзернага забесьпячэньня.

Як адзначаецца ў паведамленьні, манэўры праводзяцца пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першага намесьніка міністра абароны Беларусі Паўла Муравейкі.

«Мэта трэнаваньня — удасканаленьне ўзроўню падрыхтоўкі асабовага складу, праверка гатоўнасьці ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі да выкананьня задач і арганізацыя баявога ўжываньня зь няплянавых раёнаў», — паведамілі ў Мінабароны.

Трэнаваньні з удзелам ракетных войскаў і авіяцыі будуць адбывацца пры ўзаемадзеяньні з Расеяй. Будуць таксама адпрацоўваць «пытаньні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да выкарыстаньня».

Манэўры назвалі плянавымі і падкрэсьлілі, што яны не накіраваныя супраць трэціх краін.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.

Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».

У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.

У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.

У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.

МЗС Украіны: Гэта выклік міжнароднай бясьпецы

Разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі і сумесныя ядзерныя вучэньні дзьвюх дыктатур зьяўляюцца беспрэцэдэнтным выклікам архітэктуры глябальнай бясьпекі, заявілі з нагоды гэтых вучэньняў у МЗС Украіны.

Паводле МЗС Украіны, сумесныя ўдарныя вучэньні Беларусі і Расеі непасрэдна парушаюць фундамэнтальныя артыкулы 1 і 2 Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі (ДНЯЗ), якія строга забараняюць дзяржавам, якія валодаюць ядзернай зброяй, перадаваць кантроль над тэхналёгіямі масавага зьнішчэньня, а няядзерным падпісантам — прымаць іх.

«Ператвараючы Беларусь у свой ядзерны пляцдарм на межах NATO, Крэмль фактычна легітымізуе распаўсюджваньне ядзернай зброі па ўсім сьвеце і стварае небясьпечны прэцэдэнт для іншых аўтарытарных рэжымаў. Такія дзеяньні павінны быць адназначна і рашуча асуджаныя ўсімі дзяржавамі, якія паважаюць рэжым нераспаўсюджваньня ядзернай зброі».

Паводле МЗС Украіны, мілітарызацыя Беларусі ня толькі падрывае давер да міжнароднага права, але і ў канчатковым выніку ператварае Менск у саўдзельніка расейскага ядзернага шантажу:

«Нахабства Масквы і Менска, якія сьвядома перайшлі ўсе „чырвоныя лініі“ ДНЯЗ, ня можа застацца бяз жорсткага кансалідаванага адказу і сыстэматычнага стрымліваньня абодвух рэжымаў з боку эўраатлянтычнай супольнасьці і ўсяго сьвету. Эфэктыўным адказам на расейска-беларускае бразганьне зброяй каля межаў NATO павінна быць рэзкае ўзмацненьне санкцыйнага ціску на Маскву і Менск, значнае павелічэньне падтрымкі Ўкраіны, што непасрэдна стрымлівае далейшую экспансію абодвух рэжымаў у Эўропу, павелічэньне прысутнасьці саюзьнікаў на ўсходнім флянгу NATO і паглыбленьне супрацоўніцтва з Украінай у галіне бясьпекі».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG